В Ракутевщине по старой доброй традиции провели фестиваль, посвященный памяти Максима Богдановича

Ад родных ніў, ад роднай хаты...

У Ракуцёўшчыне па старой добрай традыцыі ўшанавалі памяць Максіма Багдановіча

Па ўжо добрай 40-гадовай традыцыі паэтычны фестываль «Ракуцёўскае лета» пад Маладзечна зноў сабраў прыхільнікаў роднай культуры, паэзіі і песні, жадаючых адпачыць на свежым паветры. Класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч у 1911 годзе прыехаў з Яраслаўля ў родную краіну і правёў у Ракуцёўшчыне самае запамінальнае і творчае лета. Гэты візіт стаў яго першым дарослым знаёмствам з Беларуссю.


Арганізаваў атмасферны фестываль Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. І як заўсёды, на высокім узроўні. Да свята ў фальварку зроблены рамонт, падрыхтаваны пленэры, творчыя конкурсы, выставы, майстар-класы, выступленні таленавітых артыстаў — праграма яркая і насычаная. Паўдзельнічала вялікая дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі.

— Першае свята адбылося 40 гадоў таму, годна працягваем слаўную традыцыю, — падкрэсліў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік. — У рэспубліцы шмат увагі надаецца захаванню і распаўсюджванню нашай культурнай спадчыны. Сабраліся на фестывалі сталыя і маладыя паэты, шмат дзяцей. З кожным годам народу больш, а гэта сведчыць пра тое, што цікавасць да падобных імпрэз расце.

Добрая традыцыя — ушаноўваць таленавітую моладзь. Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос уручыў членскі білет Аксане Мітрошчанка.
— Літаратурны вянок прыгожага пісьменства, які ў свой час пачаў маляваць Максім Багдановіч, працягваюць сучасныя творцы. Бачым, што іх рады папаўняюцца,
— адзначыў ён.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў быў першым дырэктарам музея імя Максіма Багдановіча, ствараў паэтычнае свята на Ракуцёўшчыне і разам з калегамі па пяры закладваў сад ля памятных Максімавых камянёў:

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.

— Менавіта на Ракуцёўшчыне Максім Багдановіч упершыню адчуў сябе беларусам, пачуў роднае слова, зразумеў, якая гэта неўміручая зямля. Першае свята беларускай паэзіі ў 1983-м арганізавалі разам з пісьменнікамі, Маладзечанскім райвыканкамам і Красненскім сельсаветам. Прыязджаю сюды і ўспамінаю гады сваёй працы. Прыемна, што справа жыве, музей дзейнічае, збіраюцца людзі незвычайнай душэўнай прыгажосці, улюбёныя ў паэтычнае слова, Радзіму, мірнае неба.
Сваё знакамітае лета 19-гадовы Максім Багдановіч правёў у фальварку Вацлава Лычкоўскага, дзядзькі братоў Луцкевічаў. Маёнтак, акружаны з усіх бакоў глухімі барамі, забыты, здавалася б, самім Богам, стаў для творцы сімвалам роднага краю. 
Багдановіча пасялілі ў невялічкі дом арандатара. Паэт шмат гутарыў з мясцовымі жыхарамі, слухаў беларускую мову і даследаваў навакольную прыроду. Кранала душу тут усё: і роднае слова, і ўклад жыцця. Была і жанчына, маладая пляменніца гаспадыні, усмешка якой дарыла адзінокаму Максіму замілаванне. Ён адчуваў сябе ў Ракуцёўшчыне шчаслівым. Свежае паветра, прагулкі, гасціннасць гаспадароў — усё ішло на карысць, тут радасна і глыбока дыхалася хвораму на сухоты Максіму.


У фальварку адноўлена хата гаспадара, а ў першую чаргу дамок арандатара, дзе паэт жыў асобна. Як сцвярджаў ён сам, тут вельмі добра пісалася. Невыпадкова за кароткі час склаў лепшыя творы: цыклы «Старая Беларусь» і «Места», паэмы «Вераніка» і «У вёсцы». Дарэчы, тут нарадзіўся адзін з самых знакамітых вершаў «Слуцкія ткачыхі». Пасля ракуцёўскага лета крытыкі назавуць Багдановіча песняром чыстай прыгажосці.

Ёсць у гэтым краі яшчэ адно цудоўнае месца — крыніца жывой вады, пра якую паэт пісаў:

У родным краі ёсць крынiца жывой вады.
Там толькi я змагу пазбыцца сваёй нуды…


— Крыніца дагэтуль поіць нас натхненнем і жыватворным сокам, — акцэнтаваў увагу радыё- і тэлежурналіст Навум Гальпяровіч.  Піў з яе і Максім, каб адчуць прыгажосць роднага слова. Між іншым ужо ў дзевяць гадоў ён напісаў першы верш па-беларуску, чым быў вельмі здзіўлены тата Адам Ягоравіч. А тое, што крыніца бруіцца і зараз, — сведчанне жыцця і развіцця нашай культуры.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter