Агляд кніг Нiны Лiстота "Каханнi. Дваццаць рэальных гiсторый" і Збигнева Фрончака "Анёлы, чэрцi i кабеты"

Аблiччы кахання


Нiна Лiстота. Каханнi. Дваццаць рэальных гiсторый.
Мiнск, Кнiгазбор, 2017.

Гэты дэбют у прозе маладой журналiсткi i паэтэсы Нiны Лiстоты спачатку быў яе праектам падчас навучання ў Школе маладога пiсьменнiка. Задума цiкавая: сабраць рэальныя гiсторыi кахання, якiя аўтар чула ад выпадковых знаёмых i блiзкiх сяброў. Задача на самай справе нялёгкая. Па–першае, трэба ўмець слухаць, i каб чалавек захацеў з табой падзялiцца... А па–другое, трэба не ператварыць пачутае нi ў пошлую байку, нi ў слязлiвы расповед для глянцавага часопiса. Аўтару ўдалося збалансаваць на мяжы. «Дваццаць гiсторый кахання рэальных людзей... Дваццаць спроб даведацца, што ж такое яно, каханне па–беларуску. Унiкальнасць зборнiка ў тым, што вы патрапляеце не толькi ў мастацкi свет, але i нiбыта ў рэалiцi–шоу». Героi — самыя розныя. Ёсць вядомыя музыканты, мастакi, тэатралы, ёсць тыя, хто працуе ў сталовай, касметычным салоне цi бальнiцы. Для кагосьцi каханне — выпакутаванае, аплочанае дарагой цаной. Хтосьцi яго губляе, растрачвае. Часам няўменне дараваць прыводзiць да трагедыi. А як сумясцiць творчасць i сямейны побыт? Вось апантаная мастачка выбiрае творчасць — муж–iнжынер такi нецiкавы, праўда? А аказваецца, губляе i сваё мастацтва. Малады хлопец няўдала нырнуў. Страцiў магчымасць хадзiць. Але па iнтэрнэце знайшоў дзяўчыну, з якой стварыў сям’ю... Каханне мае розныя аблiччы, а сутнасць у яго адна.

Збiгнеў Уладзiмеж Фрончак. Анёлы, чэрцi i кабеты. Апавяданнi. Пераклад П.Ляхновiча.
Брэст, Альтернатива, 2017.

«Я люблю старыя газеты, хронiкi, часопiсы...

...Бывала, я станавiўся на недаацэнены або закiнуты аўтарамi мiнулых эпох след i даходзiў да ашаламляльных падсумаванняў. Сенсацыйную тэму або гiсторыю шматгадовай даўнiны, пра якiя забытыя або невядомыя аўтары намякалi адным сказам, я звязваў з iншымi здарэннямi, заўважаў дзiвосныя аналогii...»

Так распавядае пра вытокi сваёй прозы польскi пiсьменнiк Збiгнеў Фрончак, чыя кнiжка нядаўна выйшла ў перакладзе Паўла Ляхновiча. Выхад кнiжкi зрабiўся падзеяй, бо за яе пераклад Ляхновiч стаў першым беларусам — лаўрэатам прэстыжнай Мiжнароднай лiтаратурнай прэмii iмя Юзафа Лабадоўскага. Кароткiя гiсторыi — як шкельцы, узятыя з мiнулага, з сучаснасцi, з жыцця самога аўтара i ягонага роду. «Мой прадзед Ёахiм Плуг, да мозгу касцей плытагон, жыхар вёскi Пятровiчы, што на Вiсле, у неспакойныя 1905 — 1907 гады перакiнуў — як казалi — за Вiслу армiю лiхадзеяў, канакрадаў i рэвалюцыянераў... Адных вёз за грошы, iншых — за пацiсканне рукi. Быў такi тарыф. Праз колькi гадоў, ужо ў вольнай Польшчы, аб’явiўся адзiн з пасажыраў, якi быў мiнiстрам сувязi. Свайму збавiцелю — як называў дзядулю Ёахiма ва ўласнаручна напiсаным лiсце — прыслаў у падарунак жалезны якар».

Добры пачатак для захапляльнай гiсторыi, якiя расказваюцца ў сяброўскай кампанii, за сталом цi каля вогнiшча... Тым больш аўтар заўсёды прыправiць гумарам i доляй абсурду, на якi багатае жыццё. А часам проста ператворыць усё ў казку альбо мiф.

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр-т Независимости, 72.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter