Рассказываем о вытинанке — одном из древнейших видов декоративно-прикладного искусства

Папера, нажніцы і натхненне

Перад Новым годам і Раством у гарадах і вёсках Беларусі на шыбах традыцыйна з’яўляюцца папяровыя сняжынкі — абавязковы атрыбут зімовых свят. Сустракаюцца і больш складаныя ўпрыгажэнні ў выглядзе анёлаў, ёлак, аленяў і г. д. Нягледзячы на тое што сёння ў продажы шмат друкаваных тэматычных малюнкаў, самаробныя не страцілі сваёй папулярнасці. Па-першае, гэта самы танны спосаб ўпрыгожыць інтэр’ер, па-другое, спрыяе стварэнню творчай атмасферы ў сям’і, дзіцячым калектыве.


Выцінанка — адзін з найстаражытнейшых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які ўзнік у Кітаі дзякуючы вынаходніцтву паперы. Уключае сюжэтныя і арнаментальныя ўпрыгожванні жылля (ажурныя, сілуэтныя і інш.). Шырокае распаўсюджванне на тэрыторыі Беларусі выцінанка атрымала ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Нашы прабабкі рабілі папяровыя фіранкі, сурвэткі, розныя ўпрыгажэнні, у тым ліку тэматычныя да Раства і Вялікадня.

У кожнай мясцовасці такія вырабы мелі свае асаблівасці. У Заходняй Беларусі выцінанкі з пэўнымі узорамі падвешвалі над калыскай хворага дзіцяці, каб немаўля хутчэй ачуняла. Кожны малюнак, які бралі з ткацтва, вышыўкі, керамікі і разьбы, таксама меў свой сімвалічны сэнс.

На вялікі жаль, менавіта да выцінанкі час быў асабліва бязлітасны. Век яе, зразумела, кароткі: папера рвецца, жаўцее, скручваецца. Страціўшыя «таварны» выгляд выцінанкі палілі ў печы, а замест іх рабілі новыя. І калі ручнікі яшчэ мелі шанс захавацца ў куфрах запаслівых гаспадынь, то выцінанкі — толькі ў выключных выпадках, напрыклад у альбомах з фотаздымкамі.


Вельмі папулярнымі выцінанкі сталі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Аднак калі мірнае жыццё пачало наладжвацца, а дабрабыт насельніцтва расці, ад папяровых упрыгажэнняў многія хутка адмовіліся: занадта проста яны выглядалі. У выніку адраджэннем гэтага віда декаратыўна-прыкладнога мастацства ў 1980-я гады займаліся прафесійныя мастакі. Зараз у Беларусі яго падтрымліваюць каля 100 энтузіястаў з усіх рэгіёнаў краіны. Сучасныя выцінанкі разнастайныя па зместу і форме — гэта фіранкі, сурвэткі, абрусы, сюжэтныя кампазіцыі на тэмы казак, з архітэктурнымі выявамі і г. д. Усю гэту прыгажосць можна ўбачыць на шматлікіх выставах.

НАШЫ КАШТОЎНАСЦІ

У 2021 годзе элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Беларускае мастацтва выцінанкі» быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Спадзяемся, наперадзе і міжнароднае прызнанне. Як паведаміў кансультант аддзела аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Генадзь Ходар, сёлета наша краіна ўнесла ў ЮНЕСКА яшчэ дзве намінацыі: «Беларуская неглюбская тэкстыльная традыцыя ў Гомельскай вобласці» і «Беларускае мастацтва выцінанкі». Пры гэтым намінацыя, якая тычыцца выцінанкі, ужо ўключана ў план разгляду на 2024 год.


ДАРЭЧЫ

Акрамя класічных выцінанак былі так званыя выбіванкі: малюнак выбіваўся на паперы гільзамі ад куль рознага калібру або завостранай адвёрткай.

bebenina@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter