Старэйшы сын вясковага каваля Пятра Канстанцінавіча Шаранговіча і простай сялянкі Ніны Васільеўны з’явіўся на свет 14 студзеня 1939 года ў вёсцы Качаны на Мядзельшчыне. Магчыма гэты маляўнічы край таксама неяк прадвызначыў лёс хлапчука. Сям’я была вялікая, пасля Васіля ў бацькоў нарадзілася яшчэ чацвёра дзетак. Жылі небагата, працавалі многа. Далёкае дзяцінства, вобразы маці, бацькі і роднай вёсачкі Васіль Пятровіч успамінае с асаблівай цеплатой і трапятаннем:
— На жаль, ад жыхароў Качаноў сёння амаль нікога не засталося, вёска як вымерла. Яна і ў маім юнацтве мела не больш за 36 хат. У 2017 годзе былі з жонкай там на Радаўніцу. Вуліцы і пустыя падворкі практычна зараслі дзівасілам. Праходзілі каля хат, сустрэлі толькі адну жанчыну з Мядзеля, у яе ў Качанах засталася бацькоўская хатка. Дагэтуль і наша стаіць і нават майго дзеда, якой можа 120—130 гадоў. Качаны — малая радзіма бацькі. Ён быў такім здаровым, высокім і магутным вясковым мужыком. Адна далонь, як мае дзве. Меў дыплом рамесніка — каваля, сталяра і слесара, атрымаў некалі яго ў Вільні. Трымаў сваю кузню, рабіў сані, вазы, брычкі… Не было нічога наогул, каб не маглі не зрабіць яго рукі. Пасля вайны знаходзіў дзюралевыя абломкі самалётаў, адліваў посуд для аднавяскоўцаў — міскі, лыжкі… А матуля мая родам з пастаўскай вёскі Плаксы, скончыла шэсць класаў польскай школы. Мяккая, пяшчотная… Прыгожа ткала тонкае кужэльнае палатно і вышывала, любіла музыку Вівальдзі і паэзію.
Магчыма кожны з нас, вяртаючыся думкамі ў маленства, на некалькі хвілін змяняецца: іншы выраз твару, погляд, голас… І толькі калі Васіль Пятровіч загаварыў пра Вялікую Айчынную, інтанацыя змянілася. Але ж што такога мог у ваенныя гады адчуць маленькі хлапчук, каб у 1986 годзе, будучы ўжо знакамітым мастаком, за серыю каляровых аўталітаграфій «Памяці вогненных вёсак» змог атрымаць Дзяржаўную прэмію Беларусі?
— Канечне, вайна засталася ў свядомасці кароткімі ўрыўкамі. Але памятаю добра партызанскіх камандзіраў, тыя часта спыняліся ў нашай хаце. Бацька дапамагаў народным мсціўцам, пасля вызвалення Беларусі далучыўся да Чырвонай Арміі. У якасці наводчыка артылерыйскай гарматы дайшоў да Берліна. Але больш за ўсё запомнілася наша з мамай падарожжа на кані за 16 кіламетраў у яе родныя Плаксы, якія немцы знічшылі датла. Ад вёскі засталіся ўчарнелыя коміны і крумкачы над імі. Вось яны і аселі ў маёй памяці назаўсёды.
— Васіль Пятровіч, а як і калі пачаўся творчы шлях мастака?
— Мабыць, гадоў у пяць, а то і крыху раней. Адзін з партызан даў мне зялёны аловак, але не было на чым маляваць. Ведаў, што можна добра крэмзаць па чыстым габляваным дрэве. Бацька некалі рабіў шафу, яна і стала першым «выпрабаваннем». Дагэтуль на ёй можна знайсці рэшткі маёй творчасці. Смешна ўспамінаць, але чамусьці намаляваў голых мужыкоў. Можа, адклалася нешта ў галаве, калі партызаны мяне бралі з сабою ў лазню... А калі сур’ёзна, то першым маім настаўнікам была маці. Мастацкі талент перайшоў менавіта ад яе. Каляровымі алоўкамі малявала птушачак, звяроў, кветкі… Да гэтага часу захаваўся дзіцячы ложак, які яна некалі размалявала.
Пасляваеннае жыццё падштурхоўвала людзей да доўгачаканай новай і шчаслівай будучыні. За ведамі Васіль 7 год хадзіў у школу суседняй вёскі Зані. У першым класе бацька купіў 6 каляровых алоўкаў, на той час гэта была вяршыня хлапчуковай мары. Вучыўся па рэпрадукцыях мастакоў, надрукаваных у часопісе «Огонек», які браў у школьных настаўнікаў. Вельмі любіў карціны Аляксея Саўрасава, Ільі Рэпіна…
Аднойчы пачуў, што ў «Чайной» Мядзеля вісіць вялікая карціна, а на ёй — тры рускія багатыры. Нікога не папярэдзіўшы, раніцай Васіль накіраваўся пешшу за 13 кіламетраў у райцэнтр. Не спынілі яго ні адлегласць, ні дарога праз лес, ні глыбокі снег, ні завіруха… Знайшоў ён тую карціну, далёкую, канечне, ад дасканаласці і намаляваную нейкім мясцовым самавукам. Доўга разглядаў яе і вырашыў: «Не, я так ніколі не змагу». Дахаты вярнуўся цемнатою. Бацькі з ног збіліся, шукаючы сына. Спачатку лаяліся, а калі даведаліся прычыну паходу, зразумелі: з гэтым нельга спрачацца, толькі дапамагаць. У 8-м і 9-м класах хлапчук вучыўся ў Мядзелі, запісаўся ў гурток малявання, якім кіраваў не прафесіянал, а настаўнік матэматыкі Генадзь Ігнатавіч Астроўскі.
— Акрамя маці, ён адыграў самую вялікую ролю ў маім творчым выбары і жыцці. На першых занятках па маляванні, якія пачаліся ў трэцяй чвэрці, прысутнічалі, можа, чалавек 20. На другое прыйшлі 4 ці 5, на трэцяе — я адзін. Праз тры месяцы, а было гэта ў 1954 годзе, можна было здаваць іспыты ў Мінскае мастацкае вучылішча. Дарэчы, угаварыў паступаць мяне менавіта мой настаўнік, ён жа і дапамог з грашыма на дарогу, ды яшчэ сам мяне павёз у Мінск. Але я не прайшоў па конкурсе. Раззлаваўся, вярнуўся ў школу і разам з Генадзем Ігнатавічам больш сур’ёзна стаў займацца маляваннем. Ён падарыў мне ленінградскія акварэльныя фарбы. На наступны год экзамены ў вучылішча я здаў на выдатна. Ехаў у сталіцу ўжо адзін, зусім з іншымі думкамі і настроем. Уявіце сабе хлопца ў кашулі-вышыванцы, хромавых ботах, галіфэ, ваенным кіцелі, з драўляным чамаданам-скрыняй, кавалкам сала і ста рублямі ў кішэні. Я адзін быў з вёскі, усе астатнія гарадскія, у касцюмах і чаравіках.
З 1955 па 1960 год Васіль Шаранговіч — студэнт Мінскага мастацкага вучылішча. Адначасова скончыў 10 класаў вячэрняй школы. Пасля атрымання чырвонага дыплома вучылішча адразу паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Юнаку падабаўся жывапіс, выкладчыкі бачылі ў яго вялікія здольнасці. Але студэнта зацікавіла і графіка. З’явіліся работы, выкананыя ў розных тэхніках — акварэлі, вугалю, штрыхыванага малюнка, лінагравюры… Самастойны творчы лёс мастака пачаўся ў сярэдзіне 1960-х гадоў. З 1967-га ён стаў удзельнікам рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаў.
Несвядомаму чалавеку цяжка разабрацца ва ўсіх прафесійных тонкасцях. Я, напрыклад, магу разглядаць карціны толькі з пазіцыі простага гледача, улічваючы асабісты густ. У дзяцінстве мне падабаліся малюнкі і ілюстрацыі ў школьных падручніках. Паэму «Новая зямля» мы слухалі словамі Коласа і бачылі вачамі Шаранговіча. І вось цяпер мне выпаў шанс сустрэцца з Мастаком. Менавіта гэты мастак стварыў сялянскія вобразы герояў паэмы. Тое самае можна сказаць і пра «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.
— За паўтара года створана 90 ілюстрацый, — тлумачыць Васіль Пятровіч. — Вобразы і ідэі нараджаліся хутка, потым трэба было реалізаваць іх у серыю малюнкаў. «Новую зямлю» я ведаў на памяць яшчэ ў дзяцінстве.
На мой погляд, творчаму чалавеку цяжка рэалізаваць сябе без падтрымкі блізкіх людзей. Спачатку гэта бацькі, браты і сёстры, потым сям’я, якую ён стварае сам. Васіль Пятровіч, яшчэ студэнтам вучылішча, сваю будучую жонку выбраў у сталічным парку Горкага, дзяўчына вучылася ў БДУ на філалагічным факультэце. Галіна Андрэеўна смяецца: усё было выпадкова. Не згодна, нічога выпадковага не бывае. Некаторы час маладыя сустракаліся, але над каханнем навісла пагроза: дзяўчына пасля заканчэння ўніверсітэта паехала да бацькоў у Віцебск, перад хлопцам стаў выбар — армія альбо інстытут. Выбраў другое, а каб не згубіць каханую, вырашылі ажаніцца, хаця і прыйшлося першыя чатыры гады жыць у розных гарадах. У Мінску доўгі час жылі на здымнай кватэры, пакуль змаглі сабраць на кааператыў.
Па жыцці Шаранговічы ідуць разам больш за паўвека, выгадавалі дваіх дзяцей. Пытаюся, ці маляваў Васіль Пятровіч сваю каханую? У адказ паказваюць невялічкі партрэт прыгожай маладой жанчыны, які вісіць на сцяне. Стварыў мастак і партрэты дачкі Наталлі, сына Уладзіслава, брата Кастуся, маці, бацькі… Пісаў свой аўтапартрэт. А на пейзажах — куточкі Мядзельшчыны. Няма ніводнай работы, дзе быў бы адлюстраваны горад.
Выставы мастака праходзілі па ўсім свеце. З яго малой радзімай, героямі Коласа, Купалы, Міцкевіча пазнаёміліся мільёны чалавек, але ніводнай карціны за мяжу мастак так і не прадаў.
— Так, ёсць шмат прыгожых месцаў на зямлі, але я беларус. Хоць і пражыў большую частку свайго жыцця ў горадзе, лічу сябе селянінам. Вёска мне лягла на сэрца на ўсё жыццё. Што тычыцца таго, что не прадаваў работы за мяжу, то, па-першае, гэтага не дазвалялася рабіць у тыя часы. Выстаўка павінна была вярнуцца назад поўнасцю. А па-другое, я лічыў, што ўсё павінна заставацца на Радзіме. Усе мае значныя работы знаходзяцца ў музеях, іх могуць паглядзець наведвальнікі.
— Вы не адзін з мастацкім густам у сям’і, акрамя маці. Мастацкі талент быў і ў малодшага брата Канстанціна?
— Так. На жаль, не так даўно ён пайшоў з жыцця. Вучыўся ў латвійскай школе, пасля я яго забраў у Мінск, дзе брат скончыў мастацкую школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка. Дагэтуль ніхто і падумаць не мог, што ў яго ёсць добрыя здольнасці, хаця з маленства маляваў і ляпіў з пластыліну. Пасля вучыўся ў мяне на кафедры графікі, стаў выдатным малявальшчыкам, авалодаў усімі графічнымі тэхнікамі. На вялікі жаль, жыццё заўчасна абарвалася… Дарэчы, і сястра мая малодшая Ала таксама пайшла па шляху мастацтва, стала мастаком-мадэльерам, жыве і працуе ў Слуцку.
— Падчас працы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, ды і за 30 гадоў выкладчыцкай справы вы выпусцілі не адну плеяду таленавітых вучняў. Сёння яны эліта беларускага мастацтва.
— Вучняў у мяне шмат, гэта так. Сярод іх Мікола Селяшчук, Валерый Славук, Уладзімір Савіч, Уладзімір Вішнеўскі, Юрый Хілько, Рыгор Сітніца, усіх не пералічыць. Я заўсёды лічыў, для таго каб стаць сапраўдным мастаком, мала таленту і прафесійнай падрыхтоўкі. Трэба мець вялікую ўпартасць, упэўненасць у сваіх магчымасцях, моцную сілу волі, амбіцыі, працаздольнасць, імкненне ісці да пастаўленай мэты. Неабходна любіць сваю Радзіму і разумець: талент — не асабістая прывілея, а грамадская каштоўнасць.
— Планы ў творчага чалавека, мабыць, ёсць заўсёды, нягледзячы на абставіны.
— У канцы мінулага года ў мяне адкрылася персанальная галерэя на малой радзіме — у курортным пасёлку Нарач на Мядзельшчыне ў Цэнтры культуры і адпачынку. У яе залах прадстаўлена 130 работ розных творчых перыядаў. А ў канцы сакавіка планую запрасіць гледачоў на новую выставу ў Нацыянальны мастацкі музей. Пакажу тое, што яшчэ не выстаўлялася. У майстэрні засталося шмат работ — пейзажы, нацюрморты... Акрамя гэтага, працую над партрэтамі сваіх сучаснікаў — Васіля Быкава, Стэфаніі Станюты, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Марыі Захарэвіч, Уладзіміра Караткевіча, Віктара Роўды… Так што запрашаю.
Расказваць пра Васіля Пятровіча можна доўга, столькі ж і слухаць яго. Хочацца пажадаць Васілю Пятровічу доўгіх гадоў жыцця, новага бачання, натхнення, сілы і смагі тварыць прыгажосць.
ДАВЕДКА
Васіль Пятровіч Шаранговіч — стваральнік школы беларускай графікі. Працаваў мастацкім рэдактарам выдавецтва «Беларусь», выкладчыкам, загадчыкам кафедры і рэктарам БДТМІ (сучаснай Акадэміі мастацтваў), быў дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Праілюстраваў больш за 60 выданняў, сярод якіх «Адвечная песня» Янкі Купалы, «Старыя беларускiя хронiкi» Уладзіміра Караткевіча, «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, «Новая зямля» Якуба Коласа. У ліку станковых работ — серыі «Памяці вогненных вёсак», «Блакада», «Край Нарачанскі», «Дзе крыўда адвечная спела». Творы Васіля Шаранговіча экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, музеях Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і сучаснага выяўленчага мастацтва, захоўваюцца ў Міністэрстве культуры Расіі, зборах Беларускага саюза мастакоў і Саюза мастакоў Расіі, мемарыяльным комплексе «Хатынь», музеях Купалы і Коласа, у прыватных калекцыях. За ілюстрацыі да кніг атрымаў 15 дыпломаў усесаюзных конкурсаў і 20 рэспубліканскіх, сярод якіх 4 дыпломы і медалі імя Францыска Скарыны.
chasovitina@sb.by
Фота з архіва сям’і ШАРАНГОВІЧАЎ