Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
Прыслоўі — адметны скарб мовы, у іх адцяняюцца самыя розныя характарыстыкі дзеяння, прадмета, прыметы: млосна, паважліва, зранку, з?олка, жартам, гвалтам, асобна, россыпам, пешшу, сам-насам, сапраўды, сарамяжліва, абаранкам і шмат іншых. Яны могуць абазначаць прымету і спосаб дзеяння, паказваць на месца, час, абставіны.
Сам тэрмін “прыслоўе” паказвае на тое, што яно павінна быць “пры слове”, чытай — пры дзеяслове: чуйна рэагаваць, хутка бегчы. Гэта прасочваецца і ва ўкраінскай мове, і ў рускай. У апошняй паходжанне тэрміна звязваецца з коранем -реч-, які раней быў шматзначным, утрымліваў у сабе і значэнне “глагол”. Таму калі старарускае “наречие” літаральна перакласці на сучасную рускую мову, то атрымаецца штучнае слова “наглаголие”. Падобная асаблівасць прыслоўяў адзначалася яшчэ старажытнымі рымлянамі, якія гэтую часціну мовы так і назвалі adverbium, ці “прыдзеяслоўе”, бо слова verbum абазначае “дзеяслоў”, а прыстаўка ad- “пры”. Па найменні бачым, што беларускае “прыслоўе” найбліжэй стаіць да ёмкага абазначэння лінгвістычнага тэрміна.
Для роднай мовы характэрны прыслоўі, якія па-руску перадаюцца двума, трыма словамі ці нават цэлымі сказамі: адвячоркам, аніг?адкі, аніяк, дакуль, датуль, дасюль, н?азіркам, напавер, напоўніцу, напрадвесні, наўз?ахапкі, наўзбоч, нацямочку, папраўдзе, перадусім, укоптар, ураздроб, усцяж, цёмначы.
Напісанне прыслоўяў традыцыйна выклікае шмат пытынняў. Гэта вымагаецца тым, што прыслоўі маюць “індывідуальны” характар, бо абумоўліваюцца кантэкстам. Іх кадыфікацыя накіравана на канкрэтныя маўленчыя выпадкі. У тэксце часам цяжка адрозніць прыслоўі ад іншых часцін мовы. Напрыклад, прыслоўе абы-як мае сінонімы сяк-так, так-сяк, як-небудзь, неяк, нейк. У творах мастацкай літаратуры гэтае ж прыслоўе можа набыць зусім іншае гучанне і стаць нават назоўнікам з ацэначным значэннем. Так, у вершы”Абыяк” Васіля Віткі чытаем:
Абыяку — абы-як,
Або гэтак, або так.
Абыяку — абы,
Абы збыць абы-куды
Абы-што, абы-чыё,
Абы толькі не сваё.
Абыяк — абібок.
Вось і ўвесь яго
Урок.
Выбарачны падыход да замацавання напісання прыслоўяў, з аднаго боку, абумоўлены ўстойлівасцю традыцый пісьма, а з другога — жывым характарам працэсу адасаблення ад іншых часцін мовы і магчымасцю па-рознаму інтэрпрэтаваць адзін і той жа факт. У сучасных даследаваннях выказваюцца самыя розныя меркаванні пра шляхі развіцця прыслоўяў. Гэта, канечне, уплывае на арфаграфію і перашкаджае ў некаторых выпадках вывесці ўніверсальныя правапісныя нормы, пра што пагаворым у наступную суботу.
Зваротная сувязь
Паважаны прафесар Іўчанкаў! На адным з чатаў пабачыў меркаванне, што вы цікава распавядалі пра словы таварыш, сударь, пан, спадар, господин, госпожа. Скажыце, адкуль гэтыя звароты і як нам звяртацца да іншага чалавека?
Дзякуй, буду сачыць і чакаць адказу.
З павагай girіus.
— Грамадства стамілася ад такіх зваротаў, як “мужчына, прабіце талон”, “жанчына, пасуньцеся трошкі”, “малады чалавек, уступіце месца”, “молодая девушка, подайте...”. Чаго толькі не церпіць наша маўленчая практыка? Чаго толькі не прыдумваем? А хочацца простага і яснага — быць чалавекам, быць асобай і каб зваротак да цябе не патыхаў прынцыпам, заснаваным на палавой прымеце.
Сучаснік у афіцыйных стасунках звяртаецца да аўдыторыі са словам “таварыш”. Такі зварот і на сёння генералізаваны ў пэўных колах грамадства. Будзем шчырымі — ці адпавядае ён таму, пра што думаем, чым жывём? “Прощай, мой товарищ, мой верный слуга...” — відаць, у адрозненне ад нас паэт звяртаецца так да блізкага чалавека.
Слова таварыш мае сваю гісторыю і этымалогію. Развіццё слова таварыш паказвае на тры асноўныя кампаненты: 1калега, партнёр па тавару; 2блізкі чалавек па агульнасці поглядаў, дзейнасці, умовах жыцця і пад.; 3грамадзянін, чалавек у савецкім грамадстве, ідэалагічна прымальны.
Зразумела, калі на змену адной фармацыі прыходзіць іншая, антаганістычнага парадку, то звароты тыпу суадноснай пары господин — товарищ тлумачацца экстралінгвістычна: людзі не могуць прыняць класава чужародныя каштоўнасці. Доўгі час, а то і па сёння слова господин атаясамлівалася з чалавекам для нас духоўна і ідэалагічна чужым. Гэтым словам мы празывалі “тех господ”, якія нам перашкаджалі будаваць “светлае будучае”. Таму і не маглі ім карыстацца ў якасці ветлівага звароту.
Уявім сабе: адчыняюцца дзверы і ўваходзіць персанаж М.Гогаля з паэмы “Мертвые души” Чычыкаў. Як мы маглі б да яго звярнуцца: господин Чичиков ці сударь Чичиков? Калі гэтае пытанне гучыць у студэнцкай аўдыторыі, то яна звычайна падзяляецца на дзве прыблізна роўныя часткі. Сёння сучасніку сапраўды цяжка вырашыць, хто такі Чычыкаў — господин або сударь. І ўсё ж Чычыкаў быў ужо не сударь, але яшчэ і не господин. Рускі класік вывеў на арэну грамадскага жыцця чалавека новага тыпу — прадпрымальнага, які ладкуе свае “капіталістычныя” інтарэсы.
Такім чынам люструецца непасрэдная прывязанасць формул ветлівага звароту да фармацыі. Менавіта ў іх перш за ўсё адлюстроўваюцца каштоўнасці і вартасці грамадства (параўн.: эпоха феадалізму — спадар, спадарыня; рускае: сударь, сударыня; эпоха капіталізму — чужароднае для беларуса і не прызнанае ім у якасці формы ветлівага звароту “пан”; рускае: господин, госпожа; эпоха сацыялізму — таварыш; товарищ).
На сёння ў беларусаў афіцыйнымі ветлівымі формуламі звароту можна лічыць: сябры, калегі, таварышы, спадар, спадарыня, спадарства.