Храм Рождества Пресвятой Богородицы в Великой Кракотке называют белорусским Афоном

Беларускі Афон

Па прыступках можна падняцца не проста да дзвярэй прыгожага праваслаўнага храма, а і яшчэ вышэй: над мітуснёй паўсядзённасці, пустымі клопатамі, лянотай і слабасцю

Вялікая Кракотка — адна з прыгажэйшых вёсак Слонімшчыны. Упершыню ў летапісах згадваецца ў XVI стагоддзі як баярскае сяло Слонімскага староства ВКЛ. Сапраўдная жамчужына дзівоснага куточка — праваслаўны храм, на купальным крыжы якога захаваўся надпіс «11 красавіка 1882 года» (дата закладкі святыні). Гісторыя прыхода, як і вёскі, няпростая. Адметна, што многія паломнікі слушна называюць яго беларускім Афонам. Сёння сюды прыязджаюць з розных рэгіёнаў Беларусі, а ў сэрцах мясцовых жыхароў царква Раства Прасвятой Багародзіцы займае асаблівае месца. 

Ігумен Міхей з прыхаджанамі.

Невядома, як склаўся б лёс храма і прыхода, калі б у чэрвені 2009 года тут не заснавалі Свята-Засіма-Саваціеўскі мужчынскі манастыр Навагрудскай епархіі. Як толькі пасялілася брація, прыхадское жыццё завіравала, аб'яднаўшы ў адзіную сям'ю карэнных жыхароў, труднікаў, паломнікаў. Яны пачалі хінуцца да гэтага месца. Царква на працягу дзесяцігоддзяў змянялася знешне, напаўнялася малітвамі людзей. 

Намеснік манастыра — ігумен Міхей. Сваімі пранікнёнымі пропаведзямі настаўляе брацію, сваіх духоўных дзяцей і ўсіх тых, хто прыязджае ў Вялікую Кракотку. У вёсцы ёсць адрамантаваныя і спецыяльна пабудаваныя ўтульныя домікі для тых, у каго ёсць патрэба затрымацца тут на некаторы час. Прыемна, што гасцінная Вялікая Кракотка прыгажэе з кожным днём, становіцца роднай, незабыўнай і для сталых людзей, і для моладзі. 

Вось адзін з мноства водгукаў, які прачытала на сайце манастыра: 

«Шмат чулі пра гэты манастыр і вырашылі паехаць. Казачнай крэпасцю паўстаў яго храм перад намі. Макаўка з праваслаўным крыжам, здаецца, плыве над зялёнымі палямі і хаткамі вёсак, благаслаўляючы жыцці людзей. Па прыступках узыходзім у храм. Ён стаіць на высокім пагорку, каб часцей Гасподзь заўважаў... І вось гэты ўздым таксама таямнічым чынам настройвае на малітоўны дыялог з Усявышнім. Так, напэўна, старажытныя паломнікі ўзыходзілі ў Іерусалім. Ды і рэчка тут Іарданка. Абліччы абразоў, агеньчыкі свечак і лампад... Чамусьці ў гэтым невялікім храме выразна гучаць словы малітваў, а прашэнні зыхо­дзяць з сэрца. Спевы браціі толькі падкрэсліваюць глыбіню набажэнства, і ў душы адклікаецца: «Трэба мудрэй і чысцей жыць...» 

Царква пабудавана на высокім узгорку з бутавага каменю, што і надае ёй асаблівую прывабнасць, прыгажосць. Першапачаткова асвечана ў памяць Антонія Вялікага, (пра гэта нагадвае абраз, размешчаны ў іканастасе), а на пачатку мінулага стагоддзя  — у гонар двунадзясятага свята Ра­ства Прасвятой Багародзіцы.

Сярэдзіна ХХ стагоддзя была складанай для вернікаў: святыні пераўтваралі ў падсобныя памяшканні для патрэб народнай гаспадаркі. У 1961 годзе храм у Вялікай Кракотцы зняты з рэгістрацыі: лічылася, што не падлягаў аднаўленню. Да канца 1980-х ад некалі найпрыгажэйшай царквы засталіся амаль што зусім разбураныя сцены. Аднак гэта не парушыла веру вяскоўцаў, якую яны перадавалі з пакалення ў пакаленне, шчыра маліліся ў сваіх сэрцах, чакаючы таго часу, калі зноў над роднымі сельскімі вулачкамі загучаць званы. З Божай дапамогай ра­зам з протаіерэем Александрам Бароўскім пачалі аднаўляць царкву з руін. Першае богаслужэнне пасля працяглага перапынку адбылося ў лістападзе 1991 года. 

— У канцы ХХ стагоддзя паўсюдна адкрываліся храмы, і на Слонімшчыне таксама імкліва ўзнаўлялася царкоўнае жыццё. Праз некаторы час у Вялікай Кракотцы заснаваны скіт Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. У склад прыхода на той час уваходзіла ўжо чатыры царквы, таму службы маглі адпраўляцца ў кожным з храмаў толькі раз у месяц. Тады епіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый благаславіў іераманахаў са Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра служыць літургіі ў Вялікай Кракотцы кожную нядзелю, каб забяспечыць у першую чаргу для браціі скіта сутачнае кола бага­служэння напярэдадні кожнай нядзелі, — расказвае Раіса Клёсава, прыхаджанка, экскурсавод і арганізатар шматлікіх добрых спраў прыхода.

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы.
У чэрвені 2005-га царква Раства Прасвятой Багародзіцы была зачынена на два гады рэстаўрацыйных работ. У будынку манастыра абсталявалі дамавы храм, які асвяціў гонар прападобных цудатворцаў Засімы і Савація. Гэта адны з найбольш вядомых і ўшанаваных святых у Рускай праваслаўнай царкве. Да іх малітоўнай дапамогі звяртаюцца ва ўсякіх хваробах, клопатах, патрэбах. Для храма напісана ікона святых, у якую ўмацаваны капсулы з часцінкамі мошчаў Засімы, Савація і Германа Салавецкіх. 

Першае богаслужэнне ў адноўленым храме адбылося ў 2007 годзе ў прастольнае свята — 21 верасня. У 2010-м брація Дахіярскай святыні на Афоне спецыяльна для галоўнай царквы манастыра ў Вялікай Кракотцы напісала спіс цуда­творнай іконы Божай Маці «Скорапаслушніца».

Манастыр надае духоўнай сілы веруючым, служыць прыкладам шчырай малітвы і служэння Усявышняму. І якія б выпрабаванні ні прыпадалі на лёс Вялікай Кракоткі, дарога да святыні не зарасла. Няхай далёка не ўсе тыя, хто жыве ў навакольных вёсках, прыходзяць на штодзённыя набажэнствы, прымаюць удзел у рэстаўрацыйных працах і добраўпарадкаванні, але ж кожны ведае, што дзверы храма адчынены, як і раней. 

Прыходзяць, прыязджаюць на службы і шматлікія паломнікі, каб атрымаць малітоўную падтрымку. Можна ўпэўнена назваць гэтых вернікаў часткай сельскага прыхода. Мясцовыя жыхары цэняць тое, што можна жыць і працаваць пры манастыры. Яны наведваюць царкву, якая зараз мае такі ўзнёслы выгляд. 

— Прыводзілі царкву і тэрыторыю навокал ў парадак усе разам, прыносілі іконы, працавалі і маліліся аб міры ў роднай старонцы. Раней у Кракотцы быў адзін бацюшка на дзве царквы, бо не хапала святароў. Час змяняецца. Хочацца, каб не згасала вера людская і не спынялася праца фізічная, духоўная, — падкрэслівае прыхаджанка Марыя Лазарава. 

Па словах старшыні Азярніцкага сельсавета Ганны Пяцько, у раёне шмат храмаў: і каталіцкіх, і праваслаўных. Нягледзячы на спецыфіку ладу манастырскага жыцця, намеснік ігумен Міхей і брація максімальна ўважлівыя і да мясцовых жыхароў, і да паломнікаў, завітаўшых у гасцінную Вялікую Кракотку.

— Робіцца шмат добрых спраў, у тым ліку сумесных. Дабрачыннасць, пра якую не расказваюць у СМІ і на тэлебачанні, дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетным і трапіўшым у складаныя сітуацыі, навядзенне парадку на мясцовых могілках — усё рэалізуецца з падтрымкай браціі і тых, хто знайшоў сваё месца ў вёсачцы, якая з заснавання манастыра стала больш ажыўленай, чым іншыя. Цяпер ёсць гаспадары нават у хат, што маглі трапіць пад знос, — дапаўняе Ганна Пяцько. — У Вялікай Кракотцы разам з дамавым тры храмы. 

І вядзецца няспынная малітва за Бацькаўшчыну, збіраюцца людзі, якіх аб'ядноўвае вера. Наша Слонімшчына цудоўная! Радасна жыць і працаваць у такім месцы, мець магчымасць пазнаёміцца з тымі, хто штодзённа шчыруе на славу Божую, браць з іх прыклад. 

Сёння вёска — гэта адміністрацыйна адзіная Кракотка: Вялікая і Малая зліліся ў адну. У асноўным яе карэнныя жыхары — людзі сталага ўзросту, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Маладыя жыхары шчыруюць на палях і фермах мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. У вёсцы ёсць магазін. Практычна няма перашкод для таго, каб трапіць у Кракотку: недалёка чыгуначная станцыя Азярніца, брація манастыра і сустрэне, і падвязе да цягніка. Неабходна толькі звязацца загадзя з намеснікам манастыра, атрымаць блага­славенне на прыезд, пражыванне і пасільную дапамогу браціі. Па аўторках і суботах нала­джана аўтобусная сувязь з раённым цэнтрам. У суседняй вёсцы ёсць фельчарска-акушэрскі пункт і штомесячна прыязджае перасоўны ФАП ад цэнтральнай Слонімскай бальніцы для прафілактычных аглядаў вяскоўцаў.

Свята-Засіма-Саваціеўскі манастыр славіцца адметнай пасекай. Тут можна ў ахвоту паласавацца чыстым і смачным мёдам і набыць яго для сябе. Руплівыя пчолы збіраюць яго з векавых ліп каля святыні, лясных траў і кветак, засаджаных баркуном і грэчкаю палёў. На ўзгорку ля храма падрастае цудоўны вінаграднік…

Ёсць месцы, дзе выключна асабліва…

Там думкi ў неба чыстае iмкнуць,

Жыццё там льецца — не бяжыць рупліва,

Я гэта мела шчасцейка адчуць.

То вёска невялічкая, здаецца,

Зусім няшмат мясцовых жыхароў,

Ды там спакой маё знаходзіць сэрца,

Падтрымку, дапамогу і сяброў.

Тут нават сонца грэе па-другому,

Тут сустракаю згоду, дабрыню,

Сюды прыеду быццам бы дадому,

Як бедны спадарожнік да агню.

Тут сілы набяруся на дарогу,

І ў храме, не саромеючыся слёз,

Я як умею памалюся Богу,

Падзякую Усявышняму за лёс.

Усё наўкол тут дыхае салодка…

І столькі шчасця ў светлай цішыні!

Цудоўная Вялікая Кракотка,

Прытулак дай душы, не прагані…

Гэтыя радкі былі напісаны мной — маладой маці, крыху стомленай і разгубленай, у тыя хвіліны, калі асабліва моцна адчувала прагу светлай цішыні, жаданне збегчы з горада, каб наталіцца свежым паветрам, напоўніцца жыватворнай сілай і душэўным спакоем. Было гэта шмат гадоў таму, але нібы ўчора. 

Шчыра раю наведаць той куток, дзе па прыступках можна падняцца не проста да дзвярэй прыгожага праваслаўнага храма, а і яшчэ вышэй: над мітуснёй паўсядзённасці, пустымі клопатамі, танным самалюбаваннем, лянотай і слабасцю. Падняцца бліжэй да Бога, каб спусціцца назад абноўленым сілай споведзі і святога пры­часця.

У ТЭМУ

Асабліва ў Кракотцы ўшаноўваецца свята Раства Іаана Прадцечы (7 ліпеня). У сасновым бары на правым беразе некалі малой ракі (зараз ручая) Іарданкі знаходзіцца крынічка, асвечаная ў гонар прарока. Маляўнічае месца! Уласцівасці гаючай вады вядомы здаўна. Веруючыя лічаць, што дапамагае пры захворваннях вачэй тым, хто малітоўна яе ўжывае. Паток людзей за святой вадой не спыняецца. Тэрыторыя крынічкі добраўпарадкавана, абсталявана месца для адпачынку.

Паломнікі каля святой крынічкі.

rovdo@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter