![](/upload/iblock/024/024b7369235a2f6d5d86680eba55b872.jpg)
Вядома, пэўныя знаходкі, каб не расчараваць чытача, мы прапануем штогод. Але цяпер асаблівы выпадак. Статус уваходжання нашага друкаванага выдання ў нядаўна створаную на чале з масавай уплывовай газетай “СБ. Беларусь сегодня” рэспубліканскую арганізацыю вядучых масмедыя краіны — “Установу Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Выдавецкі дом “Беларусь сегодня” — абавязвае да многага.
Па-першае, гэта далейшае фарміраванне якаснага кантэнту — заўважных публікацый, што прыйдуцца даспадобы як традыцыйным падпісчыкам, так і карыстальнікам разнастайных інтэрнэт-пляцовак, разлічаных на розныя ўзроставыя катэгорыі. Галоўная з іх — партал sb.by і яго найноўшыя тэхналогіі інфармацыйнага і мультымедыйнага прасоўвання. Плюс стабільны рост папулярнасці рэсурса.
Па-другое, “НГ” мусіць і надалей пашыраць уласную аўдыторыю ў шматлікіх сацыяльных сетках, пры дапамозе якіх паступова ідзе ў рост агульная “чытацкая база”.
“Народная газета”, як гэта ні таўталагічна гучыць, у якасці якаснага выдання ў надышоўшым сезоне пастараецца здзівіць прыхільнікаў мазаікай жанраў, а таксама новымі цікавымі тэмамі, удасканальваннем глыбіні іх творчай распрацоўкі, пашырэннем аўтарскага погляду на рэчаіснасць. Журналісты газеты маюць намер больш шырока і поўна распавядаць “людзям пра людзей”, так бы мовіць, плануецца ўзяць крэн на ўсебаковае прадстаўленне “чалавечага вымярэння”: пошук неардынарных лёсаў, філасофіі жыцця асобы, няпростага шляху ў прафесію герояў публікацый. Ад простых працаўнікоў да найбольш знакамітых у свеце ўраджэнцаў Беларусі. У дадзеным інфармацыйным сегменце рэдакцыя прапануе новыя рубрыкі — “Прафесіяналы”, “Акадэмічны час” і “Унікум”.
Па-ранейшаму годнае месца на старонках “НГ” будуць займаць: глыбокая і дакладная аналітыка, перспектыўныя палітычныя і эканамічныя прагнозы, эксклюзіўныя интэрв’ю і расследаванні. Для тых, хто прызвычаіўся да ўдумлівага чытання, любіць аналізаваць шматлікія працэсы і тэндэнцыі сучаснасці, але хоча эканоміць час, з’явіцца шмат актуальнай інфаграфікі, папулярных “топаў”, дадаткаў у тэму, экспертных водгукаў на самыя гарачыя праблемы беларускага грамадства. Пашырыцца ў газеце і спектр рэзанансных, вострых тэм накшталт “Анатомія канфлікту”, “З рызыкай для жыцця”, “Праверка трэнду”, “Дыскусійная пляцоўка” і іншых.
Аматараў цікавага гістарычнага факта, даследчыкаў летапісу нашай рэспублікі чакаюць сапраўдныя знаходкі ў раздзелах “Да 100-годдзя ўтварэння камсамола”, правапераемнікам якога з’яўляецца БРСМ, “100 год БССР”. Да
25-годдзя інстытута прэзідэнтства ў гісторыі незалежнай Беларусі “Народная газета” разам з іншымі выданнямі выдавецкага дома прыме ўдзел у стварэнні маштабнага медыяпраекта “25.by”.
Візуалізацыя кантэнту ў “НГ” зараз знаходзіцца далёка не на апошнім месцы. Перагледжаны дызайн вокладак і газетных палос, які вымагае не толькі якаснай паперы, але і патрабуе стыльнага мастацкага ўвасаблення. Словам, сёння вы ўжо бачыце новыя графічныя падыходы да афармлення штотыднёвіка: яно абноўлена значным чынам і, спадзяёмся, будзе больш зручным па навігацыі.
Упэўнены, што прэм’еры “Народнай газеты” будуць з цікавасцю ўспрынятыя нашымі чытачамі, дзелавымі партнёрамі і атрымаюць станоўчы рэзананс. У тым ліку ў інтэрнэце.
У добры шлях, шаноўныя сябры!
З новым “газетным” сезонам!
Ігар Савосценка, галоўны рэдактар
sav@sb.by