На родине Якуба Коласа отпраздновали 100-летие одного из его главных произведений

«Зямля — аснова ўсёй айчыне»

У мінулым годзе адзначылі 140-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа — Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. Сёлета іншая нагода ўзгадаць знакамітае «Мой родны кут, як ты мне мілы…» — 100 гадоў выхаду ў свет паэмы «Новая зямля». Не так даўно ў Альбуці на Стаўбцоўшчыне, якая стала правобразам сядзібы лесніка, адбылося рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў. Прайсці па сцяжынках творцы, узгадаць мінулае і сучаснае з яго землякамі пашчасціла і карэспандэнтам «СГ».


Месца нараджэння Песняра — засценак Акінчыцы. Зараз сядзіба знаходзіцца ў межах Стоўбцаў. Да падворка сельскай хаткі з вялікімі дрэвамі побач мы пад'язджаем разам з жоўценькім аўтобусам «Дзеці». З яго выпорхваюць хлопчыкі і дзяўчынкі з аздараўленчага лагера «Нёман». З цікавасцю аглядаюць драўляную карту, дзе абазначаны чатыры мемарыяльныя сядзібы філіяла «Мікалаеўшчына» Дома-музея паэта ў Мінску. Акрамя Акінчыц, гэта Ласток, Альбуць і Смольня. Навуковы супрацоўнік Вольга Шавель адразу пытаецца ў дзяцей, хто ведае вершы творцы. Бойкая дзяйчынка ўзбіраецца на высокі драўляны ганак і з пачуццём дэкламуе:

Слухае хлапчынка
Гэты сказ нязнаны,
Спеў, нікім адвеку
У лесе не чуваны.
То яму здаецца
Дудак хор далёкі,
То птушыны ў небе
Голас адзінокі.


— Гасцей прыязджае шмат, і нават нярэдкасць расійскія групы, — раскажа пазней Вольга Мікалаеўна. — І што дзіўна, яны таксама просяць экскурсію на беларускай мове, а некаторыя і ведаюць паэму «Новая зямля». Назвы многіх прадметаў побыту не так і лёгка неўзабаве перакласці на рускую мову: напрыклад, з адной жанчынай з Расіі разам узгадалі, што «ночвы» — карыта. За той час, што я тут працую, з нашых наведвальнікаў вельмі рэдкія людзі не чыталі «Новую зямлю». Гэта не проста энцыклапедыя сялянскага жыцця, як прынята казаць, людзі знаходзяць у ёй адлюстраванне жыцця. Экскурсанты, якія нарадзіліся на Палессі, дзе больш доўга захоўваліся аўтэнтычныя традыцыі, кажуць: нібы пра нас напісана. А многія, па маіх назіраннях, са школьнай пары выдатна памятаюць два творы — «Новую зямлю» Коласа і «Яўгена Анегіна» Пушкіна.

У юбілейны год у філіял «Мікалаеўшчына» завітала каля шасці тысяч наведваль­нікаў, у гэтым — больш за дзве тысячы. Народная сцяжынка не зарастае… А дзіцячы гурт дзівіцца аповеду пра тое, як малы Костусь, будучы Якуб Колас, пытаў маці, чаму лётаюць толькі птушкі. А потым доўга не думаў — і з даху на зямлю. Зваліўся на капу сена… Маці доўга па-добраму кпіла з яго — «недабітачак мой». Як вядома, у сям'і бацькоў Канстанціна Міхайлавіча было 13 дзяцей. І зараз на Стаўбцоўшчыне, асабліва ў Мікалаеўшчыне, шмат сваякоў Песняра, а па прозвішчы кожны другі — Міцкевіч. Нагадаю, што «Новая зямля» — твор шмат у чым аўтабіяграфічны. Галоўных герояў Якуб Колас змаляваў са сваіх бацькоў, а ключавыя моманты твора — гэта рэальныя падзеі з жыцця.

Вольга Шавель праводзіць экскурсію для школьнікаў.
 Да памятнай даты ў Доме-музеі Якуба Коласа ў Мінску прэзентавалі факсімільнае выданне паэмы. Дарэчы, сам аўтар працаваў над ёй каля дзесяці гадоў. І нават у параўнанні з «Сымонам-музыкам» тэкст мала змяняўся падчас пазнейшых рэдакцый аўтара. За стагоддзе існавання гэта 20-е перавыданне знакамітага твора.
На малой радзіме таксама шмат клапоцяцца пра захаванне спадчыны паэта. Вялікія работы ў мінулым годзе правялі ў сядзібе Ласток, паведаміла субяседніца. Раней там існавала экспазіцыя, прысвечаная паэме «Сымон-музыка». У жніўні плануюць пачаць стварэнне новай. Яна будзе называцца «У кожнай рэчы час ёсць свой» і прысвячацца народным святам. Многія экспанаты прыедуць у Ласток з Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.

— На свята да нас прыязджала Вера Данілаўна Міцкевіч, родная ўнучка Песняра, а таксама праўнучка Васіліна Валер'еўна, — дадае Вольга Мікалаеўна. — Своеасаблівую інтэрпрэтацыю «Новай зямлі» паказаў мінскі тэатр «Жывое слова».


Пытаюся, якія радкі з паэмы кранаюць яе асабіста. І вось яны:

Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля даслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля — аснова ўсёй айчыне…

З 30 частак паэмы падзеі 24 адбываюцца ў Альбуці. Да яе ад Акінчыц па прамой каля двух кіламетраў, але дагэтуль горад сюды не дабраўся: сядзіба, як і 100 гадоў таму, акружана лесам, і нават пчолы гудуць за домам на падлёце да вулляў… І ціш, і спякота, і так вольна… А пачынаў пісаць знакамітую паэму Якуб Колас у турме, за кратамі. Краявіды дзяцінства ўставалі перад вачыма яскрава:

Супрацоўнік музея Анатоль КОПАЧ.

Парэчча — слаўная мясцiна,
Куток прыгожы i вясёлы:
Як мора — лес, як неба — долы,
Зiхцiць у кветках лугавiна...
А колькi ягад i парэчак!
Як пахне мёдам поле грэчак,
Калi пачнуць яны цвiсцi!..

Як любая энцыклапедыя, «Новая зямля» мае словы на кожны жыццёвы выпадак, упэўнены ўдзельнік ансамбля народнай песні «Коласавы землякі», жыхар Стоўбцаў Міхал Міткевіч. Ён ведае амаль усю «Новую зямлю» на памяць, неаднаразова перамагаў з ёй на конкурсах літаратурнага чытання. У дзяцінстве давялося старому не раз слухаць успаміны малодшага брата паэта Юзіка, што выступаў перад дзецьмі з расказамі пра сваё дзяцінства.

Міхал Міткевіч.

Міхала Міхайлавіча я таксама прашу прачытаць словы паэта, якія найбольш ляглі на сэрца. Але ён крыху перайначыў словы класіка, каб даслаць сваё пажаданне хлебаробам, што зараз у полі!

Ну што ж, Антось, здароў будзь, браце!
Няхай дае бог лад у хаце,
Дабра, прыбытку прыспарае,
Каб у хляве ды ўсё пладзілась,
Каб жыта ў полі каласілась,
Няхай раяцца добра пчолы,
І самі будзем мы вясёлы;
За год дай божа дачакаць
Здаровым ураджай спаткаць.

yasko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter