Ум и целеустремленность: мы познакомились с выпускниками, которых пригласили на Республиканский бал

Адзначаны высокiм балем

Рэспубліканскі баль вы­пускнікоў ВНУ 25 чэрвеня збярэ тых, хто ва ўніверсітэцкія гады старанна і адказна працаваў: выдатнікаў вучобы, лаўрэатаў спецыяльных фондаў, пераможцаў конкурсаў і алімпіяд. Усяго 228 юнакоў і дзяўчат — маладых дыпламаваных спецыялістаў з 51 ВНУ краіны — запрасілі на гэтую ўрачыстую падзею ў комплексе «БелЭкспа». Традыцыйна на мерапрыемстве Прэзідэнт скажа добрыя словы і ўручыць Падзякі лепшым выпускнікам і іх выкладчыкам. З некаторымі запрошанымі на баль выпускнікамі сустрэлася карэспандэнт «Р».

Тэнар урача-інтэрна 

Касцюм-тройка, белая кашуля, добры позірк праз акуляры і высокі лоб — Арцём Панкратаў, выпускнік лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, мае мноства рэгалій. Ён сціпла, але ў той жа час упэўнена расказае пра сябе:

Арцём ПАНКРАТАЎ, выпускнік лячэбнага факультэта БДМУ.
— Я нарадзіўся ў Мінску. Мая мама — акушэр-гінеколаг, тата — ваенны. Яны ніколі не гаварылі, куды паступаць, чым займацца. Свой выбар стаць урачом зрабіў у 5-м класе. Можна сказаць, што запраграмаваў сябе на гэта. Мне заўсёды падабаліся загадкі і галаваломкі і ў той жа час — біялогія, жывёльны свет і ўсё, што звязана з чалавекам. Гэтыя захапленні выдатна ўпісваюцца ў прафесію ўрача: каб паставіць правільны дыягназ, трэба разгадаць галаваломку.

З 7-га класа паглыблена вывучаў біялогію, пачаў удзельнічаць у алімпіядах, вырашыў паступіць у хіміка-біялагічны клас ліцэя БДУ, атрымаў дыплом трэцяй ступені на рэспубліканскай алім­пія­дзе па біялогіі, які дазво­ліў паступіць у БДМУ без іспытаў.

— Цвёрда вырашыў, што хачу быць кардыя­хірургам. Гэта цікавая і важная прафе­сія. Сэрца — складана-арганізаваная структура, якая адказвае за кровазварот ва ўсім арганізме. Смяротнасць ад сардэчна-сасу­дзiстых паталогій займае першае месца ў свеце, — Арцём становіцца больш сур’ёзным. — Мне хочацца змагацца з гэтым.

Дзе ён будзе працаваць? Размеркавалі ў РНПЦ «Кардыя­логія», дзе пройдзе інтэрнатуру. Дарэчы, падчас вучобы ўжо паспеў папрацаваць у хоспісе, у 2-й гарадской клінічнай бальніцы ў рэанімацыі. Усё гэта ён сумяшчаў з гуртком па сардэчна-сасудзістай хірургіі, удзелам у алімпіядах, праграмах міжнароднага абмену, а таксама праходжаннем урачэбнай клінічнай практыкі ў першым Маскоўскім медыцынскім універсітэце імя І.М. Сечанава. У Арцёма 23 навуковыя публікацыі па двух напрамках: ваенна-палявая хірургія і кардыяхірургія. За свае навуковыя дасягненні і поспехі ў гэтым годзе атрымаў стыпендыю імя Францыска Скарыны.

Можа здацца, што хлопец толькі і робіць, што сядзіць над кніжкамі дзень і ноч. Вядома, ён, як і любы малады чалавек, мае хобі, дадатковыя заняткі і, канешне, сяброў. З першага курса БДМУ спявае ў студэнцкім інтэрнацыянальным хоры «Дамінанта». Там на першым праслухоўванні даведаўся, што ён — тэнар. Ведае некалькі замежных моў, іграе на гітары, займаецца спортам, плаваннем, удзельнічае ў паўмарафоне, хутка плануе сплаўляцца на байдарках. Усё гэта ён робіць са сваёй жонкай, таксама выпускніцай БДМУ, будучым акушэрам-гінеколагам. Арцём працягвае:

— Я заўсёды старанна вучыўся. Разумеў, што гэта трэба ў першую чаргу мне. Я хачу, каб мае пацыенты, пачуўшы маё прозвішча, ведалі, што ўсё будзе добра. Спадзяюся, наша медыцына будзе далей толькі развівацца, а нашы спецыялісты заявяць пра сябе і на міжнароднай арэне.

Ёй зверху бачна ўсё

Аляксандра Цяцеркіна, наша наступная разумніца-выпускніца, бяжыць з працы — у ДП «БелПСХАГІ» выконвае аэрафотаздымкі згодна з планамі Дзяржкамітэта па маёмасці. Афіцыйна размеркаванне са жніўня, але працаваць яна пачала ўжо на мінулым тыдні. Хоць толькі-толькі скончыла факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ з чырвоным дыпломам па спецыяльнасці «Географ. Спецыяліст па геаінфармацыйных сістэмах».

Аляксандра ЦЯЦЕРКІНА, выпускніца факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.
— Гэта сістэмы, якія дазваляюць працаваць з геапрасторавымі данымі, каб візуалізаваць неабходную інфармацыю на картах, рабіць прасторавы аналіз. Усё гэта можа прымяняцца ў мностве сфер: лагістыцы, кадастры, землеўпарадкаванні і гэтак далей, — усміхаецца светлавалосая Аляксандра. Усё пачыналася з любові да геаграфіі ў віцебскай гімназіі № 2. Ужо з 9-га класа ўдзельнічала ў алімпіядах па геаграфіі і перамагала. У 2014 годзе ездзіла з нацыянальнай камандай прадстаўляць нашу краіну на міжнароднай алімпіядзе ў Іспаніі, у 2015-м — у Расіі. Для ўдзелу ў такіх конкурсах патрэбна веданне англійскай мовы. З гэтым у яе праблем няма.

Скончыла школу з залатым медалём. На першым курсе ўступіла ў студсаюз. Ужо на другім курсе стала старшынёй прафсаюзнага бюро. Вядома, былі канферэнцыі, конкурсы, сур’ёзныя курсавыя, навуковыя артыкулы…

— Што галоўнае ў жыцці? Стаць добрым чалавекам. Ра­зумею, што ў сваёй галіне я яшчэ павінна развівацца. Важна не распыляцца, выбраць некалькі напрамкаў, у якіх хочаш рухацца. Мне, напрыклад, трэба яшчэ падвучыць праграмаванне, каб аўтаматызаваць некаторыя працэсы. Мой дыплом якраз крыху звязаны з гэтым — прымяненне ГІС-тэхналогій пры распрацоўцы інфармацыйна-турыстычнага вэб-сэрвісу. Я распрацавала дадатак з неабходнай інфармацыяй для велатурызму ў Мінску. Спадзяюся, ён будзе карысным.

Рэальны і штучны інтэлект

З Мікітам Нячаевым мы размаўляем па дарозе на яго працу. У буйной міжнароднай кампаніі ён займаецца вырашэннем тэхнічных праблем. Якіх? Напрыклад, ахаладжэннем мікрасхем. Мы ўспамінаем, з чаго пачаўся яго шлях да прафесіі інжынера-даследчыка:

Мікіта НЯЧАЕЎ, выпускнік факультэта радыёфізікі БДУ.
— У ВНУ не адразу паступіў. Справа ў тым, што мой дзядуля з’ехаў у Швецыю, куды на 2 гады паехаў і я. Калі вярнуўся ў Беларусь, то спазніўся на ЦТ. Куды ісці? Накіраваўся ў каледж вучыцца на электрыка. Атрымаў дыплом і ўсвядоміў: як працуе электрычнасць, я так і не зразумеў, — смяецца ён. — Праводку зрабіць магу, а як яна працуе — не ведаю. Але мне гэта было цікава, таму вырашыў пайсці ў БДУ на факультэт радыё­фізікі. На другім курсе пачаў ха­дзіць у лабараторыю навукова-даследчага інстытута: вывучаў працу паскаральнікаў, часціц і гэтак далей. Пачаў праводзіць доследы, пісаць артыкулы, удзельнічаць у канферэнцыях, стажыраваўся таксама ў навуковым цэнтры Германіі. Высокія балы, грамадская дзейнасць, навуковыя працы дазволілі атрымліваць прэзідэнцкую стыпендыю.

Мікіта ўжо жанаты, у вольны час іграе ў групе на барабанах, любіць рускую літаратуру. Кім сябе бачыць у будучыні? Чалавекам, які вырашае складаныя даследчыя задачы:

— Я пажыў за мяжой і зразумеў: у нас вельмі моцныя адукацыйная, інжынерная базы, выдатныя выкладчыкі. Мне падабаецца, што мая праца звязана з тым, што я буду ўвесь час вучыцца. Атрымліваецца, студэнцтва ніколі не скончыцца. Хачу паступіць яшчэ ў магістратуру, каб працаваць са штучным інтэлектам. Важна не губляць час, самы каштоўны рэсурс. Цяпер ёсць шмат магчымасцей, якія нельга ўпускаць.

Настаўніца першая мая

Вікторыя ГЕЦ, выпускніца гістарычнага факультэта БДПУ імя М.Танка.
Фота з архіва гераіні
— Яшчэ з дзяцінства марыла стаць настаўнікам. Было цікава пазнаваць новае і дзяліцца сваімі адкрыццямі з аднагодкамі. У 11-м класе ўсвядоміла, што хачу быць настаўнікам, — кажа прыгожая дзяўчына Вікторыя Гец. — Мяне заўсёды цікавіла гісторыя, бо, вывучаючы мінулае, мы будуем будучыню. Я неаднаразова прымала ўдзел у алімпіядах і конкурсах па гэтым прадмеце. Скончыла школу з залатым медалём і паступіла ў вядучую педагагічную ВНУ краіны — БДПУ імя Максіма Танка. І вось я ўжо выпускніца гістарычнага факультэта

Вучоба ва ўніверсітэце дала шмат магчымасцей праявіць сябе. Ужо з першага курса стала старастай групы, далей — старшынёй студэнцкага савета. Прымала актыўны ўдзел у творчай, спартыўнай, навуковай, валанцёрскай дзейнасці: лаўрэат вакальнага конкурсу «Музычны алімп», удзельніца рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», аўтар больш чым 15 навуковых артыкулаў і публікацый, пераможца конкурсу «Студэнт года» ў намінацыі «Вучэбна-прафесійная дзейнасць» і многае іншае. Яна чатыры разы стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У гэтым годзе мацнейшая ў конкурсе «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі». Увогуле, спіс вялікі, і працягваць яго можна бясконца. Такіх настаўнікаў ды ў кожную школу!

— Мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям. Мая мэта — старацца быць настаўнікам-наватарам, прафесіяналам. Буду прытрымлівацца слоў Лао-Цзы: на шляху да вяршыні нельга спыняцца...

kasel@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter