Рэцэпты і жарты з ваколіц знакамітага Спорава Бярозаўскага раёна
Раз у чатыры гады нешта незвычайнае адбываецца паблізу ад знакамітага возера Спорава, што знаходзіцца каля самага аддаленага аграгарадка ў Бярозаўскім раёне. У даўнія часы месца гэта было падобна да астраўкоў, раскіданых сярод балот, і ў спораўцаў захаваўся незвычайны дыялект і своеасаблівая кухня. Для прыкладу, калі мы завіталі ў аграгарадок, дырэктар мясцовага Цэнтра культуры і вольнага часу Ніна Пашкевіч сустрэла нас караваем… з карасёў. «Квас» па-спораўскі — не напой, а кіслая страва з рыбай і грыбамі. А яшчэ адна адметнасць — свята народнага гумару «Спораўскія жарты», якое ў гэтым годзе адбудзецца 10 чэрвеня пасля чатырохгадовага перапынку.
Дырэктар Цэнтра культуры і вольнага часу Ніна Пашкевіч.
Агромністае возера — само па сабе як песня. Вось як пяюць пра сваю малую радзіму ў мясцовых прыпеўках:
А ў нашым озэры
Рыба-шчука водыцца.
Кажуць усі, шчо похудала,
Андэрак нэ сходзіцца.
Спачатку мы накіраваліся ў сярэднюю школу, каб больш даведацца, што гэта за рыба такая незвычайна смачная. Музей «Спораўскі карась» створаны ў рамках ініцыятывы «Таямніцы спораўскіх ваколіц» — адной з пераможцаў другога конкурсу мясцовых ініцыятыў развіцця ў Бярозаўскім раёне.
— Доўгія гады рыба карміла жыхароў, а гэты промысел дапамагаў зарабляць ім грошы для пакупкі неабходных тавараў, прадуктаў харчавання, — праводзіць экскурсію дзевяцікласніца Ірына Пракурат. — Сёння спораўская рыба стала кулінарным брэндам Бярозаўскага раёна. Паколькі вёска з трох бакоў была акружана балотамі, непрыдатнымі для сельскагаспадарчых работ, а з чацвёртага боку «заціснутая» возерам, менавіта рыба, вылаўленая ў ім, дапамагала выжыць нашым продкам.
Дзевяцікласніца Алена Пракурат.
Зроду булі хорошы
Нашы Спороўскы ершы.
Ракы тожэ хорошы,
Йіх готуем од душы.
Цікава, што рыбнае царства заказніка «Спораўскі» налічвае некалькі дзясяткаў розных відаў. У музеі сабралі больш за тысячу экспанатаў рыбалоўнай здабычы, якія перадаюць побыт і жыццё рыбацкай вёскі, фотаэкспазіцыю мясцовых рыбакоў і рыбалавецкіх брыгад, макет лодкі. Разнастайнасць прылад лоўлі сапраўды ўражвае.
– Рыба для спораўцаў не толькі ежа, але і хлеб, і букет, і бусы… — дадае Ніна Іванаўна. — Лодка нам патрэбна ў паўсядзённым «обыхутку». Раней на іх нават перавозілі коней на той бераг, для гэтага звязвалі два чаўны: у адзін ставілі пярэднія ногі, у другі — заднія…
Пільна ўглядаюся ў твар субяседніцы: ці не жартуе яна з нягеглых гараджан?
А весялосці тут сапраўды хапае. У мясцовай бібліятэцы нават выдалі буклет са спораўскімі прыпеўкамі:
Глянуў мылый на мэнэ —
На твару ўлыбочку.
Мойе сэрцэ ўсколыхнулось,
Бы ў воді рыбочка!
Ніна Іванаўна праводзіць нас да выставы ў Доме культуры, прысвечанай фестывалям гумару, а тут і «Бюро знаходак». Як вы думаеце, пра што часцей за ўсё забываюцца госці свята? Пра гальштукі! А таксама туфлі і боты (магчыма, калі пускаюцца ў скокі), а нехта нават пакінуў чамадан і гармонік. Напэўна, каб вярнуцца і падыграць мясцовым спевакам.
Але вяртаемся да кулінарыі, бо пра смак мясцовай рыбы складзена нямала паэтычных радкоў. Вось за гэтым і прыехалі — пачуць пра яшчэ адзін элемент з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей — «Традыцыю прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове» ў вёсках Здзітава, Пескі, Спорава і Хрыса Бярозаўскага раёна. Бібліятэкар Алена Жуковіч расказала, што многія рэцэпты карпатліва сабрала ад карэнных жыхарак Спорава Валянціна Лютыч. Сярод тых, кто падзяліўся сваім досведам, была і бабуля Алены Сяргееўны, таксама Алена Жуковіч.
Бібліятэкар Алена Жуковіч.
— У нас лічыцца, што рыба, сушаная ў печы, — асаблівая: у меру салёная, духмяная, прыгожага залацістага колеру, — кажа Алена Сягееўна. — Захоўваецца доўга, і можна есці яе з касцямі.
Спораўцы прызвычаіліся сушыць рыбу не толькі ў печы, але і ў духоўцы звычайнай пліты. Для гэтага спосабу прыгатавання прыдатныя любыя віды: акунь, карась, ёрш, лешч, уюн, плотка, але найбольш смачнымі тут лічаць карасёў. Спачатку іх трэба «окутаты» на мясцовым дыялекце: «почэсаты» (вызваліць ад лускі), «попороты» (выпатрашыць), памыць у дзвюх-трох водах. Потым пасаліць у эмаліраваным посудзе. Солі даць больш, чым пры жарцы.
— Калі трэба захоўваць доўга, солі кладзём больш, — кажа Алена Сяргееўна. — Можна дадаць прыправы: часнок, кроп, каляндру. Пакінуць на тры—чатыры гадзіны.
Печ спараўчанкі стараюцца пратапіць бярозавымі дровамі або з пладовых дрэў, кажуць, так смачней атрымаецца страва. Вугалькі хутка выграбаюць качаргой у пліту, чарэнь печы павінна быць чыстай, попел вымятаюць памялом з дубовых ці сасновых галінак. На чарэнь тонкімі радамі кладуць жытнюю салому (калі няма, то і сцябло кропу, каляндры, чароту, камышу, галінкі парэчак, маліны і вішні). Рыбу праціраюць чыстай палатнянай анучкай ці прамываюць. Потым роўным пластом кладуць на салому. Большая — у сярэдзіне печы, меншая — па баках. Зачыняюць засланкай да ранку, юшку могуць таксама закрыць або пакінуць на 10—15 хвілін. І толькі ранкам наступнага дня дастаюць гэтую смакату.
Рыбу солым, рыбу сушым,
Рыбу всякую йімо.
А Споруўскэ нашэ озэро
Ныкому ны отдамо!
Ядуць яе не толькі ў натуральным выглядзе. На Дзяды тут гатуюць квас з сушанай рыбай. Для гэтага ставяць 1—2 літры вады ў каструльцы ці чыгунчыку. Калі закіпіць, укідваюць дзве лыжкі ячных круп, замочаных за гадзіну да таго, а таксама сушаныя грыбы. Праз 10 хвілін — некалькі сушаных рыбін і 2—3 дробна пакрышаныя бульбіны, соль. Варыць хвілін 10, здымаючы навар. Потым кідаюць цыбульку, часнок, кроп, каляндру, перац, лаўровы лісток. У канцы варкі дабаўляюць «квасок» — расол з капусты. На другі дзень вяселля, калі астатнія прысмакі надакучылі, на ўра ідзе бульба, вараная з сушанай рыбай. Апошняя распарваецца і робіцца яшчэ смачнейшай.
А ў пэчы на соломі
Рыба сушыцца ў нас.
Прыйізжайтэ до нас у госты,
Будэ рыбка і для вас.
КАМПЕТЭНТНА
Намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Леанід КАЧЫНА:
— Уся гісторыя Спорава звязана з рыбай, калі думаю пра гэты аграгарадок, перад вачыма заўсёды малюнак: вясковыя хаткі падступаюць да самай вады, чаўны ўздоўж берага на кожным падворку… Людзі там своеасаблівыя. У нас праводзяцца, акрамя «Спораўскіх жартаў», і «Спораўскія сенакосы». Заўсёды збіраецца шмат сяброў, гэта вельмі цікавая падзея, якая можа стаць добрай нагодай для знаёмства з нашым Бярозаўскім краем. Мы імкнёмся развіваць унутраны турызм, у раёне 19 аграсядзіб, у Здзітава таксама дзейнічае аграэкатурыстычны цэнтр. Папулярны «бёрдвотчынг» на нашых балотах, наогул створаны ўсе ўмовы, каб атрымаць найлепшыя эмоцыі.
yasko@sb.by
Вкусно приготовить карася на соломе — нематериальное наследие жителей деревни Спорово Березовского района
«А ў пэчы на соломі рыба сушыцца ў нас»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото:
Алексей МАТЮШ