На тэлеканале «Беларусь 3» 16 чэрвеня выйдзе шасцісоты выпуск папулярнай праграмы «Наперад у мінулае», паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі. А гэта значыць, што адбудзецца юбілейная прэм’ера народнай песні ў сучаснай апрацоўцы.
Нагадаем, ужо 12 гадоў творчая група праграмы «Наперад у мінулае» вандруе па Беларусі і фіксуе на камеру нематэрыяльную культурную спадчыну розных рэгіёнаў краіны, якую беражліва захоўваюць фальклорныя гурты і проста апантаныя людзі. Па ўмовах праекта носьбіты аўтэнтычнай культуры выконваюць ацалелыя ці адноўленыя абрады, народныя песні і побытавыя танцы, дэманструюць адметнасці мясцовых гаворак, распавядаюць гісторыі, байкі і легенды паселішчаў. Дарэчы, за ўвесь час існавання праграмы было запісана больш за паўтары тысячы народных песень.
«На гэтым творчая група праекта не спыняецца. Кожную вёску можна наведваць шмат разоў і заўсёды вяртацца ў студыю з новым матэрыялам — запісамі народных песень і кадрамі традыцыйных і аўтэнтычных беларускіх абрадаў», — распавядае вядучая Аксана Вечар.
Юбілейны выпуск праекта «Наперад у мінулае» пазнаёміць з абрадам «Тройца» ў выкананні народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Шчодрыца». Традыцыйна напрыканцы праграмы ўвазе гледачоў прадставяць народную песню ў сучаснай аранжыроўцы. Гэтым разам саўндпрадзюсар Генадзь Сыракваш і ансамбль «Чараўніцы» падрыхтавалі новую версію песні «Пойдзем, дзевачкі».
Шасцісоты выпуск праграмы «Наперад у мінулае» выйдзе ў эфір тэлеканала «Беларусь 3» у нядзелю, 16 чэрвеня, у 10:00.
pepel@sb.by