Лучшего мельника Гродненской области впервые выберут на празднике в Одельске

Упершыню на свяце млынароў, што пройдзе 18 лістапада ў аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна, выбяруць лепшага млынара Гродзеншчыны, паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. У аграгарадок з’едуцца млынары амаль з усіх раёнаў і будуць прэзентаваць сваю справу.

Да свята млынароў рыхтуюць асаблівыя стравы.

– Многія гаспадыні заўсёды перад святамі загаддзя клапоцяцца пра тое, каб найлепш пачаставаць гасцей, – адзначае спецыяліст. – У Адэльску раім звярнуць увагу на нашы старадаўнія рэцэпты.

Па-асобаму ў Адэльску славяць гусей, больш за ўсё падчас свята млынароў. 11 лістапада тут заўсёды святкавалі Дзень Святога Марціна – заступніка млынароў. У гэты дзень мясцовыя жыхары ладзілі кірмаш, адпачывалі і весяліліся. А яшчэ ў гэты дзень збіралі падаткі, а, як вядома, тыповым «плацёжным сродкам» вяскоўцаў заўсёды былі гусі. Менавіта таму традыцыйна спажывалі спецыяльна прыгатаваную запечаную гусяціну «птушку Марціна», дзяліўшы яе на каменным млынавым крузе паміж усімі прысутнымі. Страву падавалі з віном, капустай і печанай бульбай. Аднак сёння Дзень Святога Марціна адзначаюць не толькі смакаваннем гуся, але і дэгустацыяй маладога віна. Менавіта гэты дзень афіцыйна лічыцца днём віна новага ўраджаю, а леташняе віно з гэтага моманту лічыцца старым.

Мясцовыя хлеб і пірагі, вяндліну і клінковы сыр ведаюць не толькі ва ўсёй акрузе, але і па-за межамі аграгарадка, а турысты з задавальненнем дэгустуюць гэтыя стравы. У аснове харчавання большасці тутэйшых сем’яў – самабытныя і ўнікальныя стравы. Прыгатаванне кожнай складаецца з пэўных этапаў, заснаваных на старажытных тэхналогіях, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і захоўваюцца як стараннямі вяскоўцаў, так і намаганнямі работнікаў мясцовай культурнай сферы. Стравы дзеляцца на паўсядзённыя (бабка, жытні хлеб), святочныя (капытцы, бігас, цымас, клінковы сыр) і абрадавыя (ламанцы).


Фота з архіва Наталлі Рамановіч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter