У Мінску праходзіць Міжнародны форум «Вялікая Перамога, здабытая адзінствам», удзельнiкам якога накiраваў прывiтанне Прэзiдэнт.
Форум сабраў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы, экспертнай і навуковай супольнасцей, лідараў маладзёжных арганізацый з краін СНД, Балтыі і Грузіі.
«Глыбока сімвалічна, што форум праходзіць на беларускай зямлі. За сваю Перамогу, за свабоду наш народ заплаціў найцяжэйшую цану ў той страшнай вайне. Сваім чорным крылом яна закранула кожную сям’ю», — адзначыла міністр інфармацыі Лілія Ананіч. І нагадала, што 209 з 270 гарадоў і райцэнтраў, а таксама больш за 9 тысяч вёсак краіны пацярпелі ад захопнікаў. У Беларусі акупанты стварылі 260 лагераў смерці і 170 гета.
«Савецкія салдаты не думалі аб нацыянальнасці, яны былі адзіныя. Значыць, і Перамога адзіная і будзе заўсёды непадзельная», — падкрэсліла Лілія Ананіч.
Павагу да ветэранаў і загінуўшых герояў, якія вынеслі на сваіх плячах цяжар Вялікай Айчыннай вайны, выказаў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота: «Гэта перамога народа, якая ілюструе вайсковую доблесць і самаахвяраванне. Гэта праява вышэйшай высакароднасці ў нечалавечых умовах. Пытанне заключаецца толькі ў тым, ці варта людзей ставіць у гэтыя ўмовы. Трэба дзесяць разоў падумаць, перш чым звяртацца да зброі».
У тым, што наша моладзь не толькі захавае, але і раскажа новым пакаленням праўдзівую гісторыю той вайны, гасцей форуму запэўніў першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў: «Па ўсёй краіне добраўпарадкаваны воінскія пахаванні, помнікі і абеліскі. Рэалізаваны рэспубліканскі інтэрнэт-фотапраект «70 гадоў міру», усебеларуская патрыятычная акцыя «Ліст Пераможцу!», фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць», маладзёжная акцыя «Звон смутку», праект «Мой фільм пра вайну» і многія іншыя».
Дарэчы, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве БРСМ упершыню стартавала маштабная сацыяльная акцыя «Кветкі Вялікай Перамогі». Яна заклікана ўмацаваць адзінства нашага народа і аддаць даніну доблесці і мужнасці герояў, якія змагаліся за свабоду роднай зямлі ў гады вайны. Сімвал праекта — кампазіцыя з яблыневага цвету і чырвона-зялёнай стужачкі. Ён увасабляе непарыўную сувязь пакаленняў і шчырую ўдзячнасць воінам-героям.
Учора быў вялікі старт праекта: адкрыліся інтэрактыўныя пляцоўкі, тэматычныя выставы, разгарнуліся рэканструкцыі баявых дзеянняў. «Цэнтральным мерапрыемствам акцыі стане опэн-эйр «Кветкі Вялікай Перамогі», у час якога 8 мая на Кастрычніцкай плошчы Мінска разгорнецца маштабная разнапланавая інтэрактыўная экспазіцыя», — расказваюць у ЦК БРСМ. Кожная вобласць і Мінск прадставяць свае тэматычныя пляцоўкі, тэатралізаваныя пастаноўкі, перасоўныя музейныя экспазіцыі. Усе жадаючыя змогуць зрабіць фота на памяць ля экспанатаў выставы рэканструяванай і адноўленай ваеннай тэхнікі, рэтра- і класічных аўтамабіляў.
У ТЭМУ
Акцыю да Дня Перамогі таксама арганізуе «Белпошта». 5 мая пройдзе промамерапрыемства «Адпраўце вестачку ветэрану Вялікай Айчыннай вайны». «Усе жадаючыя будуць мець магчымасць падпісаць паштовыя карткі ў адрас ветэранаў са словамі ўдзячнасці за мір на роднай зямлі», — расказваюць прадстаўнікі «Белпошты».
Юлiя ІОСІФАВА