Актывісты Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Нёман” з Тальяці шмат робяць для таго, каб мова беларуская гучала ў Аўтаградзе. Нядаўна ў бібліятэцы №12 мы правялі сустрэчу “Размаўляем па-беларуску”.
Вучні 2 класа 56-й школы прыйшлі да нас, каб пазнаёміцца з беларускай культурай і беларускай мовай. Мяркую, былі яны здзіўлены, калі пабачылі мяне ды іншых актывістаў суполкі ў прыгожых беларускіх касцюмах. Мы віталася з дзеткамі па-беларуску. Потым расказвалі пра суполку, яе справы, пра нашы беларускія ансамблі. Дзеці паглядзелі відэапрэзентацыю, слухалі беларускія песні. Даведаліся шмат цікавага пра сталіцу Беларусі, адкрылі для сябе Белавежскую пушчу і яе дужага зубра-гаспадара. Яшчэ мы разважалі, чаму нашу Бацькаўшчыну называюць краем блакітных азёр, а таксама Зямлёй з блакiтнымi вачамi. Паказалі гасцям дзяржаўную сімволіку Беларусі. Дзеці запаміналі беларускія словы. Была і выстава беларускіх умельцаў і кніг на беларускай мове “Мая Радзiма Беларусь”.
Бібліятэкар Алена Арнт правяла віктарыну пра замкі Беларусі, яе рэчкі-азёры, Брэсцкую крэпасць-герой. Пераможцы атрымалі салодкія прысмакі. Такія сустрэчы мы мяркуем прадоўжыць: у бібліятэцы для гэтага ёсць усе ўмовы.
Выказваем удзячнасць загадчыцы бібліятэкі Аксане Цімафеевай, бібліятэкарам Алене Арнт, Алене Дзергуновай — за цеплыню душы, падтрымку баларускіх асветніцкіх праектаў.
Людміла Дзёміна, кіраўніца суполкі “Нёман”, г. Тальяці
Голас Радзімы № 8 (3560), чацвер, 22 лютага, 2018 у PDF