Доска почета: как директор Экспериментальной базы им. Котовского за семь лет вывел коллектив в передовики

Анатоль Шклярэўскі: «Не шкадую дарыць людзям дабро»

Бясспрэчна, роля кіраўніка сельгаспрадпрыемства адказная і не кожнаму пад сілу. Бывае, высокапрафесійны спецыяліст на гэтай пасадзе не можа выбіцца з наезджанай каляіны. З першых дзён дырэктарства ва ўздзенскім ВРУП «Эксперыментальная база імя Катоўскага» выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Анатоль ШКЛЯРЭЎСКІ ўзяўся за вытворчую дысцыпліну і з тымі, хто не вытрымаў такога выпрабавання, вырашыў расстацца. Вырас ён у сялянскай сям'і, дзе заўжды панаваў парадак. 


Пасля заканчэння Чырвонадуброўскай сярэдняй школы Анатоль Мікалаевіч працаваў слесарам рамонтных майстэрань у капыльскім калгасе імя Дзяржынскага. Адслужыў у арміі і сеў за руль трактара ў суседняй гаспадарцы імя Ціміразева. У жніво працаваў памочнікам камбайнера. Дыплом тэхнолага сельгасвытворчасці атрымаў у Мар'інагорскім ордэна «Знак Пашаны» саўгасе-тэхнікуме імя Уладзіміра Лабанка і вярнуўся на родную Капыльшчыну. Працаваў вадзіцелем і завочна вучыўся на аграфаку Белдзяржсельгасакадэміі. Пасля атрымання дыплома вучонага агранома кіраваў галіной раслінаводства ў ціміразеўскай гаспадарцы, а потым у прысталічным УП «Ждановічы». Скончыў Акадэмію пры Прэзідэнце. 

За сем гадоў кіравання вывеў ВРУП «Эксперыментальная база імя Катоўскага» ў перадавыя. Калектыў і дырэктар занесены на раённую Дошку гонару. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — аграгарадок Возера — рыхтуецца да прыёму гасцей і ўдзельнікаў раённага свята-кірмашу «Дажынкі».

У юнацтве Анатоль Шклярэўскі рыхтаваўся стаць міліцыянерам. У сям'і часта ўзгадвалі пра дзядулю Мікалая па бацькоўскай лініі, які з часоў Вялікай Айчыннай вайны служыў капітанам контрразведкі. Анатоль нарадзіўся, як дзядулі ўжо не было. Шмат цікавага пра яго чуў ад стрыечнага брата бацькі Героя Сацыялістычнай Працы Сяргея Іванавіча Шклярэўскага, які часта наведваўся з суседняга Слуцкага раёна. Асірацелага, яго ў першыя пасляваенныя гады сваяк забраў да сябе ў Ленінград. Калі чэкіста Мікалая Шклярэўскага накіравалі па службовых справах у Варонеж, падлетак паехаў разам з ім. Сяргей Іванавіч захапляюча расказваў Анатолю і яго старэйшаму брату Сяргею пра вандроўкі з кадравым афіцэрам. Хлопчыкі ганарыліся сваім дзедам. 

Задуме Анатоля стаць разведчыкам памяшала захворванне астмай: з-за працяглага лячэння ў бальніцах і санаторыях давялося прапусціць вучэбны год. Пасля атрымання атэстата сталасці Анатоль, як і большасць яго аднакласнікаў, не кінуўся ў горад. Напэўна, спрацавалі гены па мацярынскай лініі: Валянціна Міхайлаўна вырасла ў вялікай сялянскай сям'і. Радавалася, калі сын вырашыў не пакідаць вёску. Дзеці дапамагалі маці на калгаснай свінаферме, упраўляліся і па хатняй гаспадарцы. З бацькам абкошвалі канавы, каб назапасіць на зіму сена для ўласнай каровы. 

— Удзячны лёсу, што падараваў мне працу на зямлі, — аналізуе пражытае дырэктар ВРУП «Эксперыментальная база імя Катоўскага» Анатоль Шклярэўскі. — З маленства бацькі прывучалі нас да сялянскага побыту. Мы з братам хадзілі за плугам, дапамагалі нарыхтоўваць дровы ў лесе. З намі жыла аўдавелая яшчэ ў вайну бабуля Лізавета. Наказвала нам, каб не цураліся працы, паважалі людзей, нікому не зайздросцілі. Калі займеў сваю сям'ю, то з жонкаю Жанай Іванаўнай дзяцей менавіта так імкнуліся выхоўваць. У дачкі Веранікі двое хлопчыкаў падрастаюць. Спа­дзяёмся, што ўнучку падарыць нам сын Уладзіслаў. На пачатак восені прызначана яго вяселле. Пасля школы ён застаўся ў вёсцы, нарыхтоўвае на трактары кармы для грамадскага статка. Завочна вучыцца на аграфаку Белдзяржсельгасакадэміі, цікавіцца гісторыяй.

— Наша краіна мае багатае мінулае. У Год гістарычнай памяці шмат увагі надаецца аналізу найбольш значных падзей. Як гісторыя краіны адлюстравалася на вашых родных?

— Мінулае пакінула балючы след. Дзядуля па лініі маці Міхаіл Іванавіч Лазук з першых дзён вайны пайшоў змагацца з ворагам і ў адным з баёў загінуў. Бабуля Лізавета Аляксандраўна атрымала пахавальную на яго. Цяжка было ёй адной пяцярых дзяцей падымаць на ногі, але ўсіх выхавала. Малодшы сын Мікалай у сталічным інстытуце атрымаў дыплом інжынера сельскай гаспадаркі і ў 28 гадоў узначаліў капыльскі калгас імя Ціміразева, амаль два дзесяцігоддзі паспяхова кіраваў ім.

Шмат выпрабаванняў давялося перажыць у ваеннае ліхалецце і сваякам па лініі бацькі са слуцкай вёскі Серагі. Ад іх чуў, што, як толькі па радыё аб'явілі аб нападзенні на нашу краіну фашысцкай Германіі, тутэйшых мужчын прызвалі ў армію. Навабранцам выдалі ваенную форму, вінтоўкі і пехатой адправілі на захад, дзе кіпелі баі. Каля слуцкай вёскі Піліпавічы да калоны пад'ехала ваенная аўтамашына, з якой выйшаў савецкі афіцэр і загадаў заняць абарону. Некалькі дзён стрымлівалі наступленне ворага. 

З першых дзён вайны ў лясах пачалі арганізоўвацца атрады народных мсціўцаў. Вяскоўцы іх падтрымлівалі: пяклі хлеб, дапамагалі вопраткай. Сяляне, рызыкуючы жыццём, прымалі чырвонаармейцаў, якія адступалі. Пераапраналі іх у цывільнае адзенне, каб небяспечней было. Частавалі чым-небудзь і праводзілі ў партызанскія лагеры. Збіралі звесткі пра размяшчэнне ворага і перадавалі камандаванню народных мсціўцаў. Азвярэлыя гітлераўцы арыштоўвалі савецкіх актывістаў. За сувязь з партызанамі схапілі нашага сваяка Івана Шклярэўскага і расстралялі. 

Сын яго, вядомы вясковы фельчар Герой Сацыялістычнай Працы Сяргей Іванавіч Шклярэўскі, узгадваў, як на пачатку вайны праз балоты і лясы з сям'ёю прыйшоў у родныя мясціны сакратар Пінскага абкама партыі Сяргей Вайцяховіч і папоўніў партызанскі атрад. Жонка яго з траімі дзецьмі жыла ў вясковых сваякоў. Гітлераўцы даведаліся пра сям'ю камуніста, і дзяцей яго расстралялі ў Слуцку. Жонку ўдалося пераправіць праз партызанскі аэрадром на «вялікую зямлю». У пасляваенны час партыец працаваў у ЦК КПБ. 

У кожнай беларускай сям'і вайна пакінула крывавы след. Дарагою цаной далася Перамога. Пра гэта варта памятаць з пакалення ў пакаленне, асабліва ў наш час, калі побач так неспакойна. Вялікае шчасце, што сустракаем кожны новы дзень пад мірным небам.

— Гаспадарчымі клопатамі на­поўнены вашы будні. Як вызначаеце прыярытэты ў працоўных планах?

— Жыццё іх вызначае. Зараз уся ўвага  нарыхтоўцы кармоў. Завяршаем першы ўкос траў. На нашых фермах звыш 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх амаль трэцяя частка — каровы. Па надоях малака ад кожнай з іх набліжаемся да шасцітысячнага рубяжа. Гадавая вытворчасць малака за некалькі апошніх гадоў значна вырасла і дасягнула 10 тысяч тон.

На парадку дня — жніво. На лінейцы гатоўнасці збожжаўборачныя камбайны. Трэба ўбраць 2350 гектараў зерневых і зернебабовых. Летась кожны гектар хлебнай нівы даў па 45,4 цэнтнера збожжа. Валавы збор перавысіў 10 тысяч тон. Амаль 3500 тон зерня прадалі дзяржаве, столькі ж плануем рэалізаваць сёлета.

Паралельна з вытворчымі справамі наводзім парадак у населеных пунктах і на вытворчых участках гаспадаркі. Скора ў нас пройдуць раённыя «Дажынкі». Шмат уласных сродкаў пайшло на добраўпарадкаванне адміністрацыйнага будынка, дзе пад адным дахам адміністрацыя сельгаспрадпрыемства і Дом культуры. Спадзяёмся, што гасцям у нас спадабаецца.

— За сем гадоў вашага дырэктарства гаспадарка стабільна замацавалася сярод раённых лідараў. А якою прымалі яе?

— Усяго хапала. На рахунку было не шмат, за несвоечасовую выплату заробкаў плаціў штрафы. Праз год пасля дырэктарства да нас далучылі суседні СВК імя Суворава, клопатаў прыбавілася. Шукаў балты, гайкі, іншыя запчасткі для машын і агрэгатаў. З галоўнымі спецыялістамі распрацоўвалі варыянты, каб тэрмінова абнавіць машынна-трактарны парк. За пяць гадоў тэхнічны арсенал папоўніўся больш як 70 сучаснымі трактарамі, культыватарамі, агрэгатамі для ўнясення ўгнаенняў і іншымі сельгасмашынамі. Гэта дазволіла аператыўна спраўляцца з асноўнымі палявымі работамі. Вынік не заставіў сябе доўга чакаць — узрасла ўраджайнасць. Людзі паверылі ў будучае гаспадаркі.

Вызначылі стратэгічную лінію вытворчага развіцця аб'яднанага калектыву. Стаўка — на павелічэнне аб'ёму вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Плануем пабудаваць сучасны малочна-таварны комплекс на 800 галоў з даільнай залай. Зацверджаны тэхнічны праект будоўлі, вызначаны крыніцы фінансавання. 

— Гаспадарка ў паўгадзіны язды да сталіцы, транспарт ходзіць рэгулярна — у вяскоўцаў ёсць магчымасць працаваць у горадзе. Як удаецца ўтрымліваць жывёлаводаў, механізатараў?

— У нас засталіся працаваць тыя, хто не здрадзіў вёсцы. З набыццём высокаэфектыўнай тэхнікі скарацілі штат механізатараў. На іншых участках рассталіся з тымі, хто не надта сябе праяўляў у працы. Няма чаго граху таіць, дэфіцыт працоўных рук адчувальны, асабліва ў асноўныя сельскагаспадарчыя кампаніі. Значную дапамогу аказвае Беларускі дзяржагратэхуніверсітэт: на веснавой сяўбе і ў час жніва на тэхніцы працуюць студэнты старэйшых курсаў. Для іх выдатны варыянт праходжання вытворчай практыкі, а для гаспадаркі — заўважная падтрымка.

Ствараем спрыяльныя ўмовы працы. Па сярэднямесячным заробку працаўнікоў лідзіруем у раёне: ён перавышае 1300 рублёў. Важна і тое, што ўсіх забяспечваем жыллём. Да канца года заселім пяць новых катэджаў.

— А наконт спецыялістаў?

— За апошнія некалькі гадоў больш дзясятка выпускнікоў сярэдніх і вышэйшых аграрных навучальных устаноў папоўнілі наш калектыў. Маладыя спецыялісты адпрацоўваюць належны тэрмін і пры жаданні могуць застацца ў калектыве. 

— Анатоль Мікалаевіч, ці ідзяце на рызыку пры прыняцці важных рашэнняў? 

— Перш чым прыняць любое рашэнне, імкнуся падлічыць усё. Каб так нахапацца, як сабака блых, не магу. Усё павінна быць прадумана. Адчуваю ў сабе шляхетныя гены продкаў, з маладых гадоў прывучаны да культуры. На машыне езджу па палях, але трымаю яе ў чысціні. У вопратцы люблю парадак. І сын Уладзіслаў пераняў ад мяне гэта. Душа ў яго ранімая, не церпіць хлусні, імкнецца жыць годна. 

— Кажуць, калі мудры кіраўнік, то падначаленым пашанцавала. Вы сябе да такіх адносіце?

— З боку лепш відаць. Часцей пра сябе чую, што надта добрая душа. Мне раяць, каб быў больш жорсткім. На маю думку, з людзьмі трэба лагодна абыходзіцца. Калі пачну ламаць праз калена, некаторыя не вытрымаюць і развітаюцца з гаспадаркай, іншыя пачнуць спецыяльна горш працаваць. Дзесьці трэба больш жорстка сябе паводзіць, у іншых выпадках — збавіць тон. Кіраўнік гаспадаркі павінен адчуваць кожнага падначаленага. Калі ён гэтым не валодае, поспеху не будзе. Маё правіла: лепш менш зрабі, ды якасна. А калі не ўмееш ці не хочаш так — нават не бярыся. Па асноўнай прафесіі я аграном. Вясною пасеяў, вырасціў ураджай, убраў яго — можна ацаніць вынік свайго старання і прафесіяналізму. 

— Вы жывяце больш розумам ці сэрцам?

— Сэрцам. Не люблю ў чалавеку хітрасці і нахабнасці. Бабуля Лізавета Іванаўна мяне вучыла: «Не шкадуй дарыць людзям дабро». 

— Што параіце маладым кіраўнікам, якія толькі прыступілі да абавязкаў?

— Любіць зямлю і сваю працу, не баяцца цяжкасцей, бо без іх не бывае поспехаў. Гэта як вырошчваць саджанец: трэба абараняць яго ад шкоднікаў, уносіць удабрэнні, клапаціцца, каб у поўнай меры атрымліваў святло і цяпло… Тады дрэва абдорыць вас пладамі. Маё правіла жыцця — больш аддаваць, чым нешта для сябе атрымліваць. Мае бацькі былі камуністамі і імкнуліся жыць сумленна. 

— Цяпер вы дырэктар вялікага сельгаспрадпрыемства. У вашых руках лёсы не толькі працаўнікоў, а і іх сем'яў. Кажуць, кіраўнік на вёсцы — бацька, дзядзька і суддзя. Кім сябе лічыце?

— Узначаліў гаспадарку ў 45 гадоў. Да мяне ў кабінет сталі ісці людзі розных узростаў са сваімі праблемамі. Часам нават выслухаць чалавека важна. З першага дня дырэктарства да кожнага стаўлюся максімальна ўважліва і, калі неабходна, абавязкова дапамагаю.

— За які ўчынак вам сёння балюча?

— Застаўся ў душы боль, калі ўзгадваю, як маці тэлефанавала і прасіла пры­ехаць праведаць яе. Тады ўзначальваў агранамічную службу агракамбіната «Ждановічы». Абяцаў, што, як толькі спраўлюся з палявымі работамі, адразу прыеду. Выкраіў час, а маці не стала… Не магу гэтага сабе дараваць. 

— Як з сябе вытраўляеце зайздрасць?

— Маці наказвала не зайздросціць, і яе запавет для мяне закон. Трэба вучыцца, каб дасягнуць поспехаў. Тады і жыць весялей. Цудоўна, калі справы ідуць добра, але бывае і наадварот. Важна ўмець стрымаць сябе. У імгненні роспачы, як полымя, ахоплівае пачуццё горычы, з'яўляецца жаданне атрэсці рукі. У такім выпадку імкнуся заняцца нечым іншым, каб супакоіцца і не нарабіць памылак.

— Каго лічыце сваім настаўнікам у жыцці?

— Само жыццё. Памятаю, як разгубіўся, калі даручылі ў капыльскім калгасе імя Ціміразева ўзначаліць агранамічную службу. Трэба было выводзіць тэхніку ў поле. Калі б побач быў хто вопытны, то, пэўна, столькі каштоўнага не спасціг бы. А застаўшыся сам-насам са сваімі справамі, прымаў рашэнні, на памылках вучыўся, набываў вопыт. Па крупінках абагачаўся практычнымі ведамі. Потым шмат карыснага пераймаў у вядомых у рэспубліцы аграномаў. З ахвотаю і інтарэсам удзельнічаю і зараз у прафесійных семінарах, не цураюся вучыцца ў іншых: ведам няма межаў. 

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter