Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» запрашае на сольны канцэрт «Харошкі». Жывая легенда беларусаў», які адбудзецца 28 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.
Як паведаміла прэс-сакратар ансамбля «Харошкі» Вольга Тамковіч, гледачы ўбачаць тэатралізаваную праграму, якая складаецца з кампазіцый, заснаваных на беларускім фальклоры і гісторыі.
– Канцэртныя нумары найлепшым чынам раскрыюць унікальнасць, самабытнасць беларускага народа, яго традыцыі і багатыя духоўныя каштоўнасці, – адзначыла Вольга Тамковіч. – Дынамічная, цікавая фальклорная праграма ўключае вясёлыя беларускія танцы, спаборніцкія пераплясы, жартоўныя нумары, мілыя сэрцу інструментальныя кампазіцыі, лірычныя песні.
Кожны нумар канцэртнай праграмы – гэта яркі, непаўторны спектакль, напоўнены разнастайнай гамай пачуццяў, эмоцый і запалу, а ансамбль «Харошкі» – гэта сапраўдны тэатр танца Валянціны Гаявой!
Харэаграфічныя кампазіцыі «Гусарыкі», «Весялуха», «Пастушок», «Віцебская полька», «Гомельская кадрыля», «Пава», «Таўкачыкі», «Камарынская», «Беларускія мадонны», «Перапёлачка» – класіка беларускага фальклора. І, канечне ж, гледачы ўбачаць сюіту «Субота», якая складаецца з трох частак. «Субота» – своеасаблівая візітоўка ансамбля, на працягу многіх гадоў завяршае кожны канцэрт калектыва.
Да сустрэчы 28 кастрычніка ў Купалаўскім тэатры на свяце высокага харэаграфічнага мастацтва!
Ансамбль «Харошкі» абяцае падарыць эстэтычнае задавальненне і выдатны настрой!
Фота прадстаўлена прэс-службай ансамбля «Харошкi»