120-годдзю класіка беларускай літаратуры прысвечана цэлая энцыклапедыя.
У 2011-м Беларусь святкавала юбілей “песняра чыстае красы” — Максіма БАГДАНОВІЧА. Шмат цікавага адбылося ў сувязі з гэтай урачыстасцю. Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь выпушчана памятная манета з выявай Багдановіча, а Міністэрствам сувязі краіны — канверт з арыгінальнай маркай.
Але адна з самых значных падзей, звязанных са святам, — выпуск энцыклапедыі “Максім Багдановіч”. Такога гонару ў гісторыі літаратурнай спадчыны Беларусі раней удастойваліся толькі Францыск Скарына і Янка Купала.
“Жывеш не вечна чалавек…” — так у адным са сваіх вершаў нагадваў Максім Багдановіч. Чалавек — не, а вось яго геній застаецца ў гісторыі. Амаль стагоддзе жыве творчасць Багдановіча, якога памятаюць не толькі ў нашай краіне, а і па-за яе межамі.
Адзінае прыжыццёвае выданне паэта — зборнік вершаў “Вянок” — пачынаецца з тэксту, напісанага невядомым аўтарам: “Максім Багдановіч… Гонар нашай літаратуры і яе ж боль. Ён так многа зрабіў… І яшчэ больш не паспеў. Няўмольная хвароба заўчасна зламала яго. У поўным росквіце таленту паэт памёр у дваццаць шэсць гадоў…”
Менавіта энцыклапедыя “Максім Багдановіч”, выпушчаная ў гэтым годзе, стала вынікам развіцця багдановічазнаўства як навукі. Гэта ўнікальнае на сёння выданне — плён працы некалькіх пакаленняў навукоўцаў — убачыла свет дзякуючы выдавецтву “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”.
У гэтай кнізе сабрана каля 2000 арыкулаў. Тут, у адрозненне ад іншых даведнікаў, чытач не знойдзе звестак агульнага характару. Акрамя аналізу твораў паэта, падаецца падрабязная інфармацыя пра публікацыі. Тым самым можна зразумець, якія жыццевыя абставіны спрыялі развіццю творчага генія Багдановіча.
Упершыню апублікаваны невядомыя дагэтуль звесткі з жыцця пісьменніка, пра яго адносіны з роднымі і таварышамі. Пэўную частку складаюць матэрыялы, дзе апісваюцца праблемныя моманты творчасці Багдановіча. Шмат увагі ўдзяляецца асобным жанрам і вобразам, найбольш пашыраным у яго паэзіі. Даследчыкамі зроблены інтэрпрэтацыіі паасобных твораў, сабрана інфармацыя не толькі пра сваякоў і знаёмых М. Багдановіча, але і пра ўсіх грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, крытыкаў, якія сустракаліся на жыццёвым шляху паэта альбо мелі дачыненне да яго творчасці. А таксама пададзены артыкулы пра тых мастакоў, якія паводле матываў і сюжэтаў твораў Багдановіча стварылі жывапісныя і графічныя работы, скульптурныя кампазіцыі, партрэты і помнікі. Асобнае месца прысвечана сувязі беларускага песняра з замежнымі літаратурай і мастацтвам.
Энцыклапедыя можа стаць незаменным памочнікам у вывучэнні творчасці і жыцця вялікага беларускага класіка для студэнтаў і школьнікаў. А таксама для тых, хто неабыякавы да сваёй спадчыны.
Ганна ЖУКОЎСКАЯ, “БН”
Фота Паўла ЧУЙКО, “БН”