Андрэй Мартынюк з Дзяржынска. Яго ведаюць як таленавiтага майстра i смелага наватара ў мастацкай разьбе па дрэве. У яго руках гэты прыродны матэрыял ператвараецца ў… гадзiннiкi. Аўтарскiя цуды Мартынюка цiкаюць у музеях, кабiнетах дзяржустаноў i офiсах вядомых кампанiй. А яшчэ хранометры з Дзяржынска ўпрыгожваюць галерэi i прыватныя калекцыi ў розных краiнах свету. Карэспандэнт «Р» пазнаёмiлася з гадзiншчыкам і даведалася ад яго аб сакрэтах майстэрства.
Андрэй Мартынюк — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасцi. Працы яго высока ацэнены ў краiнах Еўропы i ЗША.
«Я не чараўнiк»
Андрэй Мiхайлавiч — чалавек вельмi сцiплы i добразычлiвы, жыве на цiхай вулачцы ў прыватным сектары Дзяржынска. Пры сустрэчы ён адразу папярэдзiў: працы зашмат, але на гадзiнку развеяцца i паразмаўляць ён можа…
Мiма двара Андрэя Мiхайлавiча ў Дзяржынску так проста не пройдзеш. Вы абавязкова заўважыце каля яго хаты розныя дзiўныя механiзмы. Як толькi адчынiла брамку i ступiла на тэрыторыю дзiўнага царства славутага гадзiншчыка, дык адразу «залiпла» на сузiранне нетрывiяльных канструкцый. Адзiнае галоўнае пытанне круцiлася ў галаве: «А як гэта ўвогуле магчыма выпiлаваць?»
Цiкава, што мастак стварае такую функцыянальную рэч выключна ў дрэве — без нiякiх металiчных альбо пластыкавых элементаў. Андрэй Мартынюк з будыйскай спакойнай усмешкай паказвае разнастайныя свае працы i тлумачыць, што гадзiннiкi з дрэва — нiякая гэта не магiя, а просты механiзм з пэўнай колькасцю шасцярэнек.
— Дык вы не чараўнiк, а iнжынер? — пытаю з сумневам у майстра.
Андрэй Мiхайлавiч пацiскае плячыма:
— Можна i так сказаць, бо па сваёй спецыяльнасцi я — iнжынер электрасувязi: прапрацаваў на вузле сувязi. Заўсёды любiў маляваць. З жонкай (яна выкладае ў музычнай школе па класе скрыпкi) у нас нарадзiлiся сыны: адзiн — музыкант, другi зацiкавiўся дызайнам. Яны заўсёды з разуменнем i цярплiвасцю падтрымлiвалi мяне ў эксперыментах. А часы былi, асаблiва ў 1990-я, розныя… Гэтая падтрымка блiзкiх, шчыра кажучы, вельмi важны складальнiк творчасцi i цэласнасцi сям’i!
Заняўся Андрэй Мартынюк спачатку драўлянай механiкай як захапленнем, выключна для душы.
— Рабiць гадзіннікі для сябе i павесiць потым iх на сценку — нецiкава. Прыемна адчуваць, што чалавек атрымлiвае задавальненне, калi глядзіць на мае вырабы. А потым справа паступова ператварылася ў рамеснiцтва. Нiчога новага цi складанага ў працы механiчных гадзiннiкаў не бачу. Яны былi прыдуманы яшчэ два вякi таму… А я толькi разлiчваю тонкасцi — перадатачныя лiчбы, колькасць зубчыкаў i дыяметр шасцярэнькi. Механiзм трэба потым якасна зрабiць, сабраць, адрэгуляваць… Раней, дарэчы, кожную шасцярэньку даводзiлася рабiць уручную, былi праблемы з абсталяваннем, шукаў неабходнае для iдэi на звалках i блышыных рынках, — узгадвае майстар.
Фрагмент каляднай сцэнкi драўлянага тэатра Андрэя Мартынюка.
А потым, дзякуй богу, у Андрэя Мiхайлавiча з’явiлiся новыя iнструменты працы: чып-фрэйз i лазерны станок. Яго гадзiннiкi ацанiла грамадскасць, пасыпалiся запрашэннi на iмпрэзы i выставы. Але да сваёй папулярнасцi ён адносiцца спакойна.
Мiнiяцюры прынцыпова не вырабляе. Кажа, навошта адбiраць хлеб у тых, хто заняў сваю нiшу ў разьбе па дрэве. Вось, напрыклад, працуе ў Кiеве Валерый Даневiч — майстар па вырабе драўляных кiшэнных гадзiннiкаў. Дарэчы, кола гадзiншчыкаў ва ўсiм свеце, па словах мастака, надта вузкае:
— Ёсць адзiныя майстры i ў Еўропе. Ведаю, што ў Расii звычайны настаўнiк працы ў школе выпiлоўвае шыкоўныя гадзiннiкi. Добра, што i дзяцей ён прыцягнуў да гэтай справы.
Дзецям асаблiва цiкава разглядаць казачных персанажаў у выкананнi рэзчыка па дрэве.
Цiк-так: не хачу спыняцца…
Андрэй Мiхайлавiч — апантаны аматар руху часу на звычайных i вялiкiх па памеры гадзiннiках. Арыгiнальнасць формаў яго прац з алешыны, дубу, ясеню, бярозавай фанеры ўражвае крэатыўным падыходам. Творца пастаянна ўдасканальвае сваё незвычайнае рамяство. Кожны, нават серыйны гадзiннікавы асобнiк вiдазмяняецца — механiзмам, дызайнам, матэрыялам i афарбоўкай. Так, гадзiннiк з дрэва павiнен быць апрацаваны адмысловым складам, каб яму не перашкаджалі тэмпература i вiльготнасць памяшкання.
Калi з жывым прыродным матэрыялам усё зразумела, дык ад формаў гадзiннiкаў Мартынюка проста вочы разбягаюцца. Ёсць з боем i без. Ёсць з рознымi гукамi, незвычайнымi механiзмамi запуску, у выглядзе рыбак, чэшырскiх катоў, соў, млыноў, чаўноў, вагаў, домiкаў… I ў захапляльнай творчасцi майстар спыняцца не хоча. Ды i зацiкаўленыя клiенты гэтага яму не дазволяць.
Адпаведна пытаю, якiм шляхам прыходзiць да разьбяра муза…
— Муза i музыка для мяне — сяброўкi. Я заўзяты меламан, слухаю выбiтныя гурты: ад The Beatles да Radiohead… Люблю цяжкi i класiчны рок, якасную электронную музыку. Уключаю з ранiцы i працую. Сям’я ў нас таксама падкаваная ў гэтай справе: слухае i грае. Сыну калiсьцi самастойна зрабiў электрагiтару, на якой ён адыграў аж два курсы музычнага вучылiшча iмя Глiнкi. Потым рабiў розныя гiтары, электраскрыпкi, электравiяланчэль, iншыя iнструменты, — адказвае мастак.
Вялiзная экспазiцыя прац Андрэя Мартынюка знаходзiцца ў Станькаўскiм доме культуры. Пры магчымасцi абавязкова наведайце яе — дакладна атрымаеце эстэтычную асалоду ад багацця гадзiннiкавых вобразаў i не толькi. Тут вас чакаюць прыемныя сюрпрызы ў выкананнi Андрэя Мiхайлавiча — дзiўная батлеечная кампазiцыя для дзяцей i дарослых «Балабуха», хранометры калекцыi «Выцiнанка», гадзiннiк «Герб Мiншчыны» з боем, «Сонца-Месяц», iншыя вясёлыя гадзiннiкi на розныя тэмы.
Лiдзiя ДРАЧЫНСКАЯ, дырэктар Дзяржынскага раённага Цэнтра культуры i народнай творчасцi:
— Сёння даведацца, колькi зараз часу, не праблема. Звычайныя гадзiннiкi даступныя паўсюль: на ўсялякiх гаджэтах, наручных бранзалетах, манiторах. Але такая рэч у дрэве — неверагодны эксклюзiў. Адзiн дзяржслужачы з Мiнаблвыканкама ахарактарызаваў высокамастацкiя гадзiннiкi Андрэя Мiхайлавiча словамi: «Нас не будзе, зменяцца пакаленнi, а такi цуд застанецца назаўсёды ў нашай установе — будзе радаваць гасцей з розных куткоў свету».
У Андрэя Мiхайлавiча вельмi аптымiстычны i сучасны погляд на жыццё. З iм будзе цiкава паразмаўляць як падлетку, так i пенсiянеру. Гэты чалавек шукае сябе няспынна i рухаецца ў такт часу. Справа ў тым, што ён тонка яго адчувае, можа, таму, што наладжвае гадзiны, хвiлiны i секунды на сваiх вырабах. Як сапраўдны творца, Андрэй Мiхайлавiч Мартынюк не марна трацiць каштоўны жыццёвы час, з сэнсам i пошукам новага пражывае кожны дзень.
shimuk@sb.by