Няма жыцця на чарнавік, а дзіцячая пара не рэпетыцыя дарослай — пісьменніца Іна Фралова за прыгодніцкімі тэмамі падае больш сур'ёзныя кірункі
У пісьменніцы Іны Фраловай — папаўненне на кніжнай паліцы. У выдавецкім доме «Звязда» выйшаў яе зборнік апавяданняў для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Залатыя рыбкі». Кніга складаецца з дзевяці амаль праўдзівых гісторый. У анатацыі сказана: «Усё, пра што аўтар апавядае, магло здарыцца і ў рэчаіснасці. Галоўныя героі апавяданняў — звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія апынуліся ў сітуацыі маральнага выбару. Магчыма, у адным з герояў маленькі чытач пазнае сябе». Мастак Святлана Стахоўская зрабіла выдатныя малюнкі Настачкі, Веранічкі, Вадзіма — словам, усіх маленькіх герояў.
Знаёмімся з той самай Настачкай, якая марыла хутчэй стаць дарослай і штовечар пасля дзіцячага садка правярала, ці падрасла. Нават станавілася на дыбачкі, але бацькі рабілі выгляд, што гэтага не заўважалі. Адна звычайная будзённая гісторыя расставіла ўсё на свае месцы. Мама захварэла, і Настачка ўзяла на сябе клопат па гаспадарцы: вымыла посуд, разаслала абрус, расклала лыжкі і відэльцы. Тата заўважыў, што дзяўчынка падрасла. А Настачка так і не зразумела, адкуль ён зрабіў такі вывад, бо яна ж сёння не мерала свой рост. Добрае, цёплае, шчырае апавяданне, прачытаўшы якое малы чытач цвёрда ўсвядоміць: каб стаць дарослым, неабавязкова мець высокі рост. Сталенне вымяраецца іншымі катэгорыямі.
Адметнасць твораў — прыгожая беларуская мова, дзе часам можна сустрэць дыялектызмы. Ад гэтага чытанне становіцца яшчэ больш захапляльным і пазнавальным.
Восем апавяданняў пра жыццё, сталенне, выхаванне дзяцей. Нездарма першая спецыяльнасць у Іны Фраловай — «дашкольнае выхаванне». Аўтар расказвае, што пісаць для малечы складана:
— Тут не дапамогуць ні рэгаліі, ні членскія білеты. Галоўны суддзя — маленькі чытач, унікальны, непасрэдны. Галоўны крытэрый для яго — цікава або не. На першы погляд можа здацца, што гладкі, зразумелы, вобразны тэкст сам кладзецца на паперу, а гэта зусім не так. За кнігай, нават невялікага памеру, стаіць складаная праца.
«Залатыя рыбкі» — не першая дзіцячая кніга Іны Фраловай. Папярэднічалі «Вясковыя вакацыі», дзе знаёмімся з галоўнай гераіняй Лізкай. Яна вымушана правесці летнія канікулы (бо ўсе планы парушыў каранцін) у вёсцы Белая Лужына ў бабулі з дзядулем.
— Дзяўчынка спачатку не ведала, як тры доўгія месяцы скаратаць без інтэрнэту, — усміхаецца пісьменніца. — Аднак сядзець у ім гадзінамі, як гэта звычайна было ў горадзе, проста неставала часу. Незаўважна для сябе гарадская прынцэса знайшла ў сваім сэрцы столькі любові, спагады і разумення да братоў нашых меншых, да кветак, да дрэў, да ўсяго навакольнага свету, што адчула сябе часцінкай вялікай сям'і.
«Андрэйкава лета» — зборнік апавяданняў Іны Фраловай для маленькіх дзяцей, каб яны чыталі разам з бацькамі і многаму вучыліся. Героі — часта шкоднікі, гарэзы і свавольнікі, а ў душы чуллівыя і спагадлівыя.
— Стараюся пачаць з весялейшай прыгодніцкай тэмы, каб захапіць юнага чытача, а потым прапаную рэчы больш сур'ёзныя, — разважае пісьменніца. — Напрыклад, «Андрэйкава лета» вучыць, што няма жыцця на чарнавік, а дзіцячая пара не рэпетыцыя дарослай. Андрэйка ўсё лета гуляў з сабакам і раптоўна на год з'ехаў у горад. Больш чатырохногі таварыш яго не прызнаў і не прыняў з рук ежы. Чаму — маленькі чытач мусіць задумацца.
На прэзентацыях Іна Фралова станавілася сведкай, што не ўсе даюць правільныя адказы. Маўляў, харчы былі пратэрмінаванымі, а катлета — вегетарыянскай. Але справа далёка не ў гэтым. Сабака пакрыўдзіўся, што хлопчык пакінуў яго надоўга. Сяброўства — вялікая адказнасць. Гэтым і іншым маральным каштоўнасцям вучыць пісьменніца ў кнігах.
— Акрамя выхавання добрых якасцей, стараюся ў творах нагадаць пра подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, паглыбіцца ў гістарычную тэматыку, — падкрэслівае Іна Фралова. — Так, у «Вясковых вакацыях» героі знайшлі старажытны куфар, дзе пачарпнулі многа цікавых ведаў. Такія прыклады выкарыстоўваю бадай у кожным творы.