Наш журналист пообщалась с лауреатом Национальной литературной премии Виктором Кунцевичем

Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Віктар Кунцэвіч: «Настаўнік памылкова западозрыў мяне ў плагіяце і падштурхнуў да творчасці»

Ён з ранняга дзяцінства натхняўся дзівосамі прыроды і цягнуўся да кніг і чытання. Пазней, cумяшчаючы журналісцкую працу з падпрацоўкай у таксі, стаў пісаць вершы і прозу. Пачэсны госць «СГ» — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар кніг «Горкая спакуса», «Одинокий дождь», «Гул у звоне», «Песчинки», «Калі чужая душа — твая», лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор прозы» Віктар КУНЦЭВІЧ.


– Віктар Іванавіч, раскажыце, калі ласка, пра дзяцінства і юнацтва будучага лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

— Я нарадзіўся ў сакавіку 1957 года. І хаця пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны мінула 12 гадоў, час быў яшчэ вельмі цяжкі. Наша сям'я жыла ў маленькай хатцы ў вёсцы Чырвоны Бор Бялыніцкага раёна. Мае бацькі Іван Іларыёнавіч і Вольга Мікалаеўна гадавалі траіх дзяцей, я быў самы малодшы і, думаю, мне было лягчэй, чым старэйшым брату Міхаілу і сястры Таццяне. Спрацоўваў прынцып: усё лепшае — меншаму. Але бывалі перыяды, калі і дзяліць, маю на ўвазе ежу, не было чаго. Памятаю, бацька, які працаваў на ферме, зімой прыносіў з працы ў кішэнях муку, каб маці магла зварыць кулеш.

З пяці гадоў я гуляў па вёсцы і назіраў за матылькамі, стракозамі, яшчаркамі, птушкамі, жывё­ламі… Аднойчы выйшаў да берага ракі Друць, якая працякае побач з нашай вёскай, і ўбачыў, як у вадзе люструюцца аблокі. Я стаяў як зачараваны і пачаргова глядзеў у бяскрайняе неба і ў бездань ракі, любаваўся дзіўнымі абрысамі аблокаў. Мяркую, менавіта прырода навучыла мяне глядзець на свет з натхненнем. А натхненне, як вядома, —гэта рухавік творчасці.

Калі я перайшоў у чацвёрты клас, бацькі купілі хату-пяцісценку ў суседняй вёсцы Чыгіры. У клубе гэтай вёскі была бібліятэка, якая стала для мяне сапраўдным захапленнем.

— Выключай святло, колькі можна чытаць? — казаў мне незадаволеным голасам бацька. Але я адчуваў, што ў глыбіні душы ён ганарыцца сынам.

— І кім ён стане, як вырасце? Усё чытае і чытае, — казала сяброўцы мама.

Так што можна падагульніць: дзяцінства маё было шчаслівым стасункамі з прыродай, а юнацтва — захапленнем кнігамі.

— Калі вы ўпершыню адчулі цікавасць да мастацкага слова і пачалі пісаць? Гэта былі вершы?

— З пятага класа я стаў вучыцца ў Ількавіцкай васьмігадовай школе. Аднойчы настаўнік літаратуры Пётр Пятровіч Падашэўка даў нам, школьнікам, заданне напісаць верш. За гэту справу я ўзяўся з вялікай ахвотай і натхненнем. На наступным уроку літаратуры настаўнік сабраў і прачытаў нашы работы. Кожнаму вучню выказваў свае заўвагі. У мяне ж ён спытаўся: 

 — Віктар, скажы, ты сапраўды сам напісаў гэты верш ці, можа, спісаў з якой-небудзь кнігі?

— Сам, — упэўнена адказаў я.

— Тады да наступнага ўрока літаратуры напішы яшчэ адзін твор.

Калі ішлі са школы дамоў, дзяўчынка, якая вучылася ў восьмым класе, сказала мне: 

 — Настаўнік чытаў на ўроку твой верш і пытаўся, можа, хтосьці з нас у кнігах ці газетах сустракаў верш, падобны на твой. Ён думае, што ты займаешся плагіятам.

А плагіят — гэта што? — спытаўся я.

Дзяўчына растлумачыла мне значэнне гэтага слова, і я адчуў вялікую крыўду. Другі верш у мяне не атрымаўся. Думаю, гэта акалічнасць узмацніла падазрэнні настаўніка, а я вырашыў напісаць добры верш і надрукаваць яго ў газеце ці часопісе. Аднак у лістах з газет і часопісаў пісалі, што мне трэба больш уважліва ставіцца да паэтычнага слова і вучыцца ў класікаў. Грунтоўны ліст на гэту тэму мне даслаў з часопіса «Бярозка» Сяргей Грахоўскі, які запэўніў, што паэтычны талент у мяне, безумоўна, ёсць. У гэты перыяд я і адчуў сапраўдную зацікаўленасць вобразным паэтычным словам. Менавіта ў «Бярозцы» і быў надрукаваны мой першы верш. Пазней я даведаўся, хто такі Сяргей Грахоўскі. А настаўніку літаратуры я ўдзячны за тое, што ён падштурхнуў мяне да творчасці, хаця ўпэўнены, што мы з ёю не размінуліся б.
І няма ярчэй агня,

Чым святло радзімы малай.

Без яе ці быў бы я?

Так, яна мяне пазвала.

Лес ля вёскі, цішыня.

Так было, так ёсць, так будзе.

Пах грыбніцы, і штодня

Удыхаюць водар грудзі.

У спакоі і цішы

Летуценна мрояць дрэвы.

Чуцен гоман ад шашы,

А навокал птушак спевы!

Тут спыняе вечнасць крок,

Тут я спачываю целам,

Спаталяю сэрца, зрок,

Каб душа мая запела.

— Хто ваш самы першы крытык у творчасці?

— Я не лічу крытыкай заўвагі, якія рабілі літкансультанты газет і рэдактары часопісаў, калі рыхтавалі да друку мае вершы. Першы ж крытычны артыкул на маю кнігу вершаў «Зваротныя масты», якая выйшла ў 1996 годзе ў бібліятэчцы часопіса «Маладосць», напісаў Алесь Марціновіч. Мажліва, дзякуючы яго аўтарытэтнаму меркаванню часопіс адзначыў яе як лепшую кнігу года.

— Колькі кніг і гадоў паміж вашай дэбютнай кнігай і той, што стала лепшай сёлета?

— Чатыры паэтычныя кнігі і 28 гадоў. Праўда, два рукапісы кніг паэзіі ляжаць на паліцы. Я не вельмі пладавіты творца — мажліва, таму, што сумяшчаў літаратурную творчасць з журналістыкай і працай шафёра таксі. Можна дадаць да гэтага яшчэ і тое, што калі я зрабіў крок у літаратуру, літаратура зрабіла крок у свой вялікі крызіс: калі кніга ляжыць дзесяць гадоў у выдавецтве, то гэта не спрыяе напісанню наступнай.

— Раскажыце пра кнігу «Калі чужая душа — твая». Як доўга працавалі над творам? Які пасыл і на якую аўдыторыю разлічаны?

— «Калі чужая душа — твая» — мая першая кніга прозы. Асабіста для мяне стасункі з прыродай і кнігамі дапамаглі спазнаць паэзію, а паэзія, у сваю чаргу, дазволіла ісці далей у літаратуры і далучыцца да прозы.

Часта здараецца, што ў жыцці чалавек трапляе ў складаныя сітуацыі. Чаму гэта адбываецца? Прычын шмат, але часцей за ўсё яго заводзяць у тупік асабістая самаўпэўненасць, зайздрасць і, безумоўна, жаданне хутка здабыць вялікія грошы. Каб выйсці з тупіка, трэба ісці назад. Аднак бывае, што зваротнай дарогі проста няма і чалавеку трэба шукаць, адкрываць новы шлях. Гэта і робяць героі маёй кнігі. У развіцці падзей скарыстоўваю дынамічны сюжэт і элементы містыкі. Гэта захапляе чытача і прымушае неадрыўна ісці ра­зам з літаратурнымі героямі, што трапляюць у складаныя жыццёвыя сітуацыі. І вось тут, у развіцці падзей, для мяне як аўтара ёсць вялікія магчымасці для раскрыцця іх характараў. Асноўны пасыл твораў заключаецца ў тым, што чалавек, які мае мэту і верыць у каханне, здолее прайсці праз любыя перашкоды, не губляючы чалавечай годнасці.

— Сустрэчы з чытачамі — гэта не абавязковая, але досыць дзейная і для многіх патрэбная і прыемная частка пісьменніцкага жыцця. Вы знаходзіце час на прэзентацыі, творчыя вечарыны, майстар-класы?

— Ведаеце, калі ў школьныя гады я пачынаў чытаць, то мяне не вельмі цікавіла, хто напісаў тую ці іншую кнігу. Такая цікавасць узнікла пасля таго, як прачытаў аповесць Міхася Лынькова «Міколка-паравоз». Напэўна, у вобразе Міколкі я знайшоў штосьці падобнае з сабой. Вось тады мне і захацелася ўбачыць Міхася Лынькова.

Вядома, у сённяшніх рэаліях самапіяр неабходны, але гэта не маё. У межах сваёй творчай кампетэнцыі ахвотна дапамагаю маладым і не толькі маладым паэтам, часам рэдагую іх кнігі, пішу прадмовы. Аднак лічу, што мне далёка да такіх рэдактараў, як Дзмітрый Пятровіч ці Віктар Шніп.

— Чытанне для новага пакалення беларусаў не самы папулярны занятак. Як прывіць увагу да кніг школьнікам, якія ўсё часцей аддаюць перавагу разнастайным гаджэтам?

— Звярнуць увагу дзяцей на кнігі можна толькі кнігамі. Што цяпер і робіцца: выдаецца шмат цікавай, прыгожа аформленай літаратуры для малых дзетак і школьнікаў. Патрэбна толькі, каб бацькі куплялі ім кнігі і хадзілі з імі ў бібліятэкі.

— Наколькі мне вядома, пішаце вы на дзвюх мовах. Так было заўсёды?

— Так, я заўсёды пісаў на дзвюх мовах, але даўно зразумеў, што пісьменнік зможа дабіцца сапраўднага поспеху, калі бу­дзе пісаць на сваёй роднай мове. Калі ж атрымаецца шэдэўр, то яго, безумоўна, перакладуць на многія мовы свету. Прабачце, гэта я не пра сябе.

— Над чым працуеце зараз?

— Цяпер працую над аповесцю, у якой ёсць прыгоды, містыка, каханне. Зрэдку нараджаюцца вершы.

— У чым крыніца вашага натхнення, паважаны Віктар Іванавіч?

— У руху жыццёвых падзей. Калі яны радуюць творцу, то і натхненне робіцца больш яркім, больш выразным.

— Лепшае месца на кар­це —…

— ...Хацелася б сказаць, што гэта бацькоўская хата, але цяпер на яе месцы раскашуе дзікі беразняк. Таму гэта ўзгорак на беразе ракі Друць, да якога ўпершыню я прыйшоў пяцігадовым хлапчуком і на якім так любіў сядзець і ўдумліва глядзець у неба мой дзед Мікалай Уладзіміравіч.

ВІЗІТКА

Віктар Іванавіч Кунцэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1957 года ў весцы Чырвоны Бор Бялыніцкага раёна. Скончыў восем класаў Ількавіцкай васьмігадовай школы і ў 1973 годзе паступіў у Магілёўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 54, дзе атрымаў прафесію звар­шчыка і пачаў працаваць на заводзе зборнага жалезабетону № 7 у Магілёве. Адслужыўшы ў арміі, паступіў на курсы шафёраў Магілёўскага аўтавучэбнага камбіната і з1978 па 1994 год працаваў вадзіцелем Магілёўскага таксаматорнага парка. Яшчэ падчас працы паступіў на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, які скончыў у 1995-м. У тым жа го­дзе стаў загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела газеты «Прыдняпроўская ніва» Магілёўскага раёна. У 1998-м перайшоў у магілёўскую гарадскую газету «Веснік Магілёва». Паралельна працаваў уласным карэспандэнтам па Магілёўскай вобласці рэспубліканскай газеты «Чырвоная змена». У сакавіку 1998-га прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

rovdo@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter