Сярод гасцей незвычайнага адкрытага ўрока былі Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, консул Антаніна Струнеўская.
Напрыканцы падводзіліся вынікі Міжнароднага конкурсу малюнкаў па аповесці “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра, які ладзілі Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, аддзелы адукацыі Браслаўскага і Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці Беларусі.
Так уяўляе палескіх рабінзонаў Мікалай Садоўскі
Ва ўзроставай групе 13-16 гадоў на I месцы аказалася Вікторыя Толсцік з Глыбоцкага раёна, на II — навучэнкі беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” з Даўгаўпілса, сёстры Надзея і Марына Чарновы. Сярод удзельнікаў малодшай узроставай групы, ад 9 да 12 гадоў, дыплом за I месца атрымала Настасся Чэркас з Браслава, другое месца заняў Мікалай Садоўскі з Глыбоцкага раёна, трэцяе падзялілі паміж сабой Элеанора Марчанка і Вераніка Данясевіч з Даўгаўпілса.
Усім дзецям былі ўручаны падзякі за ўдзел у конкурсе. А пераможцы атрымалі падарункі ад суполкі “Уздым”, Цэнтра беларускай культуры і Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе. Сапраўды апошні званок прагучаў для сёлетніх выпускніц Караліны Казачонак, Марыны і Надзеі Чарновых. Званіла ж у званочак самая малодшая вучаніца школы Аляксандра Лазовік. Песняй павіншавалі выпускнікоў Сафія Блізнакова і Дарына Растоўская. У іх выкананні прагучала латышская народная песня ў перакладзе на беларускую мову супляменніка з Даўгаўпілса, паэта Станіслава Валодзькі.
Выпускнікам былі ўручаны дыпломы аб заканчэнні школы, падарункі ад Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе і суполкі “Уздым”.
А наперадзе ў “Вясёлкі” шмат планаў. Сярод іншых — развіваць супрацоўніцтва са школамі Беларусі. Дарэчы, сяброўскія стасункі наладжаны ў школы з браслаўскай гімназіяй. Летась, напрыклад, вучні “Вясёлкі” ўдзельнічалі ў лінгвакультаралагіч-ным лагеры ў Браславе.
Дарэчы, і свята “Апошні званок”, і конкурс малюнкаў удалося правесці, дзякуючы праекту “Baltkrievu brivdienas skolas attīstība”, які атрымаў фінансаванне ад ад гарадской думы. А ў чэрвені запланаваны паход за горад вучняў школы разам з бацькамі і настаўнікамі.
Людміла Сінякова, г. Даўгаўпілс, Латвія
Голас Радзімы № 22 (3574), чацвер, 14 чэрвеня, 2018 у PDF