Более сотни народных и обрядовых песен собрал творческий коллектив из Дрогичинского района

Спеўны сход сясцёр Лук’яновіч

Больш за сотню народных і абрадавых песень сабраў творчы калектыў з Драгічынскага раёна

«…Да маёй дзяўчыны дарога вузенька. Бо мая дзяўчына ступае лёгенька. У правай руцэ ключы ад майго сардэнька». Песня «Голуб на дубочку» — адна за найлюбімейшых у рэпертуары паляшучак.

Фота з архіва Ваялянціны Лук’яновіч

Вёска Леснікі невялікая, хоць і створана некалі была з двух населеных пунктаў — Леснікоў ды Сукачоў. Сёння тут крыху больш за паўсотні жыхароў. Але ж дзіва-дзіўнае — сельмага тут няма, а Дом фальклору ёсць, бо жыве вёска з песняй. Выпеставаныя палешукамі словы ды мелодыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Але маглі б сысці ў небыццё, бо сучасная моладзь з’язджае з вёскі і не размаўляе па-паляшуцку. На шчасце, ёсць у песень анёл-ахоўнік — Валянціна Лук’яновіч, таму гучыць яшчэ паляшуцкае слова і ў хатах, і на сцэне.

Валянціна Лук’яновіч — загадчыца Дома фальклору, яна ж кіраўнік сямейнага калектыву, задачу якога сёстры вызначылі самі — збор, захаванне, адраджэнне і папулярызацыя традыцыйнай культуры свайго краю.

— Заходьтэ, госты дорогіе! — голас у Валянціны нібы срэбраны званочак. — Грубку вытопыла, нэ змэрзнэм. Нэ зголодаемся — тоўканіца ўжэ ў грубцы.

Размаўляе Валянціна на мясцовым дыялекце, які навукоўцы называюць заходнепалескім. Большасць песень з рэпертуару сямейнага калектыву — менавіта на гэтай, самай роднай, мове.


На пытанне, колькі яна спявае, у Валянціны адказ адзін — усё жыццё:

— Спявала я разам з мамай Раісай Іванаўнай, разам з бабулямі. З удзячнасцю ўспамінаю колішнюю пачатковую школу ў Лесніках. Мая першая настаўніца Валянціна Аляксееўна Жарко вучыла мяне танцаваць «Польку-еньку» і спяваць «Свеціць месяц». Пазней, калі я пайшла ўжо вучыцца ў Немяржанскую СШ, выступала разам з хорам пад кіраўніцтвам Ларысы Мікалаеўны Ігнатчык. Трое маіх братоў і мы, тры сястры, стварылі сямейны калектыў. На пачатковым этапе стартавай пляцоўкай для ўсіх нас была школьная сцэна. А з 1986 года — Леснікоўскі клуб, які цяпер Дом фальклору.

— Але цяпер жа ў вашым калектыве адны дзяўчаты!

— Так. Хлопцы ажаніліся і жывуць у Брэсце. Спяваем мы ў такім складзе: я, сястра Ала Давідовіч, якая працуе санітаркай на Немяржанскім ФАПе, сястра Святлана Новік, жывёлавод сельскагаспадарчага кааператыва, і іх дзеці — мае пляменніцы Яна і Крысціна. Браты Сяргей, Валера ды Валодзя далучаюцца, калі прыязджаюць у Леснікі ў бацькоўскую хату.


Дзякуючы Валянціне і яе калектыву, а таксама мясцовым актывістам жыццё ў Лесніках і ваколіцах сумным не назавеш. Трэба павіншаваць юбіляра ці ветэрана? Лёгка! Каравай на вяселлі падзяліць? Калі ласка!

— Калі я чую, што пра Леснікi гавораць як пра вёску, якая памірае, то гатовая закіпець, — прызнаецца Валянціна. — Мы, безумоўна, жывём тут і разумеем, што наш куток усё ж такі сыдзе ў гісторыю. У Лесніках 54 жыхары, у Скрыпялях — 8, у Пярэспе — 25. Але што нам, класціся ды паміраць? Ні ў якім разе! — разважае Валянціна, якая ні сабе не дазваляе роспачы, ні іншым.

Падчас нашага прыезду мы звярнулі ўвагу, што ў многіх дварах у Лесніках — цяпліцы з садовымі суніцамі, шмат высаджана маліны. Пустыя хаты купляюць прыезджыя з бліжэйшых гарадоў, у бацькоўскія вяртаюцца...

Вядомыя землякі

У Лесніках, Скрыпялях і Пярэспе з дапамогай гаспадаркі «Аляксеевічы-Агра» Дом фальклору арганізуе святы вёсак, дакладней — святы землякоў, на якія былыя вяскоўцы прыязджаюць нават здалёк.

Дарэчы, шмат вядомых людзей выраслі на гэтай зямлі. Васіль Жарко быў міністрам аховы здароўя Беларусі, яго брат Анатоль — вядомы ў краіне фермер, дзякуючы яму амаль увесь Драгічынскі раён вырошчвае маліну, Людміла Жалнерчык — палкоўнік юстыцыі, зараз дэпутат Палаты прадстаўнікоў, Уладзімір Жалнерчык — ляснічы Высокаўскага лясніцтва...

Знайсці зелянец і сплесці вянок

Акрамя песень, Леснікоўскі Дом фальклору захоўвае і папулярызуе народныя абрады — «Калядкі», «Шчодрык», «Кліканне бусла», «Зелянец» і іншыя.

І калі многія з іх вядомыя па ўсёй краіне, дык пра «Зелянец» Валянціна Лук’яновіч расказвае асобна:

— Абрад гэты ў Лесніках святкуюць у другі чацвер пасля Тройцы. Менавіта ў гэты перыяд цвіце трава пад такой назвай — зелянец. Мы абрад аднавілі і маем намер унесці яго ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.


Як усё адбываецца? Свята пачынаецца на адным з падворкаў, дзе вяскоўцы і іх госці плятуць вянкі, у асноўным з сабраных лекавых траў. Потым самыя вялікія нясуць на крыжы — у Лесніках іх чатыры. Упрыгожыўшы адзін крыж, пастаяўшы і праспяваўшы песні, рушаць далей — да другога крыжа. Так абыходзяць усе крыжы, што стаяць у вёсцы. Пасля ўдзельнікі абраду збіраюцца разам, зараз — каля Дома фальклору, і да вечара ў вёсцы гучаць песні.

У музейным пакоі Дома фальклору можна пабачыць розныя вянкі, зробленыя на «Зелянец».


kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter