Спасибо Президенту за то, что наши дети живут и работают под мирным небом – Светлана Лукашевич

Намеснiк дырэктара ААТ «Мiраполле» Барысаўскага раёна Святлана Лукашэвiч: «Новае пакаленне трэба з маленства прывучаць да працы»

Кожнаму чалавеку даецца магчымасць знайсцi свой шлях у жыццi. Намеснiк дырэктара ААТ «Мiраполле» Барысаўскага раёна Святлана ЛУКАШЭВIЧ лiчыць, што ёй пашанцавала рана вызначыцца з прызваннем. Вырасла ў дружнай сялянскай сям'i Мядзведзевых. У невялiкай талачынскай вёсцы Данiлкава на iх падворку заўжды панавала ажыўленне: Антанiна Рыгораўна i Антон Парфёнавіч выхоўвалi дзесяць дзяцей. Мацi-гераiня спраўлялася дома i даiла калгасных рагуль. На ферме працаваў i гаспадар. Механiзацыi не было, усё выконвалi ўручную. Малыя дапамагалi бацькам упраўляцца па хатняй гаспадарцы i ў кароўнiку. Летам усе разам палолi бульбу на сотках, церабiлi лён, касiлi травы i нарыхтоўвалi сена. Дзецi падрасталi, i пасля заканчэння школы кожны з iх выбiраў свой жыццёвы шлях.

Калi надышоў час вызначыцца з будучым, Святлана без ваганняў падала дакументы ў Лужаснянскi саўгас-тэхнiкум. Паспяхова вытрымала ўступныя экзамены i стала студэнткай аддзялення птушкагадоўлi. Была выдатнiцай i атрымала дыплом з адзнакаю.

Вытворчую дзейнасць пачынала на 1-й Мiнскай птушкафабрыцы i завочна вучылася на зоаiнжынерным факультэце Беларускай сельгасакадэмii. Потым кiравала МТФ, зоатэхнiчнай службай у гаспадарках Барысаўскага раёна. Трынаццаты год працуе ў аб'яднаным з трох вытворчых калектываў ААТ «Мiраполле». Трэцi год Святлана Антонаўна — намеснiк дырэктара па жывёлагадоўлi.

За вытворчыя поспехi адзначана ганаровымi граматамi Мiнсельгасхарча, Мiнскага аблвыканкама, юбiлейным медалём «100 год органам дзяржаўнага кiравання сельскай гаспадаркай i харчаваннем Беларусi».


  – Прадукцыйнасць дойнага статка — не самы галоўны паказчык у малочнай галiне, — пачынае нашу размову Святлана Лукашэвiч. — Важна таварнасць, i ад яе залежаць фiнансавыя паступленнi. У параўнаннi з мiнулым годам дасягнула 112 працэнтаў. За выручку набываем канцэнтраты i розныя дабаўкi. Па надоях лiдзiруе малочна-таварны комплекс «Жыцькава», больш за дзесяць гадоў таму ўведзены ў эксплуатацыю. Гадавы надой на кожную з шасцiсот кароў перавышае 8000 кiлаграмаў. На фермах пiльна кантралюем вытворчыя затраты. Малочная галiна стала ў нас сапраўдным лакаматывам вытворчага працэсу. Прэзiдэнт правiльна вызначыў перспектыву развiцця жывёлагадоўлi — будаўнiцтва сучасных МТК. Ствараем максiмальна спрыяльныя ўмовы для людзей, замацоўваем маладых за вопытнымi спецыялістамі. Ёсць чаму павучыцца ў аператара машыннага даення Ганны Паўлаўны Манкевiч з МТФ «Слабада». I такiх адданых справе прафесiяналаў у нас нямала. Вядзём комплексную рэканструкцыю малочна-таварнай фермы, што побач з вёскай Пчальнiк. Пабудуем там даiльную залу з устаноўкай «Карусель» на 40 месцаў, дзе будзе ўтрымлiвацца 1130 кароў. Аўтаматызацыя i механiзацыя вытворчых працэсаў дазволяць скарацiць колькасць працаўнікоў. У 2024 годзе пачнём рэканструкцыю МТК «Падбярэззе». Увесь малочны статак гаспадаркi будзе размешчаны на трох комплексах. Пастаянна аналiзуем работу галiны. Дэталёва распрацавалi стратэгiю дзеяння, дзе вызначылi чатыры найбольш важныя фактары.

— I якiя яны?

— Кармы, каровы, камфорт для жывёлы i кадры. У нас бездакорнае правiла — абсалютнае выкананне тэхналогii пры закладцы сенажу цi сiласу. У гэты засушлiвы год назапасiлi па 29 цэнтнераў кармавых адзiнак травяных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. Ураджайнаць збожжавых перавысiла 42 цэнтнеры з гектара. Засыпалi ў засекi амаль 5500 тон збожжа, што дазваляе забяспечыць статак уласнымi канцэнтратамi. Значную дапамогу аказваюць вучоныя НПЦ па жывёлагадоўлi. Усё гэта станоўча ўплывае на канчатковыя вынiкi працы калектыву. Растуць грашовыя паступленнi за рэалiзаваную прадукцыю, сярэднямесячны заробак па гаспадарцы наблiжаецца да 1800 рублёў. Прыходзяць маладыя кадры. Зоатэхнiчную службу нядаўна ўзначалiла Валянцiна Петрашэвiч, гаспадарка забяспечыла яе жыллём. За апошнiя пяць гадоў выкуплена 23 кватэры для працаўнiкоў.

— Святлана Антонаўна, якiя ў вас задумы на 2024‑ы, якi Прэзiдэнтам абвешчаны Годам якасцi?

— Галоўная наша задача — выйсцi на стопрацэнтную рэалiзацыю малака класам экстра. I гэта магчыма. Разам са спецыялiстамi агранамiчнай службы ўдакладняем севазварот, каб мець збалансаваны набор кармоў. Адзiн год эксперыментальна пасеялi сумесь кукурузы i сланечнiку, настройвалiся ўбiраць зялёную масу на сенаж. Але сланечнiк паспеў раней, чым вырасла кукуруза. На другi год гэтыя кармавыя культуры размясцiлi на суседнiх палях, так, каб зручна было адначасова ўбiраць i змешваць у траншэi скошаную зялёную масу. Атрымаўся высокакаларыйны фураж, надоi адразу заўважна сталi расцi.

— Рызыка апраўдала сябе?

— Рызыка не ў маiм характары, але дзеля агульнай справы даводзiцца эксперыментаваць. Калi неабходна, рашуча адстойваю сваю пазiцыю. Заўсёды з калегамi абмяркоўваем сiтуацыю, а дырэктар прымае рашэнне. Чалавек ён мудры, прыслухоўваецца да галоўных спецыялiстаў, уважлiва адносiцца да падначаленых. У калектыве кiраўнiка паважаюць. Ад яго многае пераймаю, а ён запэўнiвае, што чэрпае шмат карыснага ад мяне.

— Для вас праца — гэта…

— …прызванне, прэстыж. Прыемна адчуваць сваю запатрабаванасць. Бывалi хвiлiны роспачы, але ў памяцi засталося больш прыемных момантаў. Напрыклад, як у барысаўскую гаспадарку «Вяляцiчы», дзе ўзначальвала зоатэхнiчную службу, прыязджаў Леанiд Канстанцiнавiч Заяц. Тады ён кiраваў Мiнскiм аблсельгасхарчам, а я толькi пачынала працоўную дзейнасць. Прыемна было чуць ад яго падзяку за парадак на жывёлагадоўчай ферме.

— Што падштурхнула вас у выбары прафесii?

— Iншага занятку сабе i не ўяўляла, бо ўсё дзяцiнства прайшло на ферме. Мацi была адной з лепшых даярак калгаса, i бацьку паважалi за працавiтасць. У нашай вялiкай дружнай сям'i старэйшыя браты i сёстры глядзелi малодшых. Матуля нiколi не брала дэкрэтны адпачынак. Кожную з дваццацi трох кароў ласкава клiкала па мянушках. Мы дапамагалi ёй на ферме: даiлi рагуль, цягалi бiтоны з малаком, ахалоджвалi яго ў спецыяльнай ёмiстасцi, замураванай у прыбудове. На сажалцы, што была побач, зiмою назапашвалi лёд i ў цёплы час года захоўвалi яго пад торфам. Каровы, якiя давалi ў суткi па 10 кiлаграмаў малака, тады лiчылiся лепшымi.

— А дзе бавiлi вольны час?

— Сумаваць не даваў гарманiст Яўген Забаўжэнь, на два гады старэйшы за мяне. Гэта першае каханне засталося ў сэрцы на ўсё жыццё. Потым, у час вучобы ў Лужаснянскiм саўгасе-тэхнiкуме, сустракалася з юнаком, але такога моцнага пачуцця не адчувала. Баялася ў вёсцы тады прызнацца, што да спадобы гарманiст. Як толькi выходзiў на вулiцу з гармонiкам, усе збiралiся каля яго, танчылi, прыдумвалi розныя забавы. Клуба не было, таму хадзiлi за тры кiламетры ў вёску Кiсялёва. Бацькi нас выхоўвалi ў строгасцi, у дзесяць гадзiн вечара дзверы закрывалi на зашчапку. Даводзiлася i праз фортку пасля спазнення ў хату залазiць. У вёсцы было толькi тры дзясяткi падворкаў. Да чацвёртага класа вучылiся ў Кiсялёўскай пачатковай школе, а потым хадзiлi за чатыры кiламетры ў Абалецкую СШ. Зiмою пратоптвалi сцежку, пазначалi яе галiнкамi ад бярозак, каб не збiцца са шляху. Разам з намi жыла бабуля Матрона. Як цудоўна смажыла яна пульхныя блiны, запякала праснакi! Зверху цеста пасыпала цукрам. У сенцах стаялi жорны, на якiх уручную малолi зерне i расчынялi ў драўлянай дзяжы цеста. Пакуль хлеб быў у печы, у хаце панавала цiшыня. Да Колядаў цi Вялiкадня выпякалi пiрагi. Усёй сям'ёю мылiся ў лазнi, што пабудаваў бацька. Распараныя выскоквалi зiмою на снег i нацiралiся iм. Шчокi i ўсё цела палалi. I ў працы заўжды былi разам. Летам па два гектары лёну церабiлi, а потым сцялiлi яго пад жнiвеньскiя росы. За гэта мелi добрыя грошы, а за iх набывалi ўсё неабходнае для школы.

— Што помнiцца з тых гадоў дзяцiнства?

— Абеды на калгасным полi. У цяньку пад дрэвам мацi расцiлала абрус, i мы пачыналi частавацца. У нас заўжды быў поўны кубел сала, выраблялi кумпякi. Вясною выносiлi iх вяндлiць на сонца. Праца на зямлi нялёгкая, i трэба было добра харчавацца. Звычайна да жнiўня ў запасе заставаўся запраўлены прыправамi свiны здор. Упляталi яго з жытнiм хлебам i свежымi агуркамi. Завяршалi абед блiнамi з малiнавым варэннем i малаком. Трымалi на падворку карову, некалькi свiнаматак, коз i сотню шэрых трусоў. Парасятак канём вазiлi прадаваць у суседнюю вёску Абольцы цi ў мястэчка Коханава. З базару бацькi вярталiся з абаранкамi, цукровымi пеўнiкамi, iншымi пачастункамi для нас. Прывозiлi дзесяцiлiтровую бляшаную скрынку яблычнага павiдла. Усё гэта да драбнiц помнiцца... Браты i сёстры раз'ехалiся па свеце. Аляксандр, Вячаслаў i Вiктар у савецкiя часы адправiлiся па камсамольскiх пуцёўках будаваць БАМ. Там атабарылiся, завялi сем'i i засталiся. Вячаслаў i Вiктар жывуць у Тындзе, а Аляксандр загiнуў. Як кажуць, гора адно не ходзiць, а другое за сабою водзiць. У Вiцебску ў навагоднюю ноч загiнула ад рук вар'ятаў сястра Вольга, было ёй васямнаццаць гадоў… Няма ўжо нашых бацькоў. Кожную вясну наведваем мiлы сэрцу куточак. На месцы падворка адзiнока стаяць здзiчэлыя яблынi. Толькi два жыхары цяпер у нашай вёсцы Данiлкава.

— Дзе лёс падараваў вам суджанага?

— У вялiкай барысаўскай вёсцы Вяляцiчы, там працавала на птушкафабрыцы. З сяброўкай завiталi ў клуб на танцы, а следам за намi ўвайшла кампанiя юнакоў. Адзiн з хлопцаў адразу спадабаўся: падцягнуты, смуглы, вочы карыя, валасы чорныя. Запрасiў на танец, а я нават баялася на яго зiрнуць. Пазнаёмiлiся. Аляксандр працаваў шафёрам на малакавозе. Праз некалькi дзён ён ехаў па вулiцы, убачыў мяне i спынiў машыну. Нешта спытаў, а я млела ад пачуццяў. Аднойчы пад'ехаў да дома, дзе з сяброўкай кватаравалi… Сталi сустракацца. Стрымана заляцаўся да мяне: за першыя два месяцы нi разу не пацалавалiся. Праз паўгода пажанiлiся. На вяселле ў Вяляцiчы мацi везла два трохлiтровыя слоiкi самагону, па дарозе адзiн разбiла i вельмi расхвалявалася. Бацькi Аляксандра цёпла прынялi мяне ў сваiм доме. Свякроў Любоў Андрэеўна працавала птушнiцай. Стала для мяне другой мацi, вучыла цярпенню, вытрымцы. Падымалася яна рана, запальвала ў печы, гатавала сняданак для сям'i. А калi адпраўлялася на працу, я замяняла яе па гаспадарчых справах. Даiла карову, дапамагала малодшым брату i сёстрам мужа збiрацца ў школу. Першым у нас нарадзiўся сын. Ад гаспадаркi атрымалi дом. Сям'я папоўнiлася другiм сынам i дачкою. Купiлi аўтамашыну. У 56 гадоў атрымала пасведчанне вадзiцеля. Аднойчы ў галалёдзiцу на адным з паваротаў машыну моцна крутанула — з таго часу не адважваюся садзiцца за руль. Па фермах езджу з вадзiцелем на службовай «Нiве». Пасля смерцi мужа два гады таму з сям'ёю дачкi Таццяны жыву ў аграгарадку Кішчына Слабада. Ганаруся, што дзецi падаравалi восем унукаў. Малодшы сын Сяргей больш падобны на бацьку. I ўнучка Нiначка змахвае на Аляксандра, такая ж смугленькая.

— Што для вас важней: праца цi сям'я?

— Для жанчыны на першым плане павiнна быць сям'я, а ў мяне наадварот. Вось дачка Таццяна i папракае за гэта. Так склалася, што праца была заўжды для мяне важнай. Гэтым i жыву. Калектыў у нас руплiвы, дружны. Нядаўна гаспадарку прадстаўляла наша дэлегацыя жывёлаводаў на абласным сходзе ў Стоўбцах. На фермах трымаем парадак.
З дырэктарам Алегам Уладзiмiравiчам Кучынскiм i яго намеснiкам па iдэалогii Iнэсай Альбертаўнай Адамовiч выязджаем на фермы. Зараз, калi краiна рыхтуецца да выбараў у вярхоўныя органы ўлады, праводзiм гутаркi, абмяркоўваем грамадскiя справы i падзеi. Апошнiм часам у свеце неспакойна: грымiць вайна на Блiзкiм Усходзе, гiнуць браты-славяне ў суседняй Украiне. У мяне два сыны, падрастаюць унукi — хвалююся за iх будучае. Нездарма кажуць, што моц сусвету матэрыялiзуецца. Трэба думаць толькi пазiтыўна. Падчас сустрэч з жывёлаводамi чуем iх словы падзякi Прэзiдэнту за тое, што нашы дзецi не ваююць, жывуць i працуюць пад мiрным небам.
У школах i сем'ях трэба больш увагi надаваць патрыятычнаму выхаванню. Вырасла новае пакаленне. Дзяцей трэба з маленства прывучаць да працы: толькi так можна выхаваць сапраўднага гаспадара. Гаджэты псуюць моладзь. Унука прымушаю выйсцi на вулiцу, прагуляцца, а яго не адарваць ад тэлефона. А iм жа, маладым, ствараць будучае краiны. Хто пойдзе працаваць на ферму, хто сядзе за руль трактара? Такая праблема iснуе не толькi ў нашай краiне, а i за яе межамi. Калi ўсё механiзавана i аўтаматызавана, некаму трэба гэтым кiраваць. Неабходна звярнуць увагу i на падбор студэнтаў у аграрных установах. Калi чалавек не настроены працаваць у АПК, то i не трэба займаць навучальнае месца. У вёсцы зачэпiцца той, у каго душа балiць за гэту справу.

— Што цэнiце ў чалавеку?

— Найперш шчырасць. Не ўспрымаю хлуслiвасць. Калi ў падначаленага нешта не так атрымлiваецца, не спяшаюся пакараць яго, стаўлю сябе на яго месца. Неяк наш грамадскi статак нанялiся пасвiць цыгане. Прыехала на пашу i бачу, што каровы без вады. Павысiла голас на пастуха, а ён мяне папракнуў, што лепш спачатку разабрацца, чаму так атрымалася. Гэты выпадак павучальным быў для мяне. Нядаўна на ферме з-за сабак цялёнак загiнуў. Кiраўнiцтва вырашыла пакараць жывёлавода. Не магла змiрыцца з гэтым, заступiлася за цялятнiцу. Ноччу яна чысцiла памяшканне i не бачыла, што зграя сабак уварвалася на ферму. Маленькi гадаванец ад спалоху зацiснуўся i задушыўся. Вiны жанчыны ў гэтым не было. Дырэктар выслухаў мяне i пагадзiўся не караць жывёлавода.

— Столькi вам давялося ўсяго перанесцi…

— Нягледзячы нi на што, я шчаслiвая. Гасподзь паслаў выпрабаваннi, а яны не кожнаму даюцца. Па гараскопе я стралец. Лiчу сябе духоўна моцным чалавекам, працаваць мне ў радасць. Мама вучыла нас з цеплынёю адносiцца да жывёлы. Зайду ў кароўнiк i хвалю сваiх красуль, а яны рахмана пазiраюць i слухаюць. На нашых фермах толькi чыстапародныя галштыны, на клопат пра iх адказваюць высокiмi надоямi. Сваё жыццё без такой цудоўнай справы не ўяўляю.

ДАВЕДКА «СГ»

Сярод трынаццацi сельгаспрадпрыемстваў Барысаўскага раёна адно з вядучых — ААТ «Мiраполле». Спецыялiзуецца на мяса‑малочнай жывёлагадоўлi i раслiнаводстве. З 6000 галоў буйной рагатай жывёлы на шасці малочна‑таварных фермах амаль палова — каровы. Гадавы надой ад кожнай сёлета перавысiць 7200 кiлаграмаў малака, што на паўтоны больш, чым летась. Штодзённа амаль 50 тон яго адпраўляецца для перапрацоўкi на ААТ «Здравушка‑мiлк». Амаль увесь прадукт класам экстра, што дае гаспадарцы дадатковыя фiнансавыя паступленнi. Рэнтабельнасць вытворчасцi малака перавышае 40 працэнтаў. У гэтыя зiмовыя днi надоi ад кожнай рагулi перавышаюць 21 кiлаграм, што на тры кiлаграмы больш, чым летась у аналагiчны перыяд.  

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter