Секрет долголетия 102-летней Зинаиды Константиновны Ярмольчик из деревни Сады Минского района

Сакрэт 102-гадовай Зінаіды Ярмольчык з вёскі Сады Мінскага раёна: «Не шкадуй сябе ў працы, не зайздросць нікому і жыві спакойна па законах краіны»

У розных рэгіёнах Беларусі звыш трох соцень грамадзян, старэйшых за сто гадоў. Сапраўдная легенда Мінскай вобласці — 102-гадовая сялянка Зінаіда Канстанцінаўна Ярмольчык. Родную вёску Скнаравічы Мінскага раёна вымушана пакідала толькі аднойчы, у гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Векавая гісторыя краіны праходзіла пры яе жыцці.

Пакацістымі пагоркамі акружана выцягнутая ў адну вуліцу вёска Сады. Раней яна насіла назву Скнаравічы. Адразу прыцягвае ўвагу пафарбаваны ў яркі аранжавы колер дом 102-гадовай Зінаіды Ярмольчык, вакол якога разгалістыя старыя яблыні. З хлява з вядром сырадою выйшла сярэдніх гадоў жанчына. Пасля вітання і знаёмства Ніна Пятроўна запрасіла прайсці ў дом. Па дарозе адзначыла, што дачнікі з'ехалі, а гадаванцаў сваіх пакінулі. Усе яны і збіраюцца на гэты падворак, каб паласавацца. 

Праз вузенькія сенцы трапляем у прасторную кухню. З суседняга пакоя пераступіла парог невысокага росту бабулька з кавенькаю ў руках. Апранутая ў камізэльку, яна падышла да крэсла і прысела. З-пад акуратнай хусцінкі іскрынкамі свяціліся яе вочы. Знаёмімся…

Сто другі Новы год будзе сустракаць Зінаіда Канстанцінаўна. Большую палову свайго доўгага веку пражыла ў гэтым доме, які будавала ў першыя пасляваенныя гады з рана аўдавелым бацькам. З успамінаў, як з зямлянак вярталіся ў спаленую фашыстамі вёску, пачалася размова са старэйшай жыхаркай Міншчыны. 


— Стаў слых падводзіць, а хочацца ўсё чуць, — паскардзілася Зінаіда Канстанцінаўна. — Век прамільгнуў хутка, як адзін дзень. Вёска наша да вайны была вялікай. Гэта цяпер з сарака падворкаў толькі дванаццаць сем'яў пастаянна пражываюць тут. Шматдзетная сям'я перабралася са сталіцы. Купілі сядзібу, абуладзілі яе, завялі ўласную гаспадарку. Трымаюць карову, каня, хатніх птушак. Больш за два дзясяткі ў нас дачнікаў з Мінска. Вабяць іх прыгожыя мясціны і цішыня. 

Наша вёска заўжды славілася садамі. На пачатку мінулага стагоддзя побач быў панскі маёнтак і яблыневы сад, пры савецкай уладзе адкрылася пачатковая школа. Драўляны будынак знаходзіўся на ўскрайку вёскі. Памятаю, як упершыню пераступіла школьны парог, грамаце вучыла нас Валянціна Сакалоўская. Заняткі праходзілі ў адным пакоі з другакласнікамі. Трэці і чацвёрты класы таксама займаліся разам. Выкладаў у іх настаўнік Бенін. Старэйшы брат Васіль і малодшы Уладзімір скончылі пачатковую школу, а затым і Шапялёўскую сямігодку, што за шэсць кіламетраў ад нашай вёскі. Былі яны актыўнымі камсамольцамі. Васіль у Мінску атрымаў сярэднюю адукацыю і паступіў у інстытут (бацькі за яго вучобу штомесячна плацілі немалыя грошы), жыў у студэнцкім інтэрнаце. Праз год яго вучобу перарвала вайна. Разам з аднакурснікамі адправіўся змагацца з ворагам, у адным з баёў загінуў. Малодшы брат Уладзімір ваяваў да пераможнага дня і потым яшчэ чатыры гады служыў у Германіі. Мы з нецярпеннем чакалі вяртання яго дамоў. 

— Зінаіда Канстанцінаўна, а чым запомніліся школьныя гады?

— Тым, што ўсяго тры зімы вучылася. Спасцігла чытанне, арыфметыку. Трэці клас не скончыла — засталася дапамагаць бацькам упраўляцца па хатняй гаспадарцы. Зямлі ў нас было восем гектараў. Збажыну, лён сеялі, садзілі бульбу, коньмі поле апрацоўвалі. Уручную жалі збожжавыя, цапамі снапы абмалочвалі. Вечарамі ўся вёска збіралася на сход: бурна абмяркоўвалі аб'яднанне ў калектыўную гаспадарку. Назвалі яе «Пралетарый».

На пачатку калектывізацыі за вёскай для агульнага статка пабудавалі драўлянае памяшканне. За працу грошы не плацілі, а толькі ў канцы года выдавалі па некалькі пудоў другога сорту ячменю ці жыта. У асноўным выжывалі дзякуючы ўласнай гаспадарцы. З шаснаццаці гадоў даіла ў калгасе дваццаць кароў. З калодзежа ваду чэрпала і паіла іх, кармы раздавала, вёдры з малаком цягала, памяшканне чысціла. За дзень стамлялася, а ўвечары як хто падмяняў мяне. Дома пераапраналася і з сяброўкамі ішла на гулянне. Хлопцы наймалі гарманіста, і мы ўсе разам да апоўначы скакалі ў якой-небудзь вялікай хаце. Пасля прыбіралі пакой і разыходзіліся. 

— З маладосці што больш захавалася ў памяці?

— Першае і незабыўнае каханне з аднавяскоўцам Мікалаем Сокалам. Статны, прыгожы, ён даглядаў жывёлу на калгаснай ферме. Гарэла сэрца ад моцных пачуццяў. Пасля працы разам крочылі дамоў. На гулянні ні адзін танец з ім не прапускалі. Мікалай быў асаблівым, уважліва ставіўся да мяне. Маці яго радавалася нашым адносінам, і мае бацькі цешыліся намі. Усё набліжалася да вяселля, але вайна знішчыла задумы. У першыя дні пасля нападу фашысцкай Германіі Мікалай з равеснікамі сабраліся змагацца з ворагам. Перад развітаннем прасіў мяне чакаць яго з вайны. Памятаю песню, што спявалі мы хлопцам, калі праводзілі іх на фронт:

Гадавала, гадавала 

сыночка маці, 

А як цяжка сыночкаў 

на вайну адпраўляці. 

Заязджалі музыканты, 

білі ў барабаны,

А апавіты конь стаіць 

у брамы.

Сеў сынок на коніка, 

нізенька схіліўся:

— Даруйце, суседзі, 

мо з кім і сварыўся.

Наведвайце мамулечку, 

кабы не тужыла.

Не плач, мамка родная, 

не гаруйце, госці.

Калі вырасце травіца 

ў сенях на памосце,

Тады, мамачка родная, 

прыйду к табе ў госці.

Травіцай параслі тыя сцежкі, якімі хадзілі з Мікалаем. Пахавальная збянтэжыла мяне. Не вярнуліся з вайны і тры яго родныя браты. Апусцеў іх падворак. Не вытрымала мацярынскае сэрца, акамянела і маё. 
На пачатку лета 1941-га за працоўныя поспехі мяне і яшчэ двух перадавікоў гаспадаркі ўзнагародзілі паездкай у Маскву на ВДНГ. Збіраліся ў нядзелю грузавіком адправіцца на чыгуначны вакзал у Мінск, але раніцай па радыё паведамілі страшэнную вестку: пачалася вайна. Запомнілася, як у першыя дні гітлераўскага нападу на нашу краіну ў вёску ўварваліся ворагі на матацыклах. Перапужаныя жыхары не ведалі куды кідацца. Некалькі смельчакоў перанялі акупантаў каля суседняй вёскі Казекі і знішчылі іх. За гэта фашысты спалілі амаль усе пабудовы ў Скнаравічах.
Людзі сем'ямі перабраліся ў лес, павыкопвалі зямлянкі і туліліся ў іх два гады да вызвалення Чырвонай арміяй. У нашай зямлянцы месцілася больш за дзясятак чалавек. 

— Чым харчаваліся ў гэты цяжкі ваенны час?

— Бывала, заставаліся без вады, па некалькі дзён сядзелі галоднымі. Ранняй вясною коцікі з вербалозу зрывалі і елі, а потым першыя лісточкі жавалі. І маленькіх дзяцей так кармілі. Калі фашысцкія карнікі набліжаліся да падворка майго дзядулі Кур'яновіча, яго сыну Уладзіміру ўдалося выскачыць з хаты і ўцячы ў лес. Азвярэлыя нелюдзі бачылі, як ён выбягаў, і спалілі падворак з усёй сям'ёю. 

Пасля вызвалення мясцовасці ад акупантаў летам 1944 года мы з лясных зямлянак вярнуліся ў спаленую вёску. Ад перанесеных страт падкасілася здароўе маці, і яна памерла. З бацькам самі дом дабудоўвалі: ездзілі ў лес, пілавалі ўручную дрэвы. Жанчыны і старыя мужчыны, што засталіся ў вёсцы, коньмі цягалі бярвёны да падворкаў. Дошкі ўручную распілоўвалі, дранку на дах нарыхтоўвалі. Як сям'і загінуўшага на фронце брата Васіля, дзяржава выдзеліла 400 рублёў дапамогі. За гэтыя грошы купілі тры жалезныя ложкі і шафу. Паціху абжываліся на папялішчы. Бацька ўзяў пазыку ў банку і пешкі адправіўся ў Ашмяны, каб купіць карову. Некалькі дзён вёў яе дамоў. 

— А чым зямлю апрацоўвалі?

— Першыя тры пасляваенныя гады аралі коньмі, а хто і карову запрагаў у плуг. Усім гэтым займаліся ў асноўным жанчыны, большасць з іх былі салдацкія ўдовы. Наш калгас рэфармавалі ў саўгас. Брыгадзір адмерваў дзялянкі для кожнай сям'і. Усёй вёскай выходзілі на праполку пасеваў ці ўборку ўраджаю. У кожнага была і ўласная гаспадарка. Паспявалі ўпраўляцца дома і ў саўгасе. А як выпадала магчымасць, пешкі адпраўляліся ў сталіцу, каб прадаць смятану, яйкі ці якія іншыя сельгаспрадукты, каб мець грошы на вопратку, абутак альбо аплату падаткаў. Кожная сям'я павінна была штогод здаваць дзяржаве 40 кілаграмаў мяса, 20 дзясяткаў яек, чатыры кілаграмы масла каровінага, 200 літраў малака. Бацькава сястра дапамагала нам. Памятаю, як аддала нам авечку. Зарэзалі яе, але не хапіла восем кілаграмаў мяса да патрэбнай нормы. Тата тлустага гуся здаў, але ўсё роўна трох кілаграмаў неставала. Нарыхтоўшчык дараваў нядоімку. Самі збівалі масла для здачы дзяржаве, імкнуліся выходзіць са складанага становішча. 

Бацькі з маленства прывучалі мяне і братоў да сялянскіх заняткаў. Заўжды з ахвотаю працавала на зямлі, мо гэта і гартавала мяне. Да выхаду на пенсію даіла саўгасных кароў, даглядала цялят. Толькі аднойчы за ўсё жыццё лячылася ў бальніцы, калі заразілася хваробай Боткіна. Як толькі стала папраўляцца, папрасілася дамоў. Ніколі мяне не турбаваў ціск, не ведаю прастуд. Прытамлюся на працы, крыху адпачну і зноў бяруся за справу. Мае рукі не звыклі панаваць без занятку. Нават калі замуж вышла, на мне бралі ўсе хатнія клопаты.

— Муж ваш адкуль?

— Пятрук тутэйшы, працаваў у саўгасе ездавым. Пасватаўся пасля вайны да мяне. Бацька сватоў прыняў, прызначылі вяселле. Сяброўкі зладзілі з марлі і кветак вэлюм, сукенку сшылі са штапелю белага колеру ў кропелькі. Вайна нас агаліла, нават хлеба не было ўдосталь. У мінскіх крамах давалі толькі па палове буханкі на чалавека. Вяселле ладзілі летам у нашым новым доме. Бацька зарэзаў кабанчыка і цялятка. Нанялі гарманіста і музыку з бубнам. Распісваліся ў Рогаўскім сельсавеце, што за сем кіламетраў ад нашых Скнаравіч. Рэгістраваць шлюб ехалі на конях. Упрыгожылі кветкамі збрую і на дузе прыладзілі званочкі. Замуж ішла без асаблівых пачуццяў. Першая наша дачушка немаўлём захварэла і памерла. Калі нарадзілася яшчэ адна, Петрука адправілі ад саўгаса аднаўляць разбураны за вайну Мінск. Прыжаніўся ў горадзе. Праз восем гадоў вярнуўся. Прыняла яго. Другая дачка папоўніла сям'ю. Але сумеснае жыццё ў нас з мужам так і не склалася. У маім сэрцы і зараз даваенны кавалер Мікалай Сокал. Часам у сне бачу яго. Дзяцей падымаць на ногі дапамагаў бацька Канстанцін Міхайлавіч. Вучыў іх пісаць і чытаць. Сталі абжывацца: садзілі бульбу ў агародзе, жывёлу трымалі. Старэйшая Ніна паступіла ў гандлёвы тэхнікум. Выйшла замуж і вучобу спыніла. Вярнулася дамоў і стала працаваць прадаўцом у нашым магазіне. Некалькі разоў выбіралася дэпутатам Юзуфоўскага сельсавета. І зараз яна стараста вёскі Сады. Сына і двух дачок выхавала. Дзеці маюць свае сем'і. Побач з намі ў сваіх дамах жывуць унучкі з сем'ямі. Кожныя выхадныя наведваецца са сталіцы ўнук Аляксандр. Дзякуючы яго старанню ў доме газавае ацяпленне, водаправод. У суседнім аграгарадку Юзуфова атабарылася малодшая дачка Галіна. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала аграномам-аграхімікам у саўгасе «Буцавічы», які цяпер уваходзіць у 1-ю Мінскую птушкафабрыку. У мяне пяць унукаў, сем праўнукаў і адна прапраўнучка.

— За ваш доўгі век які перыяд жыцця склаўся найбольш удала?

— Заўсёды потам і мазалямі на хлеб зарабляла. Гаравала як магла. Хлеб і бульба ў цяжкія пасляваенныя гады для нас былі галоўнымі прадуктамі. Сала не заўжды мелі на стале.
Для мяне багацце, калі на душы спакой. Не думала, што дажыву да такога шчаслівага часу. Дамоў штомесячна прыносяць пенсію. Радуюся, што жывём пад мірным небам. Крый божа бачыць нашчадкам тое, што выпала майму пакаленню. У нас усяго ўдосталь. Кароўка Капелька — першацёлка, летам давала па два вядры малака штодзённа, а зараз перад запускам напалову менш. Заўжды на стале сырадой, смятана, тваражок. Люблю малочныя стравы, бо для мяне гэта звыклая сялянская ежа.
— Мо таму так хораша выглядаеце: у такія паважаныя гады амаль няма маршчынак на твары?

— Так захавала сябе замалада. Ніколі не піла гарэлку, хаця ў цяжкія часы гнала хлебную самагонку, каб было чым плаціць за ўзараны агарод ці прывезеныя з лесу дровы. 

— А што зараз часцей сніцца?

— Цяпер у мяне верная сяброўка — кавенька. Калі сплю, яна мне не патрэбна. Там без яе бегаю, нават лётаю, як птушка. І ўсё нейкай працай занята. Вось і мінулай ноччу ў сне садзіла на агародзе бульбу і капусту. Так спрытна ўвіхалася, што і ног пад сабою не адчувала. А як толькі прачнуся, без кавенькі ні кроку. 

— А песні ў сне спяваеце?

— О, як хораша льюцца яны ў мяне! А яшчэ часта бачу, як са сваім даваенным ухажорам Мікалаем танчым у пары і пра нешта вядзём гаворку. Так горка на душы, калі прачынаюся і сон адыходзіць. Падымаюся па звычцы ў шэсць гадзін раніцы. На сняданак дачка гатуе два звараныя яйкі і кашу. П'ю толькі сырадой ад кароўкі Капелькі.

— Ці бывалі ў вас моманты зайздрасці?

— Ніколі нікому не зайздросціла. Кожны чалавек як можа, так і жыве. Хто працуе, той і мае. Зайздрасць на карысць не ідзе. Самае галоўнае — заставацца чалавекам. Раскоша карысці не прыносіць. Спадзяваюся на Бога. У маім жыцці не заўсёды хапала хлеба, але неяк перажылі той складаны час. Напрацуемся за день, а ўвечары збіраемся на прызбе і спяваем. Памятаю, калі восенню 1939 года адкрылі мяжу з Заходняй Беларуссю. У Радашковічы на богаслужэнні і споведзь пешкі хадзіла. За гадзіну паспявала да храма. Падбягу дзе, каб не спазніцца на службу. Аўтобусы не хадзілі. Пасляваенны час быў самы складаны для нас усіх. Спаленыя вёскі, разбураныя гарады. Усё трэба было аднаўляць. У саўгасе не дазвалялі нават саломы шматок узяць, а ў хлеўчыку трэба было насцілаць карове, свінням. Ноччу падымалася і ўпотайкі крочыла на поле, каб пазграбаць саломы. 

І ў марах ніколі не было сустракаць сто другую вясну. Пасля зімы надыдуць цёплыя дні, зацвіце сад, што некалі пасадзілі каля хаты бацька і брат Уладзімір. Унук Аляксандр выведзе ў агарод міні-трактар, і пачнём новы сезон. Як радасна на душы, калі на пачатку вясны вяртаюцца з выраю буслы. Люблю, калі яны клякочуць на нашым дрэве, што ўзвышаецца перад домам. А потым і шпакі зашчабечуць, пачне кукаваць зязюля. У нашым доме і гадзіннік з ёю. Па два разы на суткі адлічвае нам гады.

— Зінаіда Канстанцінаўна, на развітанне падзяліцеся сакрэтам вашага даўгалецця.

— Які ж тут можа быць сакрэт? Не шкадуй сябе ў працы, не зайздросць нікому і жыві спакойна па законах краіны, каб потым не было сорамна. Не стрымлівай сябе ў добрых справах. Гэтага ўсім чытачам вашай газеты і ўвогуле сваім суайчыннікам зычу. Каб радасцю поўніліся сэрцы людскія і квітнела наша Беларусь!

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter