Як ушаноўваецца памяць пра Элізу Ажэшку?

Алеі дзяцінства дзвесце гадоў

Шматлікія вандроўнікі па адметных мясцінах Беларусі збочваюць з трасы Гродна — Мінск, заўважыўшы паказальнік “Мількаўшчына. Радзіма Элізы Ажэшкі”. У тыя мясціны, дзе чэрпала натхненне знакамітая пісьменніца, накіравалася і карэспандэнт “НГ”.

Квітнеючымі садамі сустрэла Мількаўшчына. Захацелася як мага хутчэй выбрацца з машыны і прайсці пешшу па вёсцы. Дарэчы, мясцовыя жыхары расказваюць паданне, што ў ноч, калі ў шляхецкім маёнтку ў 1841 годзе нарадзілася Эліза, у мількаўшчынскім садзе ўпершыню заспяваў салавей. Старыя людзі прадракалі: у дзяўчынкі будзе незвычайны лёс. Спраўдзілася.


Найперш сярод вясковага пейзажу кідаецца ў вочы велічны Свята-Пакроўскі храм, які быў пабудаваны ў 1908 годзе. Фундатарам стаў дваранін, генерал-лейтэнант Канстанцін Шырма, якога таксама лёс звязаў з Мількаўшчынай. Пазней даведалася, што будавалася царква па аналагу гарнізоннага храма Санкт-Пецярбурга, што для правінцыі было вельмі смела. А цэглу, якая прыдала ёй адметнасць, рабілі з мясцовых глін, але, на жаль, тэхналогія не захавалася. І сёння храм стаіць моцна. З інфраструктуры ў вёсцы, дзе пражывае звыш 200 чалавек, засталіся сельскі магазін, фельчарска-акушэрскі пункт і аддзяленне сувязі, якія, дарэчы, знаходзяцца на вуліцы Ажэшкі.

Ад царквы вулачка вядзе да былой базавай мясцовай школы, якая таксама насіла імя Элізы Ажэшкі.. Зараз усе яе пакоі аддадзены пад літаратурна-краязнаўчы музей, дзе і захоўваецца памяць пра адораную зямлячку.

На парозе ветліва сустракае захавальніца мясцовага скарбу, кіраўнік музея, былая настаўніца Таццяна Савянкова.

Заходжу ў драўляны будынак, які быў пабудаваны 70 год таму, і разумею, чаму турысты, у тым ліку замежныя, адчуваюць тут замілаванне. Здзіўляе аўтэнтычнасць. Музей у свой час пачынаўся з невялікага школьнага пакойчыка, дзе былі экспанаты, звязаныя з Ажэшкай, а зараз тут сабрана з вялікай любоўю і пашанай гісторыя малой радзімы: ад рарытэтаў сялянскага побыту да звестак пра знакамітых землякоў. Няшмат знойдзецца вёсак з такой установай.

Захавалі нават і школьны пакойчык савецкага часу. Тут можна перанесціся ў дзяцінства: напісаць штосьці чарніламі ў сшытку з прамакаткай ці пагартаць падручнік па беларускай мове за 1965 год.

— Нядаўна да нас завітала былая выпускніца, зараз масквічка Галіна Людкевіч. Яна шмат гадоў не была на малой радзіме. Прызналася: думала, што ўжо і будынка школы і заваду няма. Стаяла тут, і слёзы цяклі, — расказвае Таццяна Анатольеўна.

Асобны пакойчык цалкам адведзены зёлкам.

— Нас натхніла Эліза Ажэшка, якая збірала гербарыі і вяла апісанне. А гасцей сваіх абавязкова частуем гаючай гарбаткай, — распавядае кіраўнік музея і запрашае мяне таксама пакаштаваць.

Пасля таго як школу зачынілі, будынак перайшоў на баланс філіяла “Скідзельскі” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”, а сам музей адносіцца да Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Дарэчы, функцыі гэтай сельскай установы выходзяць за рамкі афіцыйнай назвы. Сёння былая школа з’яўляецца культурным і духоўным цэнтрам вёскі. Тут праходзяць розныя імпрэзы, працуюць гурткі для моладзі, і раз у месяц праводіць богаслужэнне ксёндз.

— Нядаўна мы тут адзначалі 90-годдзе старэйшай жыхаркі Мількаўшчыны Надзеі Аляксееўны Мазан. Вельмі душэўная была сустрэча, людзі задаволены, што засталося ў глыбінцы такое месца, дзе можна сабрацца разам, — зазначае Таццяна Савянкова.

Эліза Ажэшка так апісала сваё радавое гняздо: “На паўночным ускрайку Гродзенскага павета, у некалькіх мілях ад мяжы з Віленскай губерняй, на шырокай раўніне, вытканай з ураджайных палёў і шырокіх лугоў, здалёку была бачна мая родная сядзіба. Стары дом з трох бакоў быў акружаны садам. Цяністыя ліпавыя алеі, агародчыкі, сажалка. А за сажалкай — роўныя палі, акружаныя лесам, тым самым, на які так часта заглядвалася я, як быццам ухутаны таямнічай імглой... Што там за імглой, і што за лесам?”

Ад маёнтка Паўлоўскіх, якія валодалі дзвюма тысячамі гектараў зямлі і мелі пяцьсот прыгонных сялян, да нашых дзён дажылі толькі калодзеж і кляновая алея, па якой ідзём з Таццянай Анатольеўнай. Яна распавядае, што Эліза да адзінаццацігадовага ўзросту тут жыла, і хоць у доме дзяўчынка чула польскую і французскую мовы, беларускай вучылася ў сялянскіх дзяцей, з якімі гуляла:

— Менавіта ў Мількаўшчыне, пасля вяртання на малую радзіму, адбыўся літаратурны дэбют Ажэшкі: з-пад яе пяра выйшла апавяданне “З гадоў голаду”, тут яна напісала 10 твораў, 8 з якіх былі надрукаваны.

Дваранская сядзіба некаторы час яшчэ праіснавала пасля вайны, тут туліліся 8 сем’яў бежанцаў з Расіі і Украіны, затым жылі мясцовыя.

Любоў Русілка васьмігадовай дзяўчынкай прыехала з бацькамі ў галодныя пасляваенныя гады з Украіны ў Мількаўшчыну, жыла ў Ажэшчыным доме — так называлі яго мясцовыя жыхары. Былая настаўніца, паэтэса падзялілася ўспамінамі:

— Памятаю, што шляхецкі дом разбілі на памяшканні, якія па сваіх памерах нагадвалі катушкі. Жылі там некалькі сем’яў, у тым ліку і наша. Я яшчэ дзяўчынкай чула, як людзі з павагай гаварылі: тут жыла пісьменніца Ажэшка. Прыкіпела я сэрцам да гэтага месца. А потым, з гадамі, задумала прысвяціць кнігу Элізе Ажэшцы “Зямлі і людзям”, дзе паказала яе як чалавека, патрыёта, жанчыну, пісьменніцу.

Мількаўшчына даўно ўжо ўключана ў турыстычныя маршруты. Тут бываюць не толькі суайчыннікі, але і замежныя госці. Даўно выношваюцца і планы акультурвання радавога гнязда Ажэшкі, дзе зеўрае вокнамі не маючая ніякага дачынення да сядзібы пустая хатка.

— Непрывабную хаціну паабяцалі знесці ў бліжэйшы час, тады і можна будзе ўжо будаваць планы па акультурванні гэтага памятнага месца. У марах — аднаўленне сядзібы ў тым выглядзе, у якім яна намаляваная на схеме, апісваецца ў архіўных дакументах, даецца ва ўспамінах пісьменніцы, але на гэта патрэбныя сродкі і аб’яднанне зацікаўленых бакоў. Пакуль мы, наколькі можам, захоўваем тое, што не патрабуе звышвялікіх укладанняў, — кажа Таццяна Савянкова.

У музей, які ствараўся на энтузіязме, ужо прыйшла дапамога. Восенню тут была праведзена рэканструкцыя. Засталося адрамантаваць стары дах. Таццяна Анатольеўна кажа, што кіраўніцтва філіяла “Скідзельскі” паабяцала не зацягваць з гэтай неадкладнай справай.
Кіраўнік музея Таццяна Савянкова.

Таццяна Савянкова, захавальніца памяці пра знакамітую зямлячку, на развітанне шчыра зазначае:

— Май сэрца як мага чысцейшае і больш служы краіне і людзям, — пісала Эліза Ажэшка . Такой парадай і жывём.
Рух на малой радзіме Ажэшкі, якую аднолькава лічаць сваёй пісьменніцай і палякі, і беларусы, ёсць. І гэта радуе. Але ж, улічваючы цікавасць людзей да такой адметнай спадчыны, зрабіць тут трэба будзе яшчэ многае.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter