Мамонты, рыночная площадь и воины-афганцы: каким может стать отреставрированный Дворец культуры в Гродно

Нясумны палац

У адрэстаўрыраваным Палацы культуры ў Гродне праз год з’явіцца новы музей. Будаўнічыя работы на важным культурным аб’екце пачаліся ў мінулым годзе. Вонкава палац ужо змяніўся, аднак над унутраным аздабленнем будынка давядзецца сур’ёзна папрацаваць мастакам і праекціроўшчыкам. Якія ідэі абмяркоўваюцца, што за ноу-хау ўбачаць турысты і гараджане?

Новы праект узнаўлення палаца распрацаваў Інстытут «Гроднаграмадзянпраект».

Цэнтр культуры

Будаўніцтва гродзенскага Палаца культуры пачалі ў 1950-я гады. Урачыстае адкрыццё адбылося ў кастрычніку 1959-га, і доўгі час ён быў адной з візітных картак горада. Тут знаходзiлася самая вялікая і прыгожая зала для гледачоў, дзе давалі канцэрты ўсе зоркі эстрады. Тут жа паказвалі фільмы. Раніцай — для дзяцей, а ўвечары — для дарослых. У палацы працавалі розныя гурткі і студыі, праходзілі навагоднія ранішнікі, збіралася моладзь. Усяго на базе культурнага цэнтра функцыянавала 43 гурткі.

Ішлі гады, і палац губляў сваю прывабнасць. Будынак знаходзіўся ў аварыйным стане. Трэба было тэрмінова нешта рабіць. «Гроднаграмадзянпраект» правёў велізарную працу па даследаванні будынка, спецыялісты намалявалі эскізы, прапрацавалі дэталі і агульную канцэпцыю. Доўгачаканая рэканструкцыя была ўключана ў абласную інвестыцыйную праграму на 2019 год і павінна была поўнасцю змяніць знешні і ўнутраны выгляд будынка.


— Праект быў распрацаваны яшчэ ў 2013 годзе, — згадвае намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аксана Коханава. — У мінулым годзе яго актуалізавалі, хоць выразнай візуалізацыі ўнутранага складу палаца няма да гэтага часу. Новы праект узнаўлення распрацаваў Інстытут «Гроднаграмадзянпраект». Рэканструкцыя — гэта не новае будаўніцтва, таму складанасцей хапала. Цяпер завершаны фасадныя работы. Каля будынка з’явіліся гранітныя прыступкі, пандусы і тактыльныя пліты. На добраўпарадкаванне інтэр’ераў спатрэбіцца больш часу. Ужо сёння заліты ўсе міжпаверхавыя перакрыцці, устаноўлены аконныя і дзвярныя блокі, адноўлена галерэя. Зараз вырашаюцца праект-ныя пытанні па выглядзе будучых зал і асобных пакояў.

На перспектыву

Пасля заканчэння агуль-набудаўнічых работ будынак перададуць Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею. Прастора трох паверхаў будзе падзелена на самастойныя зоны: прыёму наведвальнікаў і месца для правядзення музейных мерапрыемстваў, экспазіцыі і выставачныя залы.

— Каб распачаць аздабленне, неабходна дакладна разумець, дзе будуць размяшчацца стэлажы, якой будзе падсветка, — працягвае Аксана Коханава. Высветлілі асноўныя тэхнічныя моманты, звязаныя з устаноўкай ахоўнай сігналізацыі, вентыляцыі. Усё гэта павінна быць унесена ў праектную дакументацыю. Да распрацоўкі інтэр’ераў прыцяг-нулі Беларускі саюз мастакоў. Яны прапануюць сваё бачанне сучаснага музея, розныя канцэпцыі. Паралельна супрацоўнікі нашага музея вырашаюць, якія менавіта экспазіцыі пераедуць у абноўлены будынак.

Было вырашана зрабіць усё, каб новы гістарычны музей быў цікавы не толькі гасцям горада, але і яго жыхарам.

— Гэта будзе нясумны музей. Разам з унікальнымі экспанатамі будзе арганізавана інтэрактыўная прастора, якая зацікавіць і жыхароў горада, і турыстаў, і дарослых, і маленькіх наведвальнікаў. Прапанаваная музейшчыкамі канцэпцыя будзе спалучаць ансамблевыя комплексы, інтэрактыўныя зоны з выкарыстаннем сэнсарных экранаў і іншых аўдыёвізуальных сродкаў. Тут не будзе месца дыдактычнай экспазіцыі, якая будавалася па адзінай схеме: па эпохах і грамадска-эканамічнай фармацыі ад палеаліту да сучаснасці. Задумалі ўсё, каб прыцягнуць турыстаў і жыхароў горада даступнымі і лёгка ўспрымальнымі вобразамі і формамі.

У цэнтры залы на першым паверсе — шкілет маманта ў натуральную велічыню.

Адна з экспазіцый будзе адлюстроўваць гісторыю Гродна і Гродзеншчыны, а таксама прадставіць найбольш каштоўныя прыродазнаўчыя калекцыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.

— У цэнтры залы на першым паверсе пабачым шкілет маманта ў натуральную велічыню, пры стварэнні якога будуць выкарыстаны знаходкі фрагментаў палеалітычных жывёл, знойдзеныя на Гродзеншчыне. У наступнай зале з выкарыстаннем макетаў і дыярам будзе паказана эвалюцыя арганічнага жыцця на Зямлі ад яе зараджэння да з’яўлення чалавека сучаснага тыпу, будуць дэманстравацца знаходкі антрапагеннага перыяду. Асобныя экспазіцыйныя прасторы плануюць прысвяціць разнастайнасці жывёльнага свету планеты. Яна зацікавіць дзіцячую аўдыторыю, бо тут будуць задзейнічаны пудзілы прадстаўнікоў розных кантынентаў, мораў і акіянаў. Вялікая ўвага — расліннаму і жывёльнаму свету Гродзенскай вобласці. Для гэтага пабудуюць дыярамы, забяспечаць гукавое суправаджэнне асобных біягеацэнозаў.

Макеты, манекены, інтэр’ерныя зоны

Сама плошча Савецкая, на якой размешчаны Палац культуры, чырвонай ніткай праходзіць праз усе тэмы гістарычнага падзелу экспазіцыі.

— Асноўная канцэпцыя — паказ гістарычнай эпохі праз жыццё гарадской Рыначнай плошчы на ​​працягу двух стагоддзяў, — распавядае суразмоўца. — Экспазіцыйная прастора будзе падзелена на ўмоўныя зоны, у кожнай з якіх будзе адлюстраваны пэўны аспект паўсядзённага жыцця гродзенцаў. У пабудове экспазіцыі выкарыстаюць не толькі звыклыя вітрыны і подыумы, але і цікавыя макеты, манекены, інтэр’ерныя зоны, а таксама інтэрактыўныя сродкі візуалізацыі.

Паколькі ад плошчы ідзе вуліца Маставая і вядзе да Нёмана, вельмі важнага гандлёвага шляху ў ХІХ стагоддзі, то будзе раскрыта і тэма ракі. Наведвальнікі ўбачаць дыяраму з макетам гродзенскай прыстані, асобна — вялікія макеты віцін і параходаў, якія хадзілі па Нёмане і яго прытоках.

Каля будынка з’явіліся гранітныя прыступкі, пандусы і тактыльныя пліты.

— Прадставім і найстарэйшую на Беларусі чыгунку, з’яўленне якой змяніла жыццё горада і ўсяго рэгіёна, дало штуршок для развіцця прамысловасці, у тым ліку тытунёвай фабрыкі Шарашэўскага, Лідскага піўзаводаў і знакамітай гуты ў Бярозаўцы. Вырабы гродзенскіх прадпрыемстваў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пабачыце ў інтэр’ернай прасторы.

— Сэлфі і фота на памяць можна будзе зрабіць у інтэр’еры фотасалона канца ХІХ стагоддзя, — раскрывае сакрэты Аксана Коханава. — «Увайсці» ў міжваенны Гродна можна будзе, калі зірнуць на рэканструкцыю часткі гарадской вуліцы, прачыніўшы дзверы аднаго з дамоў.

Ваенныя падзеі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці будуць акрэслены тэмамі вайны 1812 года, Першай сусветнай, савецка-польскай войнаў і Вялікай Айчыннай вайны 1941—1944 гадоў. Тут будуць экспанавацца рэдкія фатаграфіі пачатку ХХ стагоддзя, манекены салдат, узбраенне нямецкіх, царскіх і савецкіх вайскоўцаў, макет аднаго з фартоў Гродзенскай крэпасці. З выкарыстаннем інсталяцый будуць раскрыты тэмы гераічнай абароны Гродна ў чэрвені 1941 года, акупацыі, падпольнага і партызанскага руху. Далей — унікальныя залы, якія распавядуць пра вайну ў Афганістане (будуць прадстаўлены асабістыя рэчы, фотаздымкі ўдзельнікаў гэтай бязлітаснай вайны). Гэтыя матэрыялы былі перададзены музею Гродзенскай абласной арганізацыяй Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Экспазіцыя завяршыцца залай памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

vrublevskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter