Кніга піцерскага беларуса прысвечана родным людзям, роднай вёсцы і мясцінам азёрнай Вушаччыны. Ну як адчуваў Васіль Іванавіч, што ў Беларусі ў 2018-м будзе Год малой радзімы! І рыхтаваўся да яго. Мяркуйце самі. У 2016-м выйшла яго кніга “О тех, кто дороги мне”. Пра тое мы пісалі ў артыкуле “Да землякоў — з паклонам: У вёсцы Матырына Васіль Шалак прэзентаваў сваю кнігу, прысвечаную родным яму людзям” (ГР, 8.09.2016). Дарэчы, апісваючы цесныя повязі палкоўніка ў адстаўцы з роднаю Вушаччынай (Віцебская вобласць), з песеннаю вёскаю Матырына, мы ў канцы тэкста разважалі: “Можа з лёгкай рукі Васіля Шалака ды мясцовых культработнікаў у Матырыне і праз год традыцыя збірацца разам прадоўжыцца? Можа то будзе свята “Клёцкі з душамі”? Можа — Свята вёскі, на якое збяруцца цікавыя матырынцы з усяго свету? А можа Васіль Іванавіч прывязе на бераг роднага Матырынскага возера кнігу, якая загаворыць з землякамі па-свойску, “голасам роднай зямлі”?
І вось жа — прывёз на пачатку 2018 года ўдзячны сын роднай старонцы новую кнігу: “Роздумы на вясковай лаўцы”. Салідная: 266 старонак. Прычым выйшаў зборнік мемуарна-дакументальных нататкаў, шчодра сагрэтых любоўю, дабрынёй, а часам і дасціпным гумарам аўтара, на роднай Васілю Іванавічу беларускай мове. Сам усё, пісаў нам у рэдакцыю, перакладаў! Што, лічу, для былога вайскоўца, які да таго ж служыў у асноўным за межамі Бацькаўшчыны, — подзвіг. З былых афіцэраў-беларусаў у замежжы, якія не толькі добра гавораць, але й і пішуць па-беларуску, можна згадаць Алега Рудакова з Іркуцка ды пісьменніка Валерыя Казакова ў Маскве (ён узначальваў Федэральную нацыянальна-культурную аўтаномію “Беларусы Расіі”). А можа мы не ўсіх ведаем? То падкажыце, раскажыце пра падобных рупліўцаў на ніве беларускай мовы, што жывуць у замежжы ды маюць і афіцэрскую службу за плячыма.
Не скажу, аднак, што пераклады ў Васіля Іванавіча ў тандэме з сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі атрымаліся гладкімі ды ўдалымі. Яно і зразумела: любая мова, нават родная, каб ёй валодаць дасканала, патрабуе пастаяннай практыкі. Гэта як у вайскоўцаў, якім трэба трымаць порах сухім. А мова беларуская, мяркую, гучыць з вуснаў піцерца зусім нячаста. І тут да месца будзе згадаць: нарадзіўся Васіль Шалак у 1948 годзе (сёлета 70-гадовы юбілей!) у Матырыне ў сялянскай сям’і, закончыў мясцовую васьмігодку — і падаўся ў рускамоўны свет. Далей быў Мінскі політэхнічны тэхнікум па спецыяльнасці “оптыка-механіка” (1967), потым — Ленінградскае вышэйшае артылерыйскае вучылішча. Афіцэр Васіль Шалак і служыў у войсках аднайменнай ваеннай акругі, а з 50 гадоў палкоўнікам, маючы два ордэны і шматлікія медалі, выйшаў у запас. І хоць адпачынкі ўсе ў яго — матырынскія, ды “великий и могучий” яўна дамінуе ў ягонай свядомасці, моўнай практыцы. Таму часам, чытаючы з алоўкам у руках падараваную мне аўтарам кнігу “Роздумы на вясковай лаўцы”, я проста... ніякавеў. Гэта значыць: рабіўся ніякім, бачачы грубыя моўныя калькі з мовы рускай, яўныя недарэчнасці з-за няўдалага перакладу, канцылярызмы, стылістычна непрычасаныя сказы, немілагучныя збегі зычных ці галосных. Эх... Не будзем пра “лыжку дзёгця”! Мяркую, калі наважыцца шаноўны аўтар зрабіць перавыданне, то й падчысціцца ўсё. А, як часам жартуюць пісьменнікі, было б жаданне — то будзе й перавыданне.
І яшчэ, па ўсё бачнасці, клопатаў розных у Васіля Іванавіча было вельмі шмат. Пісаў нам, што хоць і “захандрил”, аднак у мінулую восень перавыдаў сваю кнігу “Судьбу определяет время” пра Героя Сацыялістычнай Працы, пісьменніцу з Піцера Таццяну Захараву: “Быў прэзідэнцкі грант на 500 экзэмпляраў, таму давялося трохі яе дапрацаваць”.
А паралельна ён “прычасаў, наколькі дазваляюць мае моўныя веды, тэксты для кнігі на беларускай мове”. Хацелася аўтару, безумоўна, зрабіць сабе падарунак да 50-годдзя з часу заканчэння Мінскага палітэхнікума (сустрэча выпускнікоў была ўлетку), ды выйшла кніга напрыканцы 2017-га. Перад Новым годам памёр швагер (муж сястры, Аляксандры Іванаўны Рудзёнак), і піцерцу давялося тэрмінова ехаць у Матырына, на Вушаччыну, “прабыць там з адпаведным падзеі настроем”. Да таго ж і здароўе сястры, якой летась 80 споўнілася, пачало здаваць, трапіла яна ў бальніцу.
Васіль Шалак з землякамі на прэзентацыі кнігі “Роздумы на вясковай лаўцы”
Тым не менш Васілю Іванавічу, нягледзячы на ўсе жыццёвыя нягоды, з дапамогай мясцовых культработнікаў з раённых бібліятэкі й Дома культуры ўдалося зрабіць у Вушачах у Калядную пару, на пачатку студзеня прэзентацыю кнігі “Роздумы на вясковай лаўцы”. Пра тое ёсць інфармацыя на сайце Вушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Там, у прыватнасці, чытаем: “Гумар, які цесна пераплецены з праблемамі вясковага жыцця, гісторыі пра жыццёвыя лёсы — усё гэта ёсць у кнізе нашага земляка з Піцера”. Тыя, хто прыйшоў на творчую сустрэчу, былі рады зносінам з аўтарам, больш даведаліся пра змест зборніка, паслухалі вершы зямлячкі-паэтэсы з Матырына Тамары Барадзёнак.
Пра тую сустрэчу-прэзентацыю на старонках райгазеты “”Патрыёт” расказаў пад рубрыкай “Нашы землякі” яе галоўны рэдактар Дзмітры Раманоўскі (6.01.2018). Госцю з Піцера, напісаў ён, вельмі падабаецца слоган райгазеты “Не губляйце свае карані”: “Ён цалкам адпавядае маёй жыццёвай пазіцыі ў дачыненні да малой радзімы. Пра свае “карані” скажу так: яны расцягнуліся на сотні кіламетраў — да Санкт-Пецярбурга. Але не адарваліся ад родных сэрцу мясцін і раз-пораз сціскаюцца — я лячу ў роднае Матырына пры першай магчымасці”. Дзмітры лічыць, што жыхарам вёскі ў нейкім сэнсе пашанцавала больш, чым вяскоўцам іншых населеных пунктаў Вушаччыны: “Праз творчасць свайго земляка пра матырынцаў могуць даведацца далёка за межамі нашага раёна — у В.І. Шалака вельмі шырокае кола зносін, дзякуючы чаму “Роздумы на вясковай лаўцы” чытаюць нават у Японіі!”
Яшчэ Дзмітры Раманоўскі звяртае ўвагу, што героі апавяданняў зборніка — людзі ад зямлі, працаўнікі ды воіны, бо яны перажылі блакаду і яе прарыў, які стаў легендарным. Прыводзіць словы Васіля Іванавіча, звернутыя да землякоў: “Адсюль пачыналася маё жыццё, мая Радзіма… Сярод удзельнікаў фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына” — палова родных мне людзей! А колькі матырынцаў не раскрылі сваіх талентаў: паэтаў, пісьменнікаў, расказчыкаў, пра якіх кажуць “паслухаць — парваць жывот ад смеху!” Дарэчы, гумар у кнізе Васіля Шалака — не абразлівы, вясковы, трапны. Ёсць у кнізе, піша журналіст, і глыбокі роздум аб праблемах вяскоўцаў, гісторыі пра цяжкія лёсы землякоў. Адна з чытальніц казала: “Вырашыла на Новы год пачытаць штосьці цёплае, душэўнае, узяла кнігу Васіля Іванавіча і… неўзабаве пусціла слязу. Перагарнула некалькі старонак — ужо смяялася!”.
З публікацыі ў газеце “Патрыёт” мы даведваемся, што “госці, якімі сталі работнікі бібліятэчнай сістэмы раёна, сябры і родныя аўтара, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, смяяліся й пасля выступлення яшчэ аднаго “раскрытага” таленту з Матырына — Тамары Дзмітрыеўны Барадзёнак, якая зачытала некалькі новых твораў. Акрамя таго, паэтэса выказала вельмі цёплыя словы ў адрас пісьменніка-земляка, з якім даўно знаёма, разам з ім прыгадалі сваіх настаўнікаў. Дарэчы, выкладчыкі розных навучальных устаноў, дзе пасля заканчэння школы вучыліся матырынскія Тамара Барадзёнак і Васіль Шалак, не верылі, што яны закончылі простую вясковую васьмігодку”.
Павіншавала земляка-піцерца з выхадам кнігі на беларускай мове і намесніца старшыні райвыканкама Алена Пашковіч. Яна ўручыла яму Ліст-падзяку і зычыла аўтару, каб такая сустрэча стала не кропкай у працы над кнігай, а коскай, пасля якой прадоўжыцца пералік яго наступных твораў. Яны ж, на думку Алены Васілеўны, услаўляюць не проста родную вёску, з’яўляюцца не толькі матырынскай спадчынай, але й культурным набыткам усёй Вушаччыны.
Голас Радзімы № 9 (3561), чацвер, 1 сакавіка, 2018 у PDF
Піцерскі беларус Васіль Шалак выдаў і прэзентаваў у Беларусі кнігу на роднай мове
Ад Матырына пачатак...
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.