Лепельские мастерицы ткут уникальные «одиала накладные»

Багацце ўзораў

Так на Лепельшчыне называюць посцілкі, вытканыя ў тэхніцы аднабаковага перабору. Існуюць два варыянты паходжання назвы. Па адной версіі, посцілкі называюць «адзіяламі накладанымі» таму, што яны кладуцца на нешта. А па другой — таму што рознакаляровы ўзор накладваецца на аснову — ільняное палатно чорнага колеру.


«Адзіялы накладаныя» на Лепельшчыне ткалі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Сыравінай для іх вырабу служылі льняныя і шарсцяныя ніткі хатняга пра­дзення, а таксама пакупныя ба­ваўняныя і змяшаныя валокны разнастайных колераў. З развіццём прамысловасці неабходнасць вырабу посцілак знікла. Але супрацоўнікі Лепельскага Цэнтра рамёстваў далі промыслу другое жыццё — правялі вялікую экспедыцыйную работу, выявілі рэшткі тканых вырабаў мінулага стагоддзя і ўзнавілі ўнікальную тэхналогію.

Сёння ў Лепельскім Цэнтры рамёстваў ёсць дзевяць ткацкіх станкоў, на якіх майстрыхі адраджаюць традыцыйныя рамёствы, рэканструююць аўтэнтычныя калекцыі, тэхналогіі, праводзяць майстар-класы і перадаюць вопыт вучням. Галоўны носьбіт традыцыі — народны майстар, патомная ткачыха Святлана Залатуха, якая пераняла гэту тэхніку ткацтва ў сваёй цёткі Кацярыны Смажэўскай. Як удакладняюць у Лепельскім Цэнтры рамёстваў, Святлана валодае не толькі гэтым відам ткацтва, але і іншымі: браным, чатырохнітовым, ажурным, падвойным.


Нядаўна тэхналогію ткацтва посці­лак у тэхніцы аднабаковага перабору прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю краіны. Такое рашэнне было прынята ў пачатку жніўня Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.

mila@sb.by

Фота Лепельскага Цэнтра рамёстваў.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter