— Менавіта творчая фантазія дае неабмежаваныя магчымасці падарожнічаць па часе, па краінах і кантынентах, ствараць, весці па жыцці, змяшчаць у самыя неверагодныя перыпетыі і нават уваскрашаць сваіх герояў. А як бы Рамэа і Джульета пражылі сваё жыццё, калі б засталіся жывыя? Гэта пытанне задалі сабе вядомыя расійскія творцы лібрэтыст Карэн Кавалеран і кампазітар Аркадзь Укупнік і прапанавалі свой адказ у выглядзе мюзікла пад назвай «Рамэа vs. Джульета. Праз ХХ гадоў». А прапануе гэты адказ беларускаму гледачу трупа Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.
Паставіў спектакль расійскі рэжысёр Ілья Усцьянцаў. У ролі Рамэа паспрабавалі сябе ўдзельнікі міжнародных конкурсаў Сяргей Спруць і Арцём Хамічонак. Вобраз Джульеты прымералі заслужаная артыстка Беларусі Маргарыта Александровіч і лаўрэат міжнароднага конкурсу Наталля Дзяменцьева.
Творчая каманда не раскрывае сюжэта мюзікла і прапануе самім падумаць, як мог бы скласціся лёс легендарных герояў:
— Тым цікавейшымі будуць наведванне прэм’еры і адкрыццё задумы аўтараў.
Прэм’ерныя паказы спектакля павінны адбыцца 11 і 12 снежня.
mila@sb.by