Тут была... Слабада
Мая родная вёска Пешкі у Бярозаўскім раёне прыняла на сябе аж дзве карныя аперацыі, была спалена дашчэнту, частку жыхароў фашысты бязлітасна знішчылі. Але выжыла, як і многія тысячы іншых беларускіх паселішчаў. Мой асабісты архіў прысвечаны даследаванню страшных падзей у гісторыі Беларусі. Яго клапатліва збіраю паўвека, вельмі ім даражу, бо гэта хоць і невялікая, але надзвычай важная частка нашай агульнай гістарычнай памяці.У Хатыні ўшанавана памяць 186 беларускіх вёсак, якія былі спалены з людзьмі і не адноўлены. Некаму было тут пасля вайны ставіць новыя хаты, ствараць сем'і, выхоўваць дзяцей, засейваць пашні, пячы караваі са свежага збожжа.
У такую вёску — Слабаду Лагойскага раёна прыехалі аднойчы. Нас трое: партарг мясцовага саўгаса Міхаіл Грынь, зваршчык Пётр Радзевіч і я. Прабачце, паважаныя чытачы, за недакладнасць. Ніякай вёскі тут не было. На тым месцы, дзе да вайны стаяла прыгожая Слабада, мы ўбачылі сціплы помнік. І на ім такі страшны надпіс: «Здесь была д. Слобода. Сожжена фашистами вместе с жителями 23/V 1943 г. Погибло 204 чел. Вечная память жертвам».
Помнік абступілі маладыя ліпы. Вакол расла густая трава. У ёй ледзь прыкметны яшчэ адзін помнік з надпісам: «Протасенок Розалия А. 1905/5 — 1943 23/5, сыновья Казимир 14 л., Викентий 12 л. Сожжены фашистами».
І сціплыя зрубы, як у Хатыні, на тых месцах, дзе да вайны стаялі хаты. На кожным напісана, колькі чалавек было забіта менавіта тут.
Вось месца згарэўшай хаты Васіля Аўсейкі. Ад рук карнікаў загінулі тры яго сыны — Міша, Іосіф, Пеця і дзве дачкі — Лена і Вольга. А ўсяго ў хаце Аўсейкі карнікі знішчылі 18 чалавек. Яны заходзілі сюды два разы, стралялі па мёртвых — так стараліся, каб ніхто не выжыў.Ці ж ёсць словы, каб перадаць той жах, які ўчынілі ў гэтай хаце фашысцкія вылюдкі?
Мы стаялі моўчкі каля гэтых дзвюх помнікаў і, здаецца, не ўспрымалі тое, што тут адбылося ў маі далёкага 1943-га. Зараз быў высокі летні поўдзень, усё наваколле ласкава грэла сонца, у небе — ні воблачка. Кругом такое хараство: зялёнае лісце на кустах і дрэвах, пышныя травы перавіты кветкамі… Жыццё поўнае, разнастайнае, прыгожае, як і павінна быць у мірны час. Толькі помнікі ды зрубы напамінаюць нам пра іншае. Раптам над намі ў чыстай сіняве пачулася тонкая трэль жаваранка, яна быццам вяззю ўпляталяся ў ціхую прастору.
— Зусім як у Хатыні. Там летам таксама пяюць жаваранкі, — кажу сваім спадарожнікам.
— Ага. Неба ж над гэтымі дзвюмя вёскамі адно, і лёс, такі страшны, таксама адзін, — цяжка ўздыхае Міхаіл Грынь.
Чорны дзень Засоў'я
Мясцовы каваль Аляксандр Бабровіч расказаў мне яшчэ тады пра карную аперацыю 24 мая 1943 года ў вёсцы Засоў'е. На тэрыторыі былога саўгаса «Лонва», цэнтральная сядзіба якога размяшчалася ў Засоў'і, загінулі больш 550 чалавек, сярод іх — звыш 200 дзяцей. Іх забілі азвярэлыя эсэсаўцы Дырлевангера.«Я выратаваўся ў балоце, — успамінаў Бабровіч. — Як толькі карнікі пакінулі нашу вёску, вылез з балота і пабег да сваёй хаты. Нічога няма, тлеюць галавешкі ды комін ад печы тырчыць. Усюды трупы, падыходжу да сядзібы Грамовічаў — тут папялішча. Сын Грамовічаў Колька, мой шчыры сябра, кажа: «Усе нашы згарэлі: і мама, і брацікі, і сястрычкі». Грамовічаў было сямёра. Колька выратаваўся, ад шасцярых засталіся толькі трупы.
Неяк уцалела хата Казіміра Казуры. У ёй на падлозе ляжалі забітыя. Калі хавалі, палічылі — 12 чалавек. Уся сям'я Казуры і яшчэ іх сваякі з вёскі Літвічы. Карнікі ўсіх іх у хаце пастралялі. Будынак чамусьці не падпалілі. Немцы яшчэ некалькі разоў наляталі на Засоў'е, але людзі выставілі вакол каравулы і, як толькі паграджала небяспека, уцякалі ў лес.
Бязмернае гора на папялішчы...
Вось што прызнаў карнік Ялынскі, які служыў у батальёне Дырлевангера:
— Наш взвод остановился на ночлег в деревне Засовье. Утром получили приказ уничтожить здесь людей и сжечь деревню. Мы пошли по хатам. В одной увидели двух старых, мужчину и женщину, которые стояли возле печки. Я с немцем их убили. После того как уничтожили людей в Засовье, наш взвод двинулся в деревню Слобода. Здесь мы увидели роту Барчке, она расстреливала людей в хатах, на огородах. После того как здесь уничтожили всех людей, мы сожгли Слободу. Пошли в другую деревню, названия которой не помню. Туда вместе с Дирлевангером прибыли немцы. Переночевали, а утром жгли деревню. Из горящих хат выбегали люди, по ним стреляли немцы, я также стрелял. И эту деревню мы сожгли.
А як невыносна было слухаць Надзею Лукшу з Пархава. «Нашу вёску спалілі 17 верасня 1943 года. Мой муж быў на фронце, а я з трымя дзецьмі разам з іншымі жыхарамі хаваліся ў лесе. Карнікі знайшлі нас (27 чалавек) і загадалі ўсім стаць на калені. Я трымала на руках малое дзіця і не магла стаць на калені. Немец мяне штурхнуў — я ўпала. А ён выстраліў і забіў маю дзяўчынку, я ж страціла прытомнасць. Мой сямігадовы сыночак быў адразу забіты. Немец падыйшоў да яго і застрэліў. Я ляжала да вечара, карнікі вярталіся, дабівалі параненых. Засталася жывой суседская дзяўчынка, мы разам пайшлі лесам і бачылі, што ўсюды ляжалі забітыя людзі. Неяк выжылі мой брат і сястра, у якой загінуў муж і пяцёра дзяцей».
Сакрэтны загад Кейтэля
Што тут сказаць. Такія дзікія акцыі над мірнымі людзьмі заахвочваліся ваеннай палітыкай, якую праводзілі гітлераўскае камандаванне на акупіраваных тэрыторыях Савецкага Саюза. Яскравае таму пацверджанне — загад начальніка Вярхоўнага камандавання вермахта Вільгельма Кейтэля аб падаўленні «коммунистического повстанческого движения». Вытрымка з яго:«Главная ставка фюрера. 16.09.41. Секретный документ командования.
Для того чтобы в зародыше задушить недовольство, необходимо при первых же случаях незамедлительно принимать самые решительные меры. При этом следует иметь в виду, что человеческая жизнь в соответствующих странах в большинстве случаев не имеет никакой цены и что устрашающего действия можно добиваться лишь с помощью исключительно жестких мер. Искуплением за жизнь каждого немецкого солдата в таких случаях должна служить, как правило, смертная казнь 50—100 коммунистов. Способы этих казней должны еще увеличивать степень устрашающего воздействия».
Міхаіл ШЫМАНСКІ.
(Працяг будзе)
У наступных публікацыях мы даведаемся, прычым з нямецкіх архіўных дакументаў, якіх камуністаў пры выкананні гэтага загада расстрэльвалі гітлераўцы. Іх зладзейскі цынізм, нахабная хлусня былі поўнасцю выкрытыя на Нюрнбергскім працэсе.