50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа

9 чэрвеня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася часовая экспазіцыя «50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа». Выставачны праект прымеркаваны да 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.

Большасць з нас прывыкла бачыць беларускага песняра ў сталым узросце. Такім мы запомнілі Якуба Коласа па падручніках, кнігах, артыкулах і публікацыях. Выставачны праект пазнаёміць з малавядомымі фотаздымкамі класіка беларускай літаратуры.

Усё жыццё Якуба Коласа прадстаўлена ў пяцідзесяці фотаздымках. Самы ранні вядомы нам фотаздымак паэта быў зроблены ў Нясвіжы. З 1898 па 1902 год Канстанцін Міцкевіч вучыцца ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, піша вершы, збірае этнаграфічны і фальклорны матэрыял. На арыгінале фотаздымка, які беражліва зберагаецца ў фондах музея Якуба Коласа, захаваўся аўтограф паэта, а на адваротным баку – дарчы надпіс сябру, беларускаму пісьменніку, крытыку, грамадскаму дзеячу Язэпу Лявонавічу Дылу: «Дарагому дзядзьку Я.Дылу на памяць Якуб Колас 17 XI 24 г…». Язэп Дыла (1880-1973) пазнаёміўся з Якубам Коласам у 1921 годзе, разам працавалі ў Інбелкульце, а таксама на настаўніцкіх курсах у Слуцку. Ва ўспамінах Язэп Дыла адзначаў, што вобраз паэта, «поўны напружанай творчай працы», назаўсёды застаўся ў яго памяці.


Фотаздымкі часовай экспазіцыі пададзены ў храналагічным парадку, гэта біяграфія Якуба Коласа ў чорна-белых пазітывах. Жыццё паэта не было лёгкім, у ім было як многа светлых і радасных момантаў, так і шмат выпрабаванняў. Тры гады турэмнага зняволення Якуб Колас адбыў у Мінскім астрожным замку за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Пасля вызвалення Якуб Колас едзе настаўнічаць у Лунінец. У 1911 - 1912 гадах жыве ў свайго сябра Вікенція Філіповіча, за плату займаецца з дзецьмі чыгуначнікаў, бо не мае магчымасці афіцыйна ўладкавацца на працу без даведкі аб добранадзейнасці. Знаходзячыся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, Якуб Колас не закідвае сваю літаратурную працу, працягвае працаваць над паэмай «Сымон-музыка», над зборнікам апавяданняў «Родныя з’явы». Вобраз паэта ў кашулі з беларускім арнаментам захаваў архіўны здымак, зроблены ў Лунінцы ў 1911 годзе. 


У маі 1912 года паэт артымлівае пасведчанне аб добранадзейнасці, умоўна прызначаецца на працу на пасаду настаўніка ў вёску Купяцічы (12 вёрст ад Пінска), затым пераводзіцца ў Пінск у 3-е прыходскае двухкласнае вучылішча. Рэдкі здымак Якуба Коласа ў настаўніцкай форме – сведчанне пінскага перыяду яго жыцця і творчасці.

Сталіца Палесся, Пінск, займае асабівае месца ў жыцці паэта – у гэтым горадзе Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч пазнаёміўся і ажаніўся з Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, якая на доўгія гады стала яго спадарожніцай, музай, ахоўніцай сямейнага агменю. У Пінску ў 1914 годзе ў шчаслівай сямейнай пары нарадзіўся сын Данііл.


Першая сусветная вайна на доўгія шэсць з паловай гадоў разлучыла паэта з радзімай. 1 студзеня 1916 года Якуб Колас камандзіруецца ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча ў Маскве. Паэт быў залічаны юнкерам, а праз чатыры месяцы па заканчэнні ўстановы, атрымлівае званне прапаршчыка. Здымак паэта ў вайсковай форме з’яўляецца матэрыяльным сведчаннем падзей таго часу.

Доўгачаканае вяртанне на радзіму не было лёгкім: паэт быў адпраўлены ў Перм у запасны полк, потым прызначаны начальнікам эшалона, які накіроўваўся на Румынскі фронт. Цяжкая хвароба знясіліла паэта, які ў рэшцэ рэшт вызваляецца ад вайсковай службы па дэкрэту ўрада. Жыццё закідвае паэта на Куршчыну, дзе ён працуе настаўнікам і школьным інспектарам.


На пачатку 1921 года Народны камісарыят асветы Беларускай ССР накіраваў Наркаму асветы РСФСР А. В. Луначарскаму тэлеграму з просьбай вярнуць у Беларусь школьнага інструктара Канстанціна Міцкевіча (псеўданім — Якуб Колас), аднаго з лепшых беларускіх пісьменнікаў. 15 траўня 1921 года Я. Колас з сям'ёй пераехаў з Курскай губерніі ў Мінск. Як выглядае паэт па прыездзе ў беларускую сталіцу, дазваляе ўявіць фотаздымак Якуба Коласа 1921 года. 

Уражваюць фотаздымкі Якуба Коласа 1920-ых гадоў. Прыгожы, малады, абаяльны – такім мы не прывыклі бачыць беларускага песняра.

   
Асаблівы інтарэс на фотавыстаўцы выклікае адзіны ацалелы фотаздымак Якуба Коласа ў яго даваенным доме, які размяшчаўся на тэррыторыі сучаснага парка Горкага.  Паэта можна ўбачыць за працай за яго рабочым сталом. Даваенны дом быў пабудаваны ў 1927 годзе. На жаль, згарэў на трэці дзень вайны з усімі рэчамі, рукапісамі і багатай асабістай бібліятэкай класіка. Усё што засталося – пабіты кубачак, знойдзены на папялішчы дома пасля вайны і срэбраныя чаркі – падарунак Янкі Купалы і Уладзіславы Францаўны Якубу Коласу і яго жонцы Марыі Дзмітрыеўне на срэбранае вяселле. Апошнія захаваліся дзякуючу сябру сям’і Адаму Брыжу, які вывез сейф з дома Якуба Коласа, закапаў яго на вуліцы Красівай, а пасля вайны перадаў паэту. Ні дакументы, ні рукапісы не захаваліся, толькі чаркі, якія сплюшчыліся ад пламя пажару, і абгарэлы гадзіннічак, які некалі Колас падарыў сваёй жонцы.


Падчас Вялікай Айчыннай вайны разам з Акадэміяй навук БССР паэт быў накіраваны ва Узбекістан. Фотаздымак зроблены ў Ташкенце як напамін аб цяжкіх гадах ваеннага ліхалецця. Схуднелы твар пісьменніка гаворыць аб яго перажываннях за лёс Беларусі, лёс сына Юрыя, ад якога не было вестак з фронту, за лёс людзей, якія цаной свайго жыцця здабывалі перамогу. Якуб Колас падтрымліваў вайскоўцаў сваімі творамі, вершамі, зваротамі па радыё. У друку выходзяць паэтычны зборнік «Голас зямлі», паэмы «Адплата», «Суд у лесе» і іншыя творы.


Яшчэ адзін малавядомы фотаздымак паэта зроблены выдатным фотамайстрам Майсеем Саламонавічам Напельбаумам у 1945 годзе ў Маскве. Напельбаум вядомы выдатнымі здымкамі артыстаў, пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў і дзяржаўных дзеячаў. У фотааб’ектыў знанага майстра трапіў і беларускі паэт. Пільны позірк карых вачэй, сур’езны твар – паэт зняты падчас працы над адным са сваіх твораў, а пяро, якое не паспела адарвацца ад аркуша паперы, гатова следаваць за думкамі аўтара, пакідаючы вершаваныя радкі для будучых пакаленняў удзячных чытачоў.


Не толькі Напельбаум, але і іншыя вядомыя фотамайстры фатаграфавалі народнага паэта. Сярод іх – Генрых Фрыд, Рыгор Міхайлавіч Вайль, Зянон Станіслававіч Паўлоўскі, Ілля Навумавіч Берлін, Яўген Паўлавіч Рапасаў, Уладзімір Якаўлевіч Кітас, Міхаіл Іванавіч Савін, Георгій Канстанцінавіч Бугаенка. Але і фотааматары пакінулі цікавыя здымкі класіка. Так на часовай экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі Якуба Коласа, зробленыя яго сябрам, беларускім пісьменнікам Міхасём Ціханавічам Лыньковым, а таксама малодшым сынам песняра Міхасём Канстанцінавічам Міцкевічам.

У 1930-я гады і пасляваенны час Якуб Колас часта праводзіў адпачынак на Пухавіччыне. Гэты прыгожы і маляўнічы край пісьменнік лічыў другой радзімай, бо ён нагадваў яму аб шчаслівых гадах жыцця з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай, радаваў паэта чыстымі баравымі лясамі, у якіх можна было назбіраць поўны кошык любімых коласавых грыбоў – баравікоў. Лета 1933 і 1934 гадоў паэт правёў у вёсцы Талька. Сваё прабыванне ў гэтым месцы паэт апісваў так: «Я ўсё лета пражыў на дачы ў глушы ў 80 км ад Мінска. Ехаў з намерам падагнаць і нават закончыць сваю аповесць, аднак вясковае жыццё павяло мяне па сваёй дарозе – я зрабіўся рыбаловам, зборшчыкам ягад, грыбоў і проста лясным чалавекам». Радасныя моманты жыцця паэта захавалі здымкі, зробленыя менавіта на Пухавіччыне.

   
На тэрыторыі мінскай сядзібы пад вокнамі свайго дома паэт сеяў жыта. Калі часамі хвароба не дазваляла выехаць за горад, ён глядзеў, як расце, красуе і каласіцца жыта на клумбе, як яно даспявае:

Стаіць мая хата між хвой кучаравых,

І купіна жыта на клумбе пры ёй.

Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,

Пляцоўка, і двор свой, і я сабе свой...


Зрабіць добрае фота паэта, які не вельмі любіў фатаграфавацца, часцей за ўсіх атрымлівалася ў яго малодшага сына Міхася Міцкевіча. Пра рэдкія і невядомыя здымкі Якуба Коласа аўтарства Міхася Канстанцінавіча друкаваўся асобны артыкул на партале СБ пад назвай «Якуб Колас у фотааб’ектыве сына Міхася».


На часовай экспазіцыі «50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа» таксама можна ўбачыць Якуба Коласа і ў нефармальным выглядзе – падчас працы на сядзібе ў Мінску. Старэйшы сын песняра Даніла Міцкевіч успамінаў: «Мне здаецца, што сялянскае паходжанне Якуба Коласа акрэслівала яго характар, паводзіны і, зразумела, творчасць. Нягледзячы на тое, што жылі мы ў горадзе, бацька кіраваўся сялянскім распарадкам дня. Вельмі рана прачынаўся, недзе каля шостай гадзіны і параўнаўча рана клаўся спаць: недзе так паміж дзевятай і дзесятай гадзінай вечара. Вельмі любіў фізічную працу…Любіў вельмі замятаць і чысціць надворак, зімою адкідаў снег. У летні час сістэматычна працаваў у садзе і агародзе. Усё гэта, як правіла, рабіў да снедання».


Зусім незвычайны выгляд паэт мае на фотаздымках, зробленых падчас яго адпачынку ў доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах. Там Якуб Колас адпачываў з 1950 года, працаваў над трылогіяй «На ростанях», напісаў шэраг артыкулаў і вершаў. Свой сямідзесяцігадовы юбілей Народны паэт адзначаў менавіта ў Каралішчавічах, дзе гасцямі былі пісьменнікі, вучоныя, артысты, дзяржаўныя дзеячы.

На фотавыстаўцы таксама прадстаўлены арыгіналы фотаздымкаў з дарчымі надпісамі паэта.

Якуб Колас не толькі знакаміты беларускі пісьменнік, навукоўца, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, але і мудры філосаф, якога заўсёды хвалявалі адвечныя пытанні дабра і зла, справядлівасці, сэнсу і мэты чалавечага жыцця. Філасофскія выказванні пісьменніка, падабраныя з яго розных твораў, дапаўняюць вобраз класіка беларускай літаратуры.

Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка паэта.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter