Нарадзіўшыся ў Расіі, размаўляць па-беларуску, вышываць ручнікі і кашулі, спяваць народныя песні яна вучылася ад сваёй прабабулі Еўдакіі Луцкевіч

Словы і справы Ірыны Глускай

Нарадзіўшыся ў Расіі, размаўляць па-беларуску, вышываць ручнікі і кашулі, спяваць народныя песні яна вучылася ад сваёй прабабулі Еўдакіі Луцкевіч

irina.pngІрына Глуская — з ліку людзей слова і справы, якія не даюць пустых абяцанняў. Такой ведаюць у Самары, ды і ў Беларусі прэзідэнта Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Хоць нарадзілася яна ў Арэнбурзе, але Беларусь, як кажуць, падсвядома ўваходзіла ў яе жыццё з дзяцінства. Моцныя беларускія родавыя карані, да таго ж Ірыну разам з сястрой Яўгеніяй выхоўвала прабабуля Еўдакія Міхайлаўна Луцкевіч. Яна ўраджэнка вёскі Забашэвічы, што каля Барысава. Па словах Ірыны, прабабуля яе ў 1924-м была адным з ініцыятараў правядзення ў Мінску Усебеларускага з’езда жанчын-сялянак. Як аказалася ў Арэнбурзе — яшчэ належыць высветліць. Да прабабулі ўлетку адпраўлялі дзяўчынак, а бацька іх быў ваенным. Еўдакія Міхайлаўна вучыла праўнучак размаўляць па-беларуску, вышываць ручнікі і кашулі, спяваць народныя песні. Дзеці, згадвае Ірына, забаўляліся вясёлай беларускай гульнёй “Зазюля”, якая нагадвае рускі “Ручаёк”.

У 70-х бацькі Ірыны пераехалі ў Куйбышаў — цяпер Самара. Скончыўшы Куйбышаўскі дзяржуніверсітэт, яна доўгі час займалася юрыдычнай практыкай. Пазней, у 1997-м, атрымала эканамічную адукацыю: закончыла Акадэмію грамадзянскай авіяцыі ў Санкт-Пецярбурзе. І ўжо 15 гадоў Ірына Глуская садзейнічае пашырэнню сяброўскіх і дзелавых кантактаў паміж Самарскім рэгіёнам і Беларуссю. Знакавы крок у гэтым кірунку — падпісанне Пагаднення аб развіцці партнёрскіх адносін паміж Заводскім раёнам Мінска і самарскай грамадскай суполкай “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Цяпер ідзе праца, каб падпісаць падобны дакумент паміж адміністрацыямі горадоў Самары і Мінска. Шмат увагі надае Ірына пашырэнню культуры і мовы беларусаў, зберажэнню іх традыцый і звычаяў у Самарскай вобласці. Таму спрыяюць штогадовыя фестывалі “Беларусь — мая песня” і “Адзінства”. Узначальваючы беларускую суполку, Ірына Глуская карыстаецца павагай сярод суродзічаў у Самары, прадстаўнікоў іншых народаў.

irina2.png

Ірына Глуская (трэцяя злева) разам з самарскімі беларускамі ў музейным комплексе “Дудуткі”


За актыўную працу Ірына Глуская ўзнагароджана Ганаровым знакам “За заслугі перад горадам Самара”, у 2010 годзе за захаванне беларускай культуры, мовы і традыцый у Самарскай вобласці адзначана Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі. Сёлета атрымала Падзяку ад Пасольства Беларусі ў Расіі. У рэгіёне ведаюць і любяць творчыя калектывы самарскіх беларусаў, сярод якіх асаблівае месца займае вакальны гурт “Каданс” — ім кіруе Алена Дзмітрыева. Важна, што Ірына Глуская і яе паплечнікі спрыяюць умацаванню міжэтнічнага сяброўства ў Самарскім рэгіёне, з іх удзелам  праходзіць шмат розных мерапрыемстваў. 

Сёлета суполка самарскіх беларусаў яшчэ раз адзначана ў Беларусі — па выніках конкурсу “Культура”. Ён праводзіцца сярод грамадскіх арганізацый беларускіх суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, на лепшыя дасягненні ў арганізацыі і рэалізацыі праектаў па папулярызацыі беларускай культуры. Дыплом лаўрэата і памятны прыз Ірыне Глускай уручыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў, калі дэлегацыя беларусаў Самары гасцявала ў Мінску.

У канцы жніўня ў Ірыны Міхайлаўны — дзень нараджэння. Сябры па суполцы, упэўнены, скажуць ёй шмат добрых слоў, пажадаюць моцнага здароўя, аптымізму, сямейнага шчасця. Далучаюся да іх і я.

Мікалай Бойка, г. Самара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter