Згодна з сёлетнім указам Прэзідэнта заўтра адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. На ўрачыстых мерапрыемствах будзе аддадзена павага ўсім тром дзяржаўным сімвалам нашай краіны. Адзін з аўтараў Дзяржаўнага гімна Беларусі — вядомы паэт Уладзімір КАРЫЗНА. Творчая дзейнасць літаратара адзначана ордэнам Францыска Скарыны, ганаровымі званнямі заслужанага дзеяча культуры. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміі «Залаты Купідон», уладальнік ганаровых грамат Савета Міністраў, Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Уладзімірам Карызнам выдадзена амаль тры дзясяткі паэтычных зборнікаў, сярод якіх «Жураўліны досвітак», «Святло ліўня», «Цеплыня», «Цішыня баразны», «Музыка ў свеце». На яго вершы пісалі музыку беларускія кампазітары Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Уладзімір Буднік, Уладзімір Карызна-малодшы. У творчай спадчыне Уладзіміра Іванавіча дзясяткі песень, сярод якіх найбольш папулярныя «Люблю цябе, Белая Русь», «Маміна вішня», «Зорачка мая», «Азёры дабрыні», «Калі цябе сустрэў упершыню». Ён таксама аўтар слоў і музыкі амаль паўсотні кампазіцый, што выконваюць нашы сучасныя спевакі і калектывы.
У кожнага чалавека ёсць дарагая сэрцу мясціна, з якою многае звязана ў жыцці. Там і дыхаецца лягчэй, і думаецца весялей. У паэта-песенніка Уладзіміра Карызны дарагі сэрцу куточак — родная вёсачка Закружка, што ў трох кіламетрах ад аграгарадка Крупіца Мінскага раёна. Вокнамі на струменістую плынь ракі Пціч глядзіцца бацькоўская хата. Кожная сустрэча з ёю надае Уладзіміру Іванавічу настрою. Любіць ён бываць тут з жонкай Алай Іванаўнай (іх супольнае жыццё адлічвае сёмы дзясятак). Творцу цешыць, што не апусцеў родны падворак: гаспадарыць на ім пляменніца Святлана. Раней побач з сядзібай узвышалася старая разгалістая ліпа з буслянкаю, і кожнае вяртанне з выраю птушак выклікала радасць у сэрцах тутэйшых. Новыя гаспадары, што выкупілі хату для лецішча, спілавалі векавое дрэва. Разгубленыя буслы ранняй вясною пасля прылёту з цёплых краёў доўга кружылі над наваколлем і пасяліліся на электрычным слупу побач са спілаванай ліпай.
Ваколіцы Закружкі за апошнія дзесяцігоддзі непазнавальна змяніліся. У хлебную ніву ператворана нізіна, праз якую ў далёкія пасляваенныя гады вучні хадзілі напрасткі праз грэблю ў Крупіцкую сярэднюю школу. Натуральная прыгажосць наваколля радуе вока. Паэт Віктар Гардзей, даўні сябра і калега Уладзіміра Іванавіча, трапна адзначыў, што «цяжка сказаць, якая бярозка па-мацярынску прытуліла дапытлівага хлапчука, якая рабінка нашаптала яму першыя паэтычныя строфы».
— Рыфмаваныя радкі самі хлынулі, як бруістыя крынічкі, што поўняць раку майго дзяцінства Пціч, — прыгадвае Уладзімір Карызна. — З маленства, што выпала на час нямецкай акупацыі, душа прагнула нейкага выказвання. Як толькі ў нашай мясцовасці пачаўся партызанскі рух, бацька Іван Ціханавіч падаўся ў апалчэнцы, а маці Ніна Канстанцінаўна з трыма маленькімі дзецьмі на руках засталася на гаспадарцы. Потым з болем у сэрцы ўспамінала, як ратавалася ад фашысцкіх карнікаў. Добрыя людзі своечасова падказалі пра аблаву акупантаў на наш падворак, і яна не раздумваючы схапіла нас і кінулася праз агарод да падлеску. З падворка чулася нямецкае гергатанне. Азвярэлыя акупанты спалілі хату і ўсе гаспадарчыя пабудовы. У партызанскім атрадзе нас прытулілі, так і перажывалі ў лесе жахлівыя дні блакады. Дачакаліся летам 1944-га прыходу савецкай арміі. Вярнуліся ў Закружку на папялішча: амаль уся вёска была спалена. Жылі ў зямлянках, дзяліліся апошнім, талакою дружна адбудоўваліся.
У вольны час бацька браў у рукі балалайку, а маці спявала. Суседзі прыходзілі іх паслухаць. Наш радавод слыў самадзейнымі музыкамі. Дзядуля па лініі маці Канстанцін Захарэвіч у акрузе быў выбітным кавалём, спрытна майстраваў і розныя сялянскія прылады працы. Зладзіў незвычайны замок на дзвярах хаты, які адкрываўся пад гукі мелодыі. Налаўчыўся вырабляць і музычныя інструменты. Самавучкам іграў на скрыпцы. І дзядуля па бацькавай лініі таксама быў заўзяты скрыпач, таму і мяне з дзяцінства вабіла музыка.
— А калі адчулі жаданне выказвацца паэтычным радком?
— У юнацтве. Захапіўся паэзіяй рускіх класікаў Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна ў школьныя гады. І зараз чытаю-перачытваю творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Пятруся Прыходзькі, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Яўгеніі Янішчыц і іншых айчынных літаратараў. Іх спадчына — сэрца нашай Беларусі. З гадамі прыйшоў да думкі, што ў кожнага паэта ці пісьменніка свае чытачы. Гэта сапраўдная гармонія культурных зносін.
Вялікай радасцю было, калі ў маладзёжнай газеце «Чырвоная змена» надрукавалі мой верш. Вучоба на філалагічным факультэце БДУ надала болей жадання займацца творчасцю. Марыў пра ўласны музычны інструмент. Пасля вяртання з цаліны, дзе ўсё лета працавалі студатрадам, на заробленыя грошы купіў акардэон і паступова асвоіў яго. З ім адправіўся па накіраванні настаўнічаць у Опсаўскую сярэднюю школу Браслаўскага раёна. Лёсам было наканавана там сустрэць каханую. Ала Іванаўна пасля заканчэння сталічнага педінстытута імя Горкага таксама ў гэтай школе пачынала працоўную дзейнасць. Сціпла з сябрамі адзначылі шлюб. Нарадзіўся сын. З маленства Уладзімір любіў слухаць музыку, жыццёвым шляхам яго стала кампазітарства. Музычную эстафету ў нашым радаводзе пераняў унук Іван: скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і Парыжскую кансерваторыю, яго творчасць высока ацэнена на класічным Еўрабачанні і Міжнародным музычным конкурсе імя Пятра Чайкоўскага ў Маскве.
— Пасля настаўніцтва загадвалі аддзелам у галоўнай рэдакцыі музычных праграм Беларускага радыё. Песні ўсё часцей сталі гучаць у радыёэфіры, на тэлебачанні, канцэртах. Творчай дзейнасцю займаліся ў часопісах «Полымя» і «Крыніца», выдавецтве «Юнацтва». Неаднаразова прадстаўлялі рэспубліку ў замежжы. З тых вандровак што больш запомнілася?
— Не магу забыць сустрэчу ў Кембрыджскім універсітэце, дзе чытаў свае паэтычныя радкі, а потым верш Максіма Танка «Авэ Марыя». Праспяваў і песню «Пасею гурочкі...». Выступленне сінхронна перакладалі на англійскую мову. Зала пільна лавіла мелодыку нашага слова, на вачах у слухачоў былі слёзы. У такі шчымлівы момант сэрцам адчуў родную Беларусь — краіну, вялікую сваімі сынамі і дочкамі, сваёй багатай культурай.
Удалы верш ці песня надаюць настрою, а без іх апаноўвае сэрца адзінота. Паэзія — пачуццё жывое, трапяткое, як і наша жыццё. Усё геніяльнае звычайна самае простае, але ў той жа час мае глыбокі сэнс, як маці-прырода. Варта толькі прыгледзецца: навокал нічога лішняга няма, кожная расліна, жывая істота маюць прызначэнне. І сапраўдны літаратар бачыць усё гэта ў гарманічным свеце і адлюстроўвае ў творах так, каб было цікава і павучальна іншым. Адкрытасць, шчырасць, што мяжуюць з наіўнасцю, — неадменныя часткі дзейнасці майстра.
У спадчыну нам дастаўся бясцэнны скарб Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, іншых выбітных асоб зямлі беларускай. Святая справа захаваць і перадаць нашчадкам гэта багацце.
— Уладзімір Іванавіч, вам выпаў вялікі гонар абнаўляць тэкст гімна нашай краіны. Як працавалася над ім?
— Калі вырашыў удзельнічаць у творчым конкурсе, аб'яўленым Саветам Міністраў, адразу адчуў непамерную адказнасць. Кожнае слова ў галоўным музычным творы дзяржавы нясе выключна глыбокі сэнс. Гэта брэнд краіны. Сэрцам выношваў кожны радок, паўзу, знак прыпынку. Як марскія хвалі нястомна шліфуюць прыбярэжныя каменьчыкі, так абкатвалася кожная фраза для больш трапнага выказвання думкі. Вывяраў семантыку слоў. З хваляваннем прадставіў канчатковы варыянт тэксту гімна ў камісію творчага конкурсу і з нецярпеннем чакаў вынікаў. Калі даведаўся пра перамогу, вельмі абрадаваўся. Тут жа пасыпаліся віншаванні.
— Калі чуеце, як на дзяржаўных радыё і тэлеканалах гучыць новы варыянт гімна, хваляванне ахоплівае?
— Спачатку пільна прыслухоўваўся да агучанага высокапрафесійным калектывам спевакоў гімна. У ім захавана мелодыка тэксту Міхася Клімковіча. Паэт пісаў словы гімна амаль стагоддзе таму, калі наша маладая краіна стала адной з саюзных рэспублік СССР. Час многае змяніў, таму і спатрэбіўся абноўлены варыянт. Настолькі пафасна ён гучыць, што душу кранае. Ад усяго сэрца хочацца падзякаваць усім, хто прымаў удзел у гэтай даволі адказнай справе. Аўтар музыкі Нестар Сакалоўскі стварыў цудоўную эмацыянальную мелодыю. Дарэчы, у яго шмат неапраўдана забытых песень. У гады маёй маладосці яны гучалі часта па радыё, зараз толькі калі-некалі можна іх пачуць.
Лічу правільным, што ў школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах у дні свят і на іншых урачыстасцях гучыць гімн краіны. Гэтым самым выхоўваецца пачуццё патрыятызму, адданасць Айчыне.
— Любы музычны твор нясе эмацыянальны зарад. Нездарма ў народзе кажуць: як без хлеба немагчыма пражыць, так і без песні.
— Сапраўды, у савецкія часы спявалі: «Нам песня строить и жить помогает». Мелодыі, якія кранаюць душу, запамінаюцца. Ёсць і такія, што непрыкметна прамільгнулі і адышлі ў нябыт. У час працы на Беларускім радыё імкнуўся найбольш удалыя фанаграмы часцей ставіць у эфір. Актыўна з намі супрацоўнічаў кампазітар Юрый Семяняка, дагэтуль нашу ў сэрцы многія найбольш выдатныя яго творы. Памятаю, як закранула мяне яго песня на словы паэта Міхася Шушкевіча «Ты мне вясною прыснілася» ў выкананні заслужанага артыста Беларусі Юрыя Смірнова. У народзе кажуць: калі ёсць хлеб на стале, будзе і песня.
— Кранае сэрца глыбокім сэнсам ваша песня «Доля Русь наша Белая». Яна напоўнена святлом, гучыць усхвалявана, палымяна. Што падштурхнула на такія пранікнёныя радкі?
— Наша Беларусь мае багатую гісторыю: продкі захавалі і перадалі нам бясцэнную спадчыну. З мінулых стагоддзяў дайшлі паданні, балады. У гэтых народных творах адлюстравана боль страт і радасць перамог, вернасць роднай зямлі і народу. У кожнага з нас у жылах кроў Белай Русі.
У вочы глянешся — Нарач сіняя,
Светлым Нёманам — песня слынная...
З сэрца выліліся гэтыя радкі, і склалася песня. Сын Уладзімір напісаў музыку, і атрымала пуцёўку ў жыццё «Доля Русь наша Белая».
Песню не так проста напісаць. Спачатку трэба адчуць інтанацыю, інтэрвалы, каб словы ўсхвалявалі сэрца. Памятаю, як доўга выношваў кожны радок песні «Люблю цябе, Белая Русь». У той час працаваў у музычнай рэдакцыі Беларускага радыё. Зачытваў словы кампазітару Юрыю Семяняку, і ён уважліва слухаў, потым разам шліфавалі тэкст. Песня стала візітнай карткай заслужанай артысткі Беларусі Тамары Раеўскай. Высокапрафесійны артыстызм спявачкі, яе душэўнасць і ўнутранае адчуванне закладзенага ў словах і музыцы глыбокага сэнсу надалі значнасці твору. Вось так і песня «Азёры дабрыні» адразу пайшла ў народ. Сваім выкананнем узбагаціла яе спявачка ад бога Валянціна Пархоменка. І зараз адчуваю яе аксамітны голас. З гэтай песняй звязаны цікавы выпадак. На адной з дзяржаўных урачыстасцей выпала стаяць побач з Пятром Міронавічам Машэравым. Дагэтуль асабіста не былі знаёмыя. Калі партыйны лідар даведаўся, што я Уладзімір Карызна, то адразу падзякаваў за песню «Азёры дабрыні».
— Многія вашы песні папоўнілі залаты фонд беларускай песеннай культуры. Былі такія, над якімі найбольш складана працавалася?
— Імкнуўся, каб кожная песня адгукалася ў сэрцах людзей. Важна не толькі стварыць твор, але і хто яго будзе прэзентаваць. Днямі па радыё з захапленнем слухаў запісаную раней песню «Зорачка мая» ў выкананні заслужаных артыстаў Беларусі Наталлі Раманскай і Якава Навуменкі. Цудоўны творчы дуэт. Мае рыфмаваныя радкі дакладна паклаў на музыку народны артыст Беларусі кампазітар Леанід Захлеўны. З прыемнасцю слухаю заўжды па радыё ці на канцэртах, як Нацыянальны акадэмічны хор імя Генадзя Цітовіча выконвае маю песню «Беларусь мая сінявокая». Многія гады гэтым слынным калектывам кіраваў народны артыст Беларусі прафесар Міхась Паўлавіч Дрынеўскі. У студыі Дома радыё з ім разам запісвалі шмат розных музычных твораў. У вершы «Хор Цітовіча» геніальнаму творцу прысвечаны радкі:
Ты, як учора, так і сёння,
Калі ўраджай ці неўмалот,
Даеш усім нам хлеб надзённы —
Шчасліва славіш наш народ.
— А што для вас значыць слова «хлеб»?
— Бацькі з дзяцінства прывучалі мяне беражліва ставіцца да хлеба. Ён ратаваў людзей у галодныя ваенныя і пасляваенныя гады, заўжды ў нашым доме займаў пачэснае месца на стале. І праз дзесяцігоддзі нясу ў памяці яго духмяны пах. Радуюся за кожны поспех нашых хлебаробаў. Дзякуючы іх руплівасці краіна забяспечана ўсім. Калі ёсць хлеб, будзе і месца песні. У час маёй працы на Беларускім радыё пастаянна атрымлівалі пісьмы ад слухачоў з просьбамі перадаць любімую песню. Да кожнага ліста ставіліся ўважліва, імкнуліся выконваць заяўкі. Разумелі, што гэта адыгрывае выхаваўчую ролю ў грамадстве. Песня павінна крочыць з намі ў радасныя і цяжкія моманты. Традыцыяй у нас было ладзіць выязныя канцэрты. Дабіраліся ў самыя аддаленыя куточкі рэспублікі, у перапоўненых калгасных клубах яблыку не было дзе ўпасці. Ладзілі выступленні і ў гарадскіх дамах культуры, і на заводах, фабрыках. Усё гэта надавала настрою людзям, працавала на карысць краіны.
Без песні няма народа, яна мацуе яго. Якія глыбокія па сэнсе беларускія, рускія, украінскія спевы! У цяжкі ваенны час байцы крочылі з песняй у атаку і мужна змагаліся. Песня як хлеб: духоўна ўзбагачае нас, надае настрою.
— Да паэта, кампазітара грамадству варта адносіцца як да асоб, якія назіраюць за жыццём і выказваюць думкі ў новых творах. Адчуваеце такія адносіны да сябе?
— Як не заўважаць, калі адчуваеш запатрабаванасць сваёй дзейнасці. Удзячны кіраўніцтву краіны за высокую ацэнку маёй творчасці, такое ўважлівае стаўленне надае настрою. Кожная новая песня нясе асаблівы зарад, які прайшоў праз сэрца аўтара. Увасобленая ў творы ідэя застаецца жыць навечна. Шмат зроблена-перароблена, але жаданне тварыць, як і бываць у родных мясцінах, заўсёды ёсць.
— Ці часта наведваецеся ў родную Закружку?
— Нават калі не атрымліваецца бываць там, у думках на росным лузе, ля імклівай Пцічы. Мару ўзяцца рукой за клямку бацькоўскай хаты, чакаю сустрэч з землякамі. У 85 гадоў не заўжды атрымліваецца так, як хочацца. Лета звычайна бавім з жонкаю Алай Іванаўнай на яе роднай Браслаўшчыне. Каля возера Дрывяты наша лецішча, гаспадарчых клопатаў хапае. Трымаю ў сэрцы родную школу, дзе вучыўся. З артыстамі не аднойчы арганізоўвалі творчыя сустрэчы ў Крупіцы, у задумах з сынам Уладзімірам і ўнукам Іванам зладзіць там творчы вечар для землякоў.
— Уладзімір Іванавіч, што пажадаеце чытачам, прыхільнікам вашага таленту?
— Здароўя, добрага настрою, поспехаў у працы і ладу ў сем'ях, каб шчасцю было месца ў сэрцы і панавала ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
— Шаноўны Уладзімір Іванавіч, дзякуй за такія цудоўныя пажаданні. Прыемна вам адзначыць свой 85-ты дзень нараджэння. Няхай доўжыцца сямейная супольнасць з Алай Іванаўнай і мацуецца творчае натхненне!
subbat50@mail.ru
Один из авторов Государственного гимна Беларуси – известный поэт Владимир Каризна: есть хлеб – будет песня
Адзін з аўтараў Дзяржаўнага гімна Беларусі — вядомы паэт Уладзімір Карызна: «Галоўны музычны твор гучыць патрыятычна, пафасна і душу кранае»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.