У фільме «Першадрук» Уладзімір Мароз выказвае свой погляд на спрэчныя пытанні
“Я ХАДЖУ праайчынай сваёй, дзе бруіць хрысціянства крыніца. Незнаёма-знаёмай зямлёй аніяк не магу наталіцца”. Менавіта гэтыя вершаваныя радкі Уладзіміра МАРОЗА, пісьменніка і галоўнага рэдактара кінастудыі “Летапіс”, яскрава адлюстроўваюць адзін з лейтматываў новага фільма “Першадрук”, які ў лепшых традыцыях беларускага дакументальнага кіно распавядае пра спадчыну Францыска Скарыны. Стужка, прымеркаваная да 500-годдзя кнігадрукавання, аўтарам сцэнарыя якой і стаў Уладзімір Вікенцьевіч, выходзіць у пракат у маі. Ідэя сказаць новае кінематаграфічнае слова пра першадрукара наспявала шмат гадоў, і падмацавалася яна… находкай аднаго цікавага храма ў вёсцы Бярозаўка Докшыцкага раёна.
— Уладзімір Вікенцьевіч, у 1989-м выйшла стужка “Беларусьфільма” “Францыск, сын Скарынін”. Сённяшняя карціна з цікавай назвай “Першадрук”, якую адным словам нават на рускую мову не перакласці, — нешта прынцыпова новае?
— Фільм “Францыск, сын Скарынін”, аўтарам сцэнарыя якога быў Алесь Петрашкевіч, рэжысёрам Станіслаў Гайдук, я — рэдактарам, — гэта першае маштабнае дакрананне да постаці Францыска Скарыны. Карціна атрымалася вялікай, 60 хвілін, бо, зразумела, тады хацелася больш поўна распавесці пра яго біяграфію. Здымачная група пабывала ва ўсіх мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Францыска Скарыны.
Чаму “Першадрук”? Справа ў тым, што да таго моманту, як Скарына выдаў “Псалтыр” у Празе 6 жніўня 1517 года, кнігі ўжо друкаваліся ў Еўропе, і тут бы ўзнікалі асацыяцыі, што ён першадрукар увогуле ў свеце. Ну а паколькі ішла размова пра такую значную дату, як 500-годдзе кнігадрукавання, акцэнт больш зроблены на гэтай справе і першай беларускай кнізе.
У адрозненне ад першага фільма тут мы не ішлі біяграфічнай канвою. Хаця ў любым выпадку нельга было не сказаць, што Скарына нарадзіўся ў Полацку, вучыўся ў Кракаве і гэтак далей. Галоўнае, хацелася падкрэсліць, што Беларусь у тыя часы ішла ў рэчышчы еўрапейскага развіцця, на перадавых пазіцыях, бо пераклад Бібліі на беларускую мову – гэта ўвогуле чацвёрты пасля чэшскага, нямецкага і італьянскага. Па колькасці кніг, выдадзеных кі- рыліцай, Скарына пераўзышоў іншых кірылічных друкароў другой паловы XV – першай паловы XVI стагоддзяў разам узятых.
Другая думка, якую неяк асэнсавана хацеў правесці, звязана з тым, што нідзе ў сваіх прадмовах Скарына не падкрэслівае, што адрасаваў кнігі людзям пэўнага веравызнання. Ён пісаў для “люду паспалітага”. Яго біблейскія выданні па свайму характару праваслаўныя, бо Скарыну спачатку пахрысцілі ў царкве. Калі паехаў у Кракаў, канешне, ён перайшоў у каталіцтва, таму што патрэбна было вучыцца, наладжваць у Еўропе тыя ж кантакты. Не мог Скарына быць і пратэстантам. Па некаторых звестках, Марцін Лютар палічыў яго за агента каталіцызму, і сустрэчы ў іх не атрымалася. І мне ў гэтым бачыцца глыбокі сэнс, таму што ўвогуле Беларусь – гэта прыклад яднання, адносна мірнага суіснавання галоўных галін хрысціянства, праваслаўя і каталіцтва, у параўнанні з тым, што адбывалася ў Еўропе (гусіцкія войны, Варфаламееўская ноч).
— І гэта думка ў фільме падмацавана цікавай праекцыяй на сённяшні час…
— Неяк я напісаў эсэ “Беларускі храм”, дзе гучала думка пабудаваць царкву для хрысціянскіх канфесій, куды мог бы зайсці і католік, і праваслаўны, і пратэстант. І калі я ўсвядоміў, што Францыск Скарына таксама не рабіў розніцы паміж людзьмі розных канфесій, мне захацелася аб гэтым сказаць. Тым больш аказалася, што пад Докшыцамі ёсць касцёл, у які ходзяць і праваслаўныя, і католікі. У алтарнай частцы вісіць вобраз Маці Божай Вастрабрамскай, якая аднолькава шануецца ў Беларусі і аднымі, і другімі. Злева пад каталіцкім крыжам вісіць абраз Францыска Асізскага і справа пад праваслаўным — Серафіма Сароўскага. І мала таго, каля гэтага касцёла стаіць знак яднання – з аднаго кораня вырастаюць адразу два крыжы, пасля разыходзяцца і зноў злучаюцца гарызантальнай перакладзінай. Фінальны эпізод пра гэты храм у вёсцы Бярозаўка выводзіць на тэму аб лёсе Беларусі і яе прызначэнні ў гэтым сэнсе.
Дарэчы, мы нават неяк спецыяльна не задумвалі паказваць рэканструкцыю кнігадрукавання, але раптам выйшлі на гісторыка, фалькларыста Міхаіла Ліхадзедава, які зрабіў такі станок, на якім 500 гадоў таму пачалі адціскацца кнігі. Гэты чалавек купіў стары будынак у Вілейцы, і там будзе створаны музей кнігадрукавання. Вобразны лейтматыў старога кнігадрукавання праходзіць праз увесь фільм і не драматургічна, але візуальна аб’ядноўвае ўсе эпізоды. Атрымаўся нават такі вобраз, калі бярэцца чысты аркуш, друкуецца на станку і з’яўляецца адціснуты, які дае магчымасць сказаць пра тое, што пра Скарыну хацелася б ведаць больш. Ёсць шматлікія разважанні наконт таго, сам ён друкаваў ці не. Калі бачыш, як у той час друкаваўся кожны аркуш паперы, разумееш, што Скарына наймаў работнікаў, арганізоўваў і кіраваў усім працэсам.
У запісах Падуанскага ўніверсітэта аб дапушчэнні Францыска Скарыны да выпрабаванняў на ступень доктара медыцынскіх навук было напісана: “бедны юнак, доктар мастацтваў…” Але гэты пераклад патрэбна ўдакладняць. Не мог ён быць бедным, бо, каб абараніцца, Скарына павінен быў заплаціць прафесарам, якіх было больш за дзясятак, і наладзіць прыём. Тым больш што бацька Скарыны – купец. З выдавецкай справай фундатары дапамагалі, але каб выдаваць кнігі ў Празе, не на радзіме, патрэбна было мець і свае грошы.
— Падчас працы, відаць, вы праявілі сябе і ў якасці даследчыка?
— Аўтар сцэнарыя і перш за ўсё папулярызатар, але ён таксама мае свой погляд на нейкія спрэчныя пытанні. Напрыклад, ці было імя Георгій у Францыска Скарыны? На мой погляд, праваслаўнае імя ў яго павінна быць, бо калі ён нарадзіўся ў Полацку, ніводнага католіка не было. Бернардзінцы прыйшлі туды толькі ў 1498 годзе. У грамаце караля Сігізмунда I сустракалася імя Георгій, некаторыя даследчыкі кірылічную вязь літар пад партрэтам у знакамітай гравюры расшыфроўваюць як Георгій Францыск Скарына, іншыя — як доктар Францыск Скарына. Таму кораценька ў фільме “Першадрук” мы сказалі, што пры перахрышчэнні ў каталіцтва з’явілася імя Францішак, бо якраз у айцоў-бернардзінцаў ахоўнік святы Францішак Асізскі.
У пэўнай ступені спрачаюцца, ці на беларускую мову перакладаў Скарына Біблію. Сыходзяцца на тым, што гэта беларускі варыянт царкоўнаславянскай мовы. Можна і так сказаць, але я б гэта назваў беларускай мовай. Дзеканне і цеканне існавала да Скарыны, але яно не перадавалася на пісьме. Я ўсё ж такі адаптаваў тэкст для дыктара па-беларуску, калі чытаеш не “дают” а “даюць”, не “імают”, а “імаюць”, адразу чуеш нашу мову. Пакідаеш гукі цвёрдымі, і можна спрачацца.
Па меркаванні некаторых даследчыкаў, Скарына раней за Мікалая Каперніка прапанаваў геліацэнтрычную сістэму светабудовы, проста Капернік напісаў, а Скарына не паспеў, у сімвалах гравюры гэта бачыцца. Увогуле патрэбна глыбей вывучаць яго гравюру, прадмовы і пасляслоўі з філасофскага боку. Трэба не спрачацца, а ўзвышаць гэта імя. Уявіце, вычытаў, што ва Украіне існуе каля 600 помнікаў Тарасу Шаўчэнку. Так і фільмаў пра Скарыну, як і помнікаў, можа быць больш.
— А Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса- Еўфрасіннеўскага манастыра, дзе захаваліся старажытныя фрэскі, таксама неяк звязана з Францыскам Скарынам? Чаму менавіта з яе пачынаецца трэйлер фільма?
— Скарына атрымліваў адукацыю пры адным з манастыроў. Але тут Полацк паўстае як месца, якое дало беларускай зямлі шмат гістарычных постацей. Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Сімяон Полацкі. Маўляў, тое, што Францыск Скарына нарадзіўся ў Полацку, — гістарычная наканаванасць. Таму што горад быў першай калыскай беларускай дзяржаўнасці, фарміравання беларускай нацыі, сюды прыйшло хрысціянства. І, канешне, сёння, гледзячы на Полацк, усвядоміць духоўны цэнтр таго часу мы можам праз гэту царкву з тымі фрэскамі.
— Замежныя крытыкі адзначаюць добры ўзровень беларускага дакументальнага кіно. У чым сакрэт?
— Майстэрства заключаецца ва ўважлівым стаўленні да героя. У кіно галоўнае — мантаж, можна зрабіць так, што чалавек на экране будзе зусім іншы, чым у жыцці. Трэба казаць праўду. Беларускае дакументальнае кіно вылучаецца і вобразным асэнсаваннем жыцця, а не проста яго адлюстраваннем. На літаратурны лад яно – гэта эсэ, дзе павінны быць эмоцыі, асэнсаванне, вобразы. І, канешне, сакрэт у выдатнай аператарскай школе. Дарэчы, рэжысёр фільма — малады і таленавіты супрацоўнік Ігар Чышчэня, які апошні час працаваў над фільмамі “Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне”, “Страчаная песня” і “Нясвіжскі палац” з калегам-аператарам Аляксандрам Акавіцкім. Разам яны здымалі і “Першадрук”. Добрую аператарскую работу Аляксандра заўважылі крытыкі. Фільм быў прыняты без адзінай заўвагі на ўсіх узроўнях, у тым ліку і Міністэрствам культуры.
— Уладзімір Вікенцьевіч, вы рэжысёр пяці фільмаў, аўтар больш чым 70 сцэнарыяў, па якіх знята кіно, 19 кніг прозы, паэзіі і эсэ. А што далей?
— Перш за ўсё мне больш даспадобы пісаць сцэнарыі, чым займацца рэжысурай. Як сцэнарыст я б хацеў зрабіць фільм пра аб’яднанне “УНОВИС”, створанае Казімірам Малевічам у Віцебску ў пачатку 1920-х гадоў. Аказалася, яго супрэматызм і чорны квадрат нарадзіліся менавіта ў нас. Ён быў на фронце ў гады Першай сусветнай вайны ў Беларусі, і гэтыя супрэмы пачаў маляваць тут. Потым яго запрасіў у Віцебск Марк Шагал. Па першай адукацыі я архітэктар, і тэма мастацтва мне блізкая. Усё тое, што адбывалася на нашай зямлі, – гэта факт нашай гісторыі, і я хачу гэта адлюстроўваць.
— Дзякуй за цікавую размову!
v.v.korshuk@gmail.com
Фота з асабістага архіва Уладзіміра МАРОЗА