У Магілёўскім раёне камісіі па працаўладкаванні выязджаюць у аддаленыя вёскі

Час раскрываць кадры

Ірына Калбасава з аграгарадка Вейна Магілёўскага раёна цяпер чалавек вядомы. Дзякуючы субсідыі службы занятасці былая беспрацоўная стала паспяховым бізнесменам. Яна гандлюе кветкамі ў Магілёве, навучылася афармляць выдатныя кампазіцыі і, нягледзячы на сур’ёзную канкурэнцыю, на адсутнасць пакупнікоў не скардзіцца. У стадыі станаўлення сёння і бізнес 35-гадовай Вольгі Чырычэнка з аграгарадка Кадзіна. І хаця цяпер не забараняецца працаваць цырульнікам, не рэгіструючыся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, яна ўсё ж аддала перавагу  рашэнню аформіць свой бізнес па ўсіх правілах, адкрыць салон, ужо аформіла дагавор арэнды. Касавы апарат яна набыла ў знаёмых, а субсідыя службы занятасці пойдзе на куплю прафесійнага абсталявання і парфумы.

Галіна Агінская: “Праявіўшы такт і цярпенне, можна зрушыць справу з мёртвай кропкі. Хаця і з вялікімі  намаганнямі у многіх выпадках атрымоўваецца пераканаць, што працаваць афіцыйна, з выплатай страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, выгадна.”
Фота аўтара

За мінулы год субсідыі для адкрыцця сваёй справы ў Магілёўскім раёне атрымалі чацвёра чалавек, яны сталі прадпрымальнікамі або рамеснікамі ў сферы фатаграфіі, рамонту памяшканняў, вырабу драўляных альтанак. Двое чалавек атрымалі матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы па 2989 рублёў 80 капеек кожны ўжо ў гэтым годзе. Адзін з іх зоймецца рамесніцтвам — вытворчасцю вальераў і клетак, садовай мэблі.

За мінулы год у Магілёўскім раёне працаўладкавана 830 чалавек. Прычым 336 — на нанова створаныя працоўныя месцы. Найбольшая колькасць былых беспрацоўных цяпер працуе на новых  высокатэхналагічных вытворчасцях, якія адкрыліся ў раёне: 26 на ТАА “Мебелайн”, 47 — на ТАА “Кронаспан Стыл Канстракшанс”, 12 — на ТАА “Магілеўскі завод Прам Палімер”, 17 — на ТАА “Прамбетонмантаж”.

І гэта не лічачы працы камісіі па працаўладкаванні, якая правяла ў мінулым годзе 40 пасяджэнняў і выдала 404 накіраванні на працу мясцовым жыхарам. Зараз камісія засядае ў райвыканкаме з 10.30 кожную пятніцу, а пасля абеду ў гэты ж дзень працягвае  работу ў аддаленых вёсках. Аб’явы аб маючым адбыцца прыбыцці камісіі ў тую ці іншую вёску размяшчаюцца на будынках сельсаветаў, крамах, і, вядома, у мясцовай раённай газеце.

Начальнік аддзела занятасці Магілёўскага райвыканкама Галіна Агінская тлумачыць, чаму так важныя штотыднёвыя выязныя пасяджэнні:

— Тэрыторыя наша вялікая, не з кожнай аддаленай вёскі можна прыехаць на пасяджэнне камісіі на грамадскім транспарце, да таго ж, калі чалавек не працаўладкаваны, ён лічыць кожную капейку і не заўсёды мае магчымасць  аплочваць  квіткі ў абодва бакі. Таму, ідучы насустрач людзям, праводзім пасяджэнні бліжэй да іх месца жыхарства. Праўда, на жаль, не ўсе, хто атрымаў накіраванне на працу, адправіліся на сустрэчу з наймальнікамі, працаўладкаваўся толькі 171 чалавек. А што ж астатнія? Кагосьці не задавальняе прапанаваная пасада, кагосьці зарплата, а хтосьці проста не хоча працаваць.

Некаторыя перабіваюцца выпадковымі заробкамі — аказваюць дробныя паслугі суседзям, збіраюць металалом і макулатуру. Іншыя даўно прывыклі сядзець на шыі ў старых бацькоў. І ўсё ж, праявіўшы такт і цярпенне, можна зрушыць справу з мёртвай кропкі. Хаця і з вялікімі  намаганнямі у многіх выпадках атрымоўваецца пераканаць, што працаваць афіцыйна, з выплатай страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, выгадна, што менавіта ад гэтага залежыць аплата бальнічных і памер будучай пенсіі.

Складаней за ўсё выявіць усіх мясцовых жыхароў, якія не працуюць, хаця ў гэтым камісіі дапамагаюць і сельсаветы, і ўчастковыя міліцыянеры. Справа ў тым, што па законе чалавек мае права быць зарэгістраваным у аддаленай вёсцы ў бацькоў, а сам працаваць, да прыкладу, у Расіі, або ў любым горадзе нашай краіны. І як даведацца, чым ён займаецца, ці адносіць  яго да працаўладкаваных? Гэты момант не перашкаджала б прадумаць больш дасканала.

Камісіі па працаўладкаванні выконваюць важную ролю ў барацьбе з беспрацоўем. У іх уваходзяць прадстаўнікі мясцовай улады, якія валодаюць поўнай інфармацыяй па рэгіёне і могуць аказваць рэальную дапамогу. Да таго ж праца вядзецца з канкрэтным чалавекам. А гэта значыць, што ёсць магчымасць улічваць усе асаблівасці кожнай жыццёвай сітуацыі і прымаць узважаныя рашэнні. І яшчэ — як раз цяпер дапрацоўваецца палажэнне аб гэтых камісіях. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны збірае прапановы і пажаданні, каб улічыць іх пры дапрацоўцы дакумента, які павінен быць гатовы да 1 красавіка.
З кожным годам дзякуючы падтрымцы службы занятасці ўсё больш чалавек у Магілёўскім раёне знаходзяць працу. Толькі за два месяцы гэтага года аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 94 жыхарам раёна. Для параўнання: у мінулым годзе за гэты ж перыяд дапамаглі знайсці працу 62 вяскоўцам.
Irina_mendeleva@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter