Дзесяць дзён у самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны тут стойка ўтрымлівалі свае пазіцыі воіны 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Раманава. Асабліва адзначыўся 388-ы стралковы полк палкоўніка Сямёна Куцепава. Узброеныя да зубоў варожыя фарміраванні націскалі, каб уварвацца ў горад. 12 ліпеня 1941 года нямецкія танкі лавінаю рушылі на лінію абароны, што пралегла каля прыгараднай вёскі Буйнічы. Завязаўся жорсткі бой. Плавіўся метал, палала зямля. Было знішчана 39 гітлераўскіх танкаў. Бітва на Буйніцкім полі, як і гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, — значная гераічная старонка ў гісторыі трагічнага першага года вайны. Абарона Магілёва прытармазіла шэсце фашыстаў, парушыла забеспячэнне гітлераўскага войска, затрымала яго рух на Маскву і стала прыкладам пры падрыхтоўцы іншых ваенных аперацый.
Спакойна і ціха майскімі днямі на залітым сонечнымі промнямі Буйніцкім полі. За дзесяцігоддзі мірнага жыцця на знявечанай вайной зямлі пра мінулыя ваенныя падзеі нагадвае толькі супрацьтанкавы роў. У невялікім Возеры слёз ніцыя вербы палошчуць свае галінкі-косы. У люстэрка вады ўглядаецца стромкая праваслаўная капліца з чырвонай цэглы. Да святыні вядуць выкладзеныя плітамі алеі. Пад цёплымі сонечнымі промнямі ажываюць маладыя дрэўцы. Нібыта кроплямі расы, мурожны прастор мемарыяла ўсыпаны пяшчотнымі маргарыткамі. За ваколіцай Буйнічаў у шырокай нізіне блакітнай стужкай перасякае мясцовасць паўнаводны Днепр. Вясна ўладарыць у гэтым унікальным на гістарычныя падзеі прыгарадзе Магілёва.
Па шырокай алеі, што ад параднай аркі вядзе да капліцы, крочыць маладая пара з букетамі жывых кветак. Лёгкі ветрык увіхаецца за вэлюмам нявесты. Традыцыяй стала для маладажонаў у вясельны дзень пакланіцца мужным героям Буйніцкага поля.
Побач з капліцай юныя турысты слухаюць расповед экскурсавода. А на заасфальтаванай пляцоўцы перад экспазіцыяй баявой тэхнікі дзяўчаты, апранутыя ў ваенную форму 1940-х гадоў, пад мелодыю легендарнай «Кацюшы» кампазітара Блантэра репеціруюць музычны нумар.
— Рыхтуемся да Свята Перамогі, — у перапынку жвава адрапартавала ўдзельніца прадстаўлення Алена Яцкова. — Працуем фармацэўтамі, у Год гістарычнай памяці больш пільна вывучаем яркія старонкі мінулага нашага горада. Для нас святое Буйніцкае поле. Тут увекавечаны подзвіг гераічных чырвонаармейцаў, аб якім усёй краіне расказаў таленавіты франтавы рэпарцёр Канстанцін Сіманаў. Ваенныя падзеі, што адбыліся ў гэтым прыдняпроўскім куточку, адлюстраваны ў яго рамане «Жывыя і мёртвыя». Пісьменнік пасля вайны прыязджаў сюды. Прыемна, што мемарыял прызнаны культурнай каштоўнасцю Беларусі. Страшэнная вайна пакінула след амаль у кожнай беларускай сям'і. Мой дзядуля прайшоў баявымі шляхамі да пераможнага мая 1945 года. Пра вайну не любіў узгадваць: было псіхалагічна цяжка. Дзякуючы такім франтавікам, як мой дзед, магу спакойна выхоўваць сына.
Да размовы далучылася фармацэўт Уладзіслава Лянькова:
— І мой дзядуля Іван Міхайлавіч Садоўскі змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе. Пра перажытае ў ваенны час ён мала гаварыў, толькі паўтараў, што надта цяжка было. Наказваў берагчы спакой, каб такое больш на нашай зямлі не паўтарылася.
Удзельніцы святочных мерапрыемстваў у Магілёве: фармацэўты Алена ЯЦКОВА, Віталія НІКІЦІНА, Яўгенія ХАРКЕВІЧ і Уладзіслава ЛЯНЬКОВА.
— Для мяне Буйніцкае поле — святая мясціна, сапраўдны гонар зямлі беларускай, — падкрэсліла магіляўчанка Вікторыя Лыскавец. — Столькі вытрымала гэта зямля ў ваеннае ліхалецце. У Магілёў мы з мужам і дачкою прыехалі з Расіі. Муж — кадравы афіцэр. Жылі ў Калінінградзе, на Урале, а цяпер абжываемся тут. З дачкой Ірынай і ўнукам Макарам прыйшлі аддаць даніну павагі мужным абаронцам горада. Страшна ўявіць, што было тут у першае ваеннае лета.
Буйніцкі мемарыяльны комплекс уваходзіць у структуру Музея гісторыі Магілёва. Два мінулыя гады пандэмія стрымлівала паток турыстаў. З вясны больш актыўна сталі прыязджаць арганізаваныя групы. Ля капліцы перад тэлекамерай людзі выказвалі свае пачуцці. На прыступках юных краязнаўцаў з Чавускага раёна чакаў навуковы супрацоўнік музея Пётр Хаванскі. Час дазваляў, і мы зайшлі ў капліцу. У яе цэнтры — маятнік Фуко. Пётр Іванавіч перавёў позірк на падлогу і паведаміў, што ў сутарэнні захоўваюцца астанкі воінаў, што загінулі ў час баёў на гэтым полі.
На абліцаваных светлым мармурам сценах усталяваны дошкі з выбітымі прозвішчамі воінаў і народных апалчэнцаў — абаронцаў Магілёва.
— Ці даводзілася заносіць на іх новыя імёны? — цікаўлюся ў Пятра Іванавіча.
Навуковы супрацоўнік магілёўскага музея Пётр ХАВАНСКІ.
— На адной з іх выбіта імя ўраджэнца Клімавіцкага раёна Рыгора Фёдаравіча Гаронькіна, якога лічылі загінуўшым. Пасля адкрыцця мемарыяла прыехаў яго сын. Ён убачыў прозвішча бацькі і расказаў, што да вайны той скончыў Магілёўскі педінстытут. На Буйніцкім плацдарме быў цяжка паранены і трапіў у спіс загінуўшых. Але Гаронькіна ўдалося адправіць апошнім чыгуначным эшалонам з акружанага фашыстамі Магілёва ў ваенны шпіталь расійскага горада Горкі. Лячыўся да мая 1942 года. Пасля выздараўлення закончыў школу дыверсантаў і праз Суражскія вароты прабраўся ў тыл ворага. Да канца вайны партызаніў на Магілёўшчыне. Пасля Перамогі настаўнічаў у Камянцы, а потым узначальваў раённую газету. Сын перадаў нам фотаздымкі бацькі. Так устанавілі гісторыю аднаго з абаронцаў горада. Гэтым фактам зацікавіліся вучні Мілаславіцкай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна, адкуль баец Рыгор Фёдаравіч Гаронькін. Мы ім перадалі матэрыялы пра мужнага земляка.
На адной з мемарыяльных пліт выбіта прозвішча ваенурача другога рангу Окаракава. Лічылася, што ён прапаў без вестак. У мемарыял прыехала яго дачка і папоўніла інфармацыю пра бацьку. Прозвішча дзеда Паўла Зуева прачытаў на дошцы ў капліцы ўнук Віктар з Тульскай вобласці. Баец лічыўся прапаўшым без вестак. Удзячны нашчадак паведаміў, як склаўся пасляваенны лёс дзядулі. Для супрацоўнікаў музея кожнае імя абаронцаў Магілёва — дарагое. Кранальная гісторыя ўрачоў Кузняцова, Паршына і Пашаніна. Па загадзе генерал-маёра Раманава яны засталіся ў шпіталі. Фашысты ўварваліся туды і ўсіх параненых абвясцілі ваеннапалоннымі. Урачы хутка перапісалі дакументы: камуністаў аформілі як беспартыйных, афіцэраў — як радавых. Афармлялі ліпавыя смерці. Параненыя ноччу збягалі са шпіталя ў лес да партызан. Рызыкуючы жыццём, дактары перадавалі ў атрад медыкаменты. Здраднік здаў іх, і 17 лістапада 1941 года фашысты павесілі ўрачоў на плошчы, якую пасля вайны назвалі плошчай Славы. Унучка камандзіра асобнага медыка-санітарнага батальёна Паршына, якая жыве ў Арлоўскай вобласці Расіі, прыязджала з мужам у Магілёў. Знешне яна падобна на гераічнага доктара Паршына, фота якога захоўваецца ў нашым музеі.
— Пётр Іванавіч, Буйніцкае поле ўвайшло ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Пэўна, запомнілася тая жорсткая бітва і ворагам?
— Думаю, што так. Да мяне аднойчы ў час экскурсіі звярнуўся стары чалавек, ён ледзьве ногі перастаўляў. Праз перакладчыка паведаміў, што на гэтым полі танкістам ваяваў яго бацька, які пад Смаленскам быў цяжка паранены і стаў інвалідам. Пра Буйніцкае поле ён казаў, што гэта было сапраўднае пекла. І сын вырашыў пабываць там. Турыст прасіў прабачэння. Ён падышоў да нямецкага трафейнага танка (у 1994 годзе яго выцягнулі з ракі Друць) і доўга аглядаў яго.
— Па другі бок капліцы экспазіцыя савецкай баявой тэхнікі ваенных часоў. Чым былі ўзброены абаронцы Магілёва?
— Варожы ваенны арсенал на подступах да горада значна перавышаў баявы моц абаронцаў. Тым не менш байцы 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Раманава перакрылі наступаючаму ворагу бабруйскі шлях. Дзесяць дзён гераічна трымалі абарону. Пярэдні край яе праходзіў побач з узведзенай капліцай.
Канстанцін Сіманаў у сваім ваенным дзённіку, а потым і ў рамане «Жывыя і мёртвыя» ўвекавечыў падзеі, якія разварочваліся на Буйніцкім полі. Ён быў рэпарцёрам ваеннай газеты і разам з фотакарэспандэнтам Паўлам Трошкіным стаў сведкам легендарнага бою 13 і 14 ліпеня 1941 года. Памятаю, як на мінскай сустрэчы савецкіх пісьменнікаў у 1970-я гады Сіманаў дзяліўся ўспамінамі пра гэты бой. Яго франтавому калегу ўдалося сфатаграфаваць падбітыя нямецкія танкі. 20 ліпеня 1941 года ў газеце «Известия» быў надрукаваны нарыс Канстанціна Сіманава «Гарачы дзень» і фотаздымкі Паўла Трошкіна. Журналіст расказваў пра чатырнаццацігадзінны бой і адзначаў храбрасць і ўмеласць абаронцаў Магілёва. Палкоўнік Сямён Куцепаў стаў прататыпам галоўнага героя рамана «Жывыя і мёртвыя». Менавіта яго полк змог стварыць трывалую абарону і адбіць танкавую атаку на Буйніцкім плацдарме.
Сіманаў лічыў, што тая камандзіроўка на фронт у пачатку вайны стала самай галоўнай падзеяй у яго жыцці. Родным ён пакінуў запавет свой прах развеяць над Буйніцкім полем. Сын Аляксей так і зрабіў. Кожную вясну гэтае поле засяваюць хлебаробы. Каля дарогі ўсталяваны памятны знак. Пісьменнік пісаў «…Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, аднак у мяне ёсць кавалачак зямлі, які мне век не забыць, — поле пад Магілёвам, дзе я ўпершыню ў ліпені 1941 года бачыў, як нашы на працягу аднаго дня падбілі і спалілі 39 нямецкіх танкаў...»
Пасярод поля нават у спякоту не перасыхае Возера слёз. У Год гістарычнай памяці адчувальна цікавасць да мемарыяла. Прыязджаюць групы турыстаў розных узростаў. У Дзень Перамогі чакаюць на Буйніцкім полі нашчадкаў тых, хто стрымліваў варожае наступленне ў першыя дні вайны. На мемарыяльных плітах у капліцы выбіты амаль паўтысячы прозвішчаў. Устаноўлена, што ў абароне Магілёва ўдзельнічала каля 5500 чалавек. На дзяржаўным узроўні прынята рашэнне аб стварэнні на Буйніцкім полі гістарычнага музея. Адну з новых вуліц аграгарадка Буйнічы плануецца назваць у гонар Канстанціна Сіманава.
У Магілёўскім дзяржаўным лесатэхнічным агракаледжы імя К. П. Арлоўскага, што размешчаны побач з мемарыялам, дзейнічае музей Канстанціна Сіманава. Ініцыятарам яго стварэння была педагог з Краснадара Тамара Сяргееўна Кучко. У вайну яна змагалася з ворагам на тэрыторыі Беларусі. У мірны час выкладала ва ўніверсітэце на Кубані. Захапілася творчасцю Сіманава, збірала пра яго матэрыялы. У 2000 годзе прывезла ў каледж сваю экспазіцыю. Пераабсталявалі адзін з вучэбных кабінетаў у музей пісьменніка. Тамара Сяргееўна жадала прывіць моладзі патрыятызм. Яна прыязджала на ўрачыстае адкрыццё адзінага ў Беларусі музея Канстанціна Сіманава.
Педагогі каледжа ладзяць выхаваўчыя гадзіны на Буйніцкім полі, тым самым нагадваючы навучэнцам пра страшэнную трагедыю, якая тут адбылася ў ваенны час. На тэрыторыі вучэбнай установы захаваўся арыгінальны дзот. Побач з ім адноўлена вышка, з якой добра праглядаецца ўвесь Дняпроўскі плацдарм. У Год гістарычнай памяці ў каледжы актывізавалася патрыятычна-выхаваўчая работа. Навучэнцы ўдзельнічаюць у абласным мерапрыемстве «Героі маёй сям'і», вывучаюць архівы былых франтавікоў, партызан. Ваенна-патрыятычнай дзейнасцю кіруе вопытны педагог Святлана Васільеўна Арлоўская. Яе выхаванцы самастойна праводзяць экскурсіі на Буйніцкім полі, у музеі Канстанціна Сіманава.
Вянкамі і жывымі кветкамі ўшануюць герояў Буйніцкага ратнага поля ў Дзень Перамогі. Тут, як і ва ўсёй Беларусі, ніхто не забыты і нішто не забыта!
subbat50@mail.ru
Фота аўтара і з архіва музея Канстанціна Сіманава.