Кем и как разработана автоматизированная система охраны "Алеся"

«Алеся» на варце спакою

Багрыцоўшчына — назва вёскі, у якой 9 красавіка 1941-га нарадзіўся адстаўны палкоўнік міліцыі Валянцін Ліпень. Разам з братам-блізнём Васілём паспяхова скончылі Станькаўскую СШ і паступілі ў Мінскі электратэхнікум сувязі. На апошнім курсе ўсіх студэнтаў перавялі на завочнае навучанне і накіравалі на працу ў розныя куткі краіны. Пяцёра лепшых, у тым ліку блізняты Ліпені, трапілі ў сталічнае тэлевізійнае атэлье № 16 Дзяржрадыётрэста СССР — адзінае на Мінск і сталічную вобласць! За ўвесь час працы ў майстэрні, да прызыву ў войска, на братоў ніхто не паскардзіўся.

На пасадзе намесніка начальніка аб'яднання «Ахова» Валянцін Канстанцінавіч распрацаваў серыю ўнікальных прыбораў.
Фота з дамашняга архіва В. К. Ліпеня

Першым месцам службы братоў стала Стаўрапольскае вучылішча сувязі. У ім рыхтавалі афіцэраў для працы на асноўных сродках прыёму і перадачы інфармацыі ў ракетных войсках. Але замест трох гадоў Ліпені прабылі тут усяго чатыры месяцы —рапарты на залічэнне ў склад курсантаў вырашылі не пісаць. У выніку апынуліся ў ліку трыццаці адмаўленцаў, якіх накіравалі ў вайсковы гарадок Уласіха. Тады там кватаравалі Галоўны штаб і ўпраўленне Галоўнакамандуючага ракетнымі войскамі. Лепшых, чым браты, спецыялістаў у батальёне засакрэчваючай апаратуры сувязі не было. 

Валянцін здзіўляў кіраўніцтва ўсяго гарнізона не толькі майстэрствам, але і сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Даволі хутка ён атрымаў першыя разрады па бегу, лыжах і біятлоне. Ужо начальнік апаратнай, старшына Ліпень пацвярджаў іх у Сакольніках, Лужніках ды на Ленінскіх гарах, з якіх бачыў сябе і, вядома ж, брата ў аўдыторыях Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Мара здзейснілася!

Гады вучобы праляцелі хутка, і з кастрыч­ніка 1968-га выпускнік з чырвоным дыпломам працуе старшым інспектарам-інжынерам аддзела тэхнічных сродкаў Упраўлення пазаведамаснай аховы пры МАГП БССР. Брат Васіль таксама звязаў свой лёс з міліцыяй — пачынаў старшым інжынерам аддзела сувязі МАГП, а скончыў начальнікам аддзела тэхсродкаў навучання Акадэміі МУС. На вялікі жаль, у 69 гадоў яго не стала. 

— Працавалася складана, — згадвае Валянцін Канстанцінавіч. — Захаванасць дзяржмаёмасці забяспечвалі ў асноўным вартаўнічыя стацыянарныя і абходныя пасты. Першай дыстанцыйнай сістэмай стаў пульт «Нева-60». Потым пачалі з'яўляцца «Сирень-1М», «Нева-10», «Нева-10М». Патрабавалася дасканала ведаць іх не толькі самому, але і навучыць эфектыўна выкарыстоўваць на месцах, таму з камандзіровак не вылазіў. 

У верасні 1975-га Валянцін Ліпень стаў намеснікам начальніка аддзела тэхсродкаў, а праз паўтара года ўзначаліў гэтае падраздзяленне. І на яго базе ўсё часцей праводзілася вопытная эксплуатацыя новай тэхнікі. Беларускага майстра пачалі актыўна прыцягваць да практычнай дапамогі калегам з розных рэгіёнаў Саюза. 

Пасля развалу вялікай дзяржавы маральна састарэлыя сістэмы цэнтралізаванай аховы знялі з вытворчасці. Нічога не заставалася, акрамя як брацца за справу самім. І тагачасны кіраўнік службы генерал-маёр міліцыі Юрый Тарабрын даручыў Валянціну Ліпеню распрацаваць асабістую эфектыўную аўтаматызаваную сістэму. І ён зрабіў!

Вопытны ўзор шырокавядомай сёння аўтаматызаванай сістэмы «Алеся» быў усталяваны ў 1994 годзе ў Фрунзенскім аддзеле аховы Мінска. Пры эксплуатацыі ішла неабходная дапрацоўка сістэмы. Тым часам Валянцін Канстанцінавіч дамовіўся на распрацоўку серыі прыбораў аб'ектавага ўзроўню, якія падыходзілі як для існуючых пультаў, так і для «Алесі». Выкарыстоўваць іх шырока ён пачаў ужо на пасадзе намесніка начальніка аб'яднання «Ахова». 

Валянцін Ліпень ужо 20 год на пенсіі і беражліва захоўвае патэнт на вынаходства аўтаматызаванай сістэмы «Алеся». 

Уладзімір БАРЫСЕНКА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter