Калі сельскі клуб у Котчыне закрылі, «кадрыльную эстафету» пераняла суседняя вёска Вялікія Азёркі. Пры Азёркаўскім сельскім клубе адкрылі танцавальны гурток, у якім пачалі займацца мясцовыя школьнікі. Сёння ў Вялікіх Азёрках унікальны танец выконваюць жыхары розных прафесій і ўзростаў, што ўказвае на пераемнасць танцавальных народных традыцый.
У котчынскай кадрылі дванаццаць элементаў. У кожнага свая назва — «змейка», «ручаёк» і гэтак далей. Танец разгортваецца як сцэнарый. Кожная пара, кожны ўдзельнік па чарзе паўтараюць рухі паводле прынцыпу «ўсе за ўсімі». Адметна, што музычныя перыяды і паўторы танцавальных фігур не адпавядаюць адзін аднаму: заканчэнне харэаграфічнай часткі не супадае з музычнай. Танец выконваецца з запалам, але ва ўмераным тэмпе.
Котчынская кадрыля абавязкова танцуецца ў народных строях. Жаночы касцюм складаецца з кашулi, прыталенага гарсэта, андарака з фартухам. А мужчынскі — з кашулі, багатага пояса і портак.
mila@sb.by