Абрад ”Розгары“ ў аграгарадку Лукомль

У аграгарадку Лукомль Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці штогод праводзіцца непаўторны, аўтэнтычны абрад ”Розгары“, які прадстаўляе каштоўнасць для нашага раёна і культурнай спадчыны, што выявілася ў актыўным удзеле мясцовай супольнасці ў падрыхтоўцы прапановы па наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.


Абрад ”Розгары“ вядомы з ХVIII стагоддзя (гэта былі ўспаміны Феадосіі Іосіфаўны Дубіцкай 1838 г.н. – бабулі Наталлі Андрэеўны Дубіцкай, прабабулі Эмы Ягораўны Багатыровай і перадавалася ад пакалення да пакалення). Запісаны работнікамі метадычнага цэнтра, былым дырэктарам Лукомльскага сельскага Дома культуры Садоўскай Тамарай Барысаўнай, кіраўніком фальклорнага калектыву ”Вяскоўцы“ Багатыровай Эмай Ягораўнай у 1990 годзе ад жыхароў-носьбітаў вёскі Ротна Лукомльскага сельскага Савета Дубіцкай Наталлі Андрэеўны, 1914 года нараджэння і Старавойтавай Лідзіі Фёдараўны, 1932 года нараджэння.


У весцы Ротна носьбіты праводзілі абрад да 2000 года. З 1990 фальклорны калектыў ”Вяскоўцы“ пачаў паралельна паказваць на сцэне Лукомльскага сельскага Дома культуры, з 1996 года – па усім традыцыям, з 2000 года – абрад перайшоў у аграгарадок. Лукомль, таму што носьбіты не мелі магчымасці праводзіць абрад у сілу свайго ўзросту і здароўя. Частка жыхароў павыязджала ў аграрагарадок Лукомль, у другія вёскі. На цяперашні час няма ў весцы Ротна карэнных жыхароў, у асноўным гэта дачнікі. Практыка элемента не перарывалася.


Абрад ”Розгары“ праводзіцца на восьмы дзень пасля свята Тройцы ў панядзелак. Пасля заходу сонца маладыя дзяўчаты і жанчыны ў вясковым паўсядзённым адзенні збіраюцца на ўскрайку вёскі. Ідучы да бліжэйшага жытнёвага поля, яны збіраюць кветкі, зёлкі, галінкі дрэў. Прыйшоўшы на ўзмежак поля, адна з жанчын зажынае сноп з жытнёвых каласкоў. Астатнія жанчыны і дзяўчаты пачынаюць спяваць і завіваць вянок з сабраных кветак, абавязкова ўплятаючы жытнёвыя каласкі, нажатыя з поля.

Вянок плялі такім памерам, каб праз яго мог прайсці чалавек. Пасля таго, калі вянок сплялі - усе завівальшчыцы з песняй ідуць ў вёску. Падышоўшы да першай хаты, удзельнікі абраду пачынаюць песняй клікаць з хаты гаспадароў. Калі гаспадары выходзяць, удзельнікі абраду запрашаюць іх магічна забяспечыць здароўе, багацце, дабрабыт – прайсці праз вянок (3 разы). Потым запрашаюць іх з сабой на свята. Сустракаючы па дарозе моладзь, ім прапануюць паваражыць на каханне, лёс. Такім чынам, удзельнікі праходзяць усю вёску. Да гэтага часу на двары ўжо цямнее. Нягледзячы на гэта, усе ўдзельнікі ідуць на могілкі, каб павесіць вянок на самае вялікае і высокае дрэва.   


Тым самым адкупіўшыся ад гневу русалак. Як толькі вянок быў павешаны на дрэва, з могілак пачыналі выскокваць пераапранутыя нячысцікамі, тым самым праганяць людзей з могілак. Пасля ўсе ўдзельнікі ідуць у вёску, каб прадоўжыць свята. Стравы ратуюцца з агародніны, садавіны, хатняй жывёлы – вясковая ежа.

Жыхары аграгарадка Лукомль з’яўляюцца адной супольнасцю не толькі па месцы жыхарства, але і супольнасцю, якая мае адметную традыцыйную культуру і прызнае гэты элемент як частку іх культурнай спадчыны. Жыхары таксама ганарацца тым, што паглядзець на абрад прыязджаюць прадстаўнікі прэсы, жыхары іншых вёсак і гарадоў. Фальклорны гурток, які захоўвае абрад, выязджае на відэаздымкі для тэлеперадач, удзельнічае ў раённых і абласных мерапрыемствах, каб больш людзей пазнаёміць з нематэрыяльнай спадчынай сваёй супольнасці.


Каштоўнасць абраду яшчэ ў тым, што ён звязаны з памяццю і павагай да сваіх продкаў, ад якіх перададзены наступнаму пакаленню для падтрымкі сваёй ідэнтычнасці, пачуцця самабытнасці.

У гэтым годзе ў падчас правядзення абрада (15 чэрвеня 2020 года, у аг.Лукомль) наведалася навуковы эксперт - Валодзіна Таццяна Васільеўна -загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, дацэнт.

         “Гэта, як бы такі варыянт агульнаэтнічных провадаў русалкі, але што цікава ”провады русалкі“ распаўсюджаны на Гомельшчыне, а тут Падзвінне, але мы ўбачыла практычна ўсе важнейшыя кампаненты гэтага абраду: віццё вянка, провады, ну скажам так, вянка русалкі да могілак і фактычна уганараванне гэтага прыроднага духа. Бо русалка для нас, гэта дух нівы, які сёлета напаўняе жыта сілаю, але сыходзіць час і мусіць быць праведзены да могілак.

Чашніцкія “Розыгры” выяўна прадэманстравалі вельмі архаічны і сэнсава важкі элемент абходу двароў, на сёння даволі рэдукаваны ў палескім варыянце абраду. Удзельнікі працэсіі падыходзяць да кожнай хаты, асабліва да тых, гаспадыня адкуль не далучылася да шэсця, і спецыяльнай песняй выклікае яе на вуліцу. Нават сёлетні абрад у сітуацыі пандэміі прадэманстарваў, наколькі вяскоўцы (асабліва жанчыны старэйшага ўзросту) чакаюць удзельнікаў працэсіі, выходзяць на вуліцу, становяцца ля весніц сваіх двароў і затым далучаюцца да гурта праводнікаў. Ля падворкаў адбываўся вельмі важны для вяскоўцаў структурны элемент абраду – і ў сённяшні час асабліва – праходжання праз вянок з пажаданнямі здароўя і багацця.”

Таццяна Лузгіна

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter