Над пытаннем, чаму 18 і кропка, доўга не думае: “Галоўнае, своечасова вызначыць залатую сярэдзіну паміж якасцю і колькасцю”
Абсталяванне ў доме ў паліглота адпаведнае: кнігі ў секцыі, кнігі на паліцах, кнігі на стале. Кнігі на англійскай, французкай, італьянскай, шведскай, нарвежскай, кітайскай мовах… З непрывычкі пачынае падавацца, што ты ў бібліятэцы інстытута замежных моў. А Юрый Барысавіч у дадатак і гутарку пра літаратуру заводзіць: “Доўга працаваў у Акадэміі навук, цяпер займаюся перакладамі. Вось Карлсана са шведскай мовы на беларускую пераклаў, — і тут жа працягвае кнігу ў блакітнай вокладцы. — Цяпер нарвежскія казкі на родную мову перакладаю”.
Паралельна з работай Жалезка давучвае ірландскую мову — на стале якраз падручнікі ляжаць. “18-ая мова ў маім спісе, — усміхаецца. — У свеце прыкладна паўтара мільёна чалавек яе ведаюць. У жыцці яна, вядома, як і асвоенае калісьці эсперанта, не спатрэбіцца, затое гучыць прыгожа. Увогуле, гэта так, крыху раскошы для душы. “Даб’ю” — спынюся, буду вывучанае ўдасканальваць”.
Над пытаннем, чаму 18 і кропка, доўга не думае: “Галоўнае, своечасова вызначыць залатую сярэдзіну паміж якасцю і колькасцю. Мая знаходзіцца на лічбе 18”. І пасля кароткай паўзы працягвае: “Пачынаў я наогул сціпла — хацеў вывучыць усяго англійскую, нямецкую, французкую, польскую мовы”.
Пра сябе ўсміхаюся: прастата, з якой суразмоўца расказвае пра свае веды, здзіўляе. Па яго інтанацыях падаецца, што асвоіць чатыры замежныя мовы — гэта так, справа некалькіх дзён. Ну, не ведаю, Юрый Барысавіч, што вам на гэта сказаць? Паміж тым гаворыць Жалезка: “Вучыць мовы пачаў пасля дзявятага класа, да гэтага сур’ёзна займаўся плаваннем. Але ў фізкультурны інстытут паступаць не хацелася. Вось і ўзяўся за англійскую мову. Тры месяцы на вуліцу амаль не выходзіў, так паглыбіўся ў вывучэнне. У выніку прыйшоў у дзясяты клас, і тут жа цуд — упершыню за ўсе школьныя гады я разумеў, пра што на ўроку гаворыць настаўнік замежнай мовы”.
Далей былі курсы нямецкай мовы ды інстытут замежных моў, дзе паліглот, прытрымліваючыся плана, узяўся за французкую мову. “А потым я настолькі ўцягнуўся, што да пачатку другога курса гаварыў яшчэ па-шведску і па-італьянску”. За апошнюю мову, дарэчы, узяўся спантанна. Настройваў прыёмнік і выпадкова злавіў радыё Ватыкана. Мова спадабалася, стаў штудзіраваць.
Пакой, у якім сядзім, прыгнятае акадэмічнасцю, лінгвіст — інтэлектам. Усміхаецца Жалезка нячаста, гаворыць грунтоўна і стрымана, як быццам сам з жалеза: “У нас ва ўніверсітэце хлопец быў, які больш за мяне моў ведаў. Праўда, я асноўны ўпор рабіў на еўрапейскія, а ён — на славянскія. Мы з ім нават спаборнічалі, хто больш замежных моў асвоіць. Я ў выніку сумленна прызнаў паражэнне”.
— А як вы правяралі, хто лепш ведае мову? — здзіўляюся. — Гэта ж не спрынтарская дыстанцыя.
— Хто правільней гаворыць і больш разумее. Я так лічу: калі чалавек хоць бы працэнтаў 70 пачутага і прачытанага ўспрымае, значыць, мова яму залічваецца.
Сумленна, не ўяўляю, як мог гаварыць таварыш Юрыя Барысавіча, калі сам Юрый Барысавіч да выпускных іспытаў “шпрэхаў” і “спікаў” ужо на дзесяці замежных мовах.
Ведаў, падавалася б, для любой работы з лішкам. Але дзе там. Лінгвіст у думках пераносіцца ў той час: “Размеркавалі мяне ў педвучылішча выкладаць. Далі англійскую, французкую мовы ды іспанскую, якую не было каму выкладаць. Я яе, увогуле, таксама не ведаў, але за 14 дзён асвоіў. З еўрапейскімі мовамі мне проста: база напрацаваная, таму любую з іх тыдні за тры-чатыры магу вывучыць”.
Запрымеціўшы мае вочы, якія парадкам акругліліся пасля такой заявы, Юрый Барысавіч вырашыў разрадзіць абстаноўку: “Не ўсё, вядома, даецца так лёгка. Пяць гадоў назад, напрыклад, узяўся за кітайскую мову, каб яе вывучыць, мне спатрэбілася цэлых паўтара года. Іерогліфы дагэтуль пісаць не магу, але чытаю і разумею добра”.
— Можа, вы нейкі сакрэт вывучэння моў ведаеце? — не перастаю здзіўляцца.
Суразмоўца адмахваецца: “Якія сакрэты? Трэба толькі мэтанакіравана займацца. Для сябе вывеў такую сістэму: спачатку чытаю падручнікі, дзесьці 5-7 кніг, потым пераходжу на праслухоўванне. Затым бяруся за мастацкую літаратуру. Праглядаю кнігі, выпісваю новыя словы, завучваю і перачытваю яшчэ раз, але ўжо без слоўніка”.
Жалезка нечакана паднімаецца з-за стала, адкрывае шафу секцыі — вось яны, доказы стараннай працы, спісаныя на розных мовах сшыткі. Гаворыць, што толькі агульных штук дваццаць набярэцца.
— А мовы не забываюцца?
— Дык я паўтараю. Цяпер, напрыклад, з ірландскай мовай праходжу нямецкую і кітайскую. Праз 2-3 тыдні вазьмуся за якую-небудзь іншую. А наогул, можна год-два мовай не карыстацца, і ўсё роўна яе добра памятаць будзеш. Словы, яны ж з памяці не знікаюць, — ловіць мой скептычны погляд. — Ну, у мяне не знікаюць.
Увесь час, пакуль мы гаворым, Юрый Барысавіч збіваецца з рускай на беларускую мовы: “На ёй я думаю, — тлумачыць. — Усё-такі колькі б замежных моў ні ведаў, а думаю на роднай. Хоць сны, прызнаюся, бачу ў асноўным на дацкай. Прычым у снах гавару на мове Андэрсана лепш, чым у жыцці”.
Кацярына Панцялеева