Баллистическое ядро, матрица печного изразца: недавние находки археологов у стен Кревского замка

Амаль шэсць вякоў назад...

Балістычнае ядро, матрыца кафлі, жэтон кулямётчыка Першай сусветнай вайны знайшлі археолагі ля сцен Крэўскага замка

Алег Дзярновіч з унікальнай знаходкай.
Сёлета ў Крэве актыўна вядуцца работы па рэстаўрацыі і кансервацыі помніка архітэктуры і гісторыі. Старажытны замак адкрывае для даследчыкаў мінуўшчыны шмат новых старонак і здзіўляе артэфактамі.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч расказаў пра ўнікальныя знаходкі на тэрыторыі замка: «Днямі ля паўднёва-заходняй сцяны замка раскапалі балістычнае ядро XV стагоддзя. Знаходка сапраўды цікавая, пераносіць нас у самы пачатак існавання замка. Гісторыкам вядома пра адзін вялікі штурм Крэўскага замка ў 1433-м, калі свае войскі сюды накіраваў князь Свідрыгайла».

Знойдзенае ядро дыяметрам 30 сантыметраў — добра апрацаваны камень правільнай формы. Падобныя на яго апошні раз у Крэўскім замку знаходзілі амаль 40 гадоў таму, калі вяліся раскопкі на тэрыторыі былых казармаў. Сёння тыя ядры захоўваюцца ў Смаргонскім раённым краязнаўчым музеі.

— Сёлетняя знаходка сведчыць: штурм замка адбываўся не толькі з боку галоўнай брамы, але і з паўднёвага, — адзначае Алег Дзярновіч. — Ля Малой вежы замка знайшлі і фрагмент унутрывежавага тунэля з прыступкамі. Гэта паказчык таго, што ўнутры вежы раней размяшчаліся лесвіцы. Яшчэ нам удалося вызначыць дакладнае месца Малой вежы, якая раней была моцна разбурана. У часы Першай сусветнай вайны немцы пад ёй пабудавалі паўкруглы бункер. У гэтым сезоне мы яго расчысцілі. Пасля рэстаўрацыі там плануецца зрабіць экспазіцыю, прысвечаную Першай сусветнай.

Археолагі падчас раскопак знайшлі таксама падпорную канструкцыю адной са сцен замка звонку, а таксама матрыцу ад кафлі XVII стагоддзя. Гэта значыць, што ў Крэўскім замку ўжо ў тыя часы магла працаваць майстэрня па вырабе кафлі.

— Крэўскі замак — гэта не толькі помнік Сярэднявечча, але і Першай сусветнай вайны, — падкрэслівае Алег Дзярновіч. — Крэва ў 1914-м было падзелена лініяй фронту. Замак і сёння нашпігаваны сведчаннямі гэтай вайны. Раней знойдзены самаробны жэтон кулямётчыка часоў Першай сусветнай вайны. Цяпер, калі ідзе кансервацыя, а таксама частковае аднаўленне помніка архітэктуры, перад намі стаіць задача гэта паказаць. Варонкі ад узарваных бомбаў на тэрыторыі Крэўскага замка — сведчанне падзей Першай сусветнай вайны і частка гістарычнага ландшафту Крэва.

kuzmich@sb.by

Фота Алега ДЗЯРНОВІЧА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter