Факсімільнае выданне першага славянскага буквара рыхтуюць у нашай краіне

Аз, букі, ведзі

Пяцісотгоддзе беларускага кнігадрукавання змяняецца іншай знакавай падзеяй — 400-годдзем першай кнігі пад назвай “Буквар”. Доўгі час датай нараджэння беларускай азбукі лічыўся 1631 год, калі ў Оршы ўбачыла свет кніга Спірыдона Собаля. Аднак не так даўно спецыялісты выявілі, што быў яшчэ адзін Буквар — старэйшы за добра ўсім вядомы на 13 гадоў. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі распавядае:

Фота middletemple.org.uk
— Выданне пабачыла свет у 1618 годзе ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі. Да нашага часу дайшло ўсяго два экзэмпляры Буквара. Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі ў Капенгагене. А другі, поўны экзэмпляр, захаваўся ў Бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая знаходзіцца ў Лондане.

На жаль, у нас не захавалася ніводнага асобніка Буквара — усе вучэбныя выданні проста “зачытваліся да дзірак”. Аднак лонданскаму экзэмпляру пашанцавала. Намеснік кіраўніка місіі пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі Іан Фокс расказаў, што кніга належала англійскаму юрысту і бібліяфілу Роберту Эшлі, які жыў у XVI—XVII стагоддзях. Вядома, што Эшлі шмат падарожнічаў па свеце. Напэўна, падчас адной з вандровак ён і набыў славянскі Буквар. Пасля смерці Эшлі завяшчаў Бібліятэцы Мідл Тэмпл усе свае 3700 кніг, у тым ліку і гэтую. Бібліятэка ўяўляе сабой досыць закрытую ўстанову, таму нядзіўна, што пра Буквар доўгі час не ведалі.

— За ўсю гісторыю выдання яго ніхто не вывучаў. І cёння, прыступіўшы да даследаванняў, мы з вялікай доляй верагоднасці можам казаць, што да аўтарства гэтага выдання меў дачыненне Мялецій Сматрыцкі — знакаміты грамадскі і рэлігійны дзеяч Украіны і Беларусі. Гэтую версію падмацоўвае і такі факт: праз год пасля выдання Буквара ў той жа друкарні ў Еўі была выдадзена ўсім добра вядомая Граматыка Сматрыцкага, — тлумачыць Раман Матульскі. — Буквар — выданне, бясспрэчна, унікальнае і годнае таго, каб у юбілейны для гэтай кнігі год мы звярнулі на яе ўвагу, вывучылі, даследавалі і вярнулі ў сучаснае жыццё.

Праект па выпуску факсімільнага выдання Буквара, на думку Рамана Сцяпанавіча, мае не толькі культуралагічную і гістарычную накіраванасць, але і прагматычную:

— Сёння ў краіне вядзецца актыўная праца па стварэнні новых падручнікаў. І без вывучэння перша-крыніц, тых тэндэнцый і традыцый, якія існавалі ў беларускай адукацыі, гэта зрабіць практычна немагчыма.

У красавіку ў Нацыянальнай бібліятэцы пройдуць Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прысвечаныя 400-годдзю Буквара. А напярэдадні Дня ведаў беларусы ўжо змогуць пагартаць факсімільнае выданне старажытнага кніжнага скарбу. Пасля прэзентацыі кнігі ў Беларусі з праектам пазнаёмяць жыхароў Літвы, Вялікабрытаніі і іншых краін. У планах Нацыянальнай бібліятэкі таксама прывезці і паказаць беларусам арыгінал Буквара.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter