Падчас Вялікай Айчыннай вайны пасёлак стаў цэнтрам партызанскай зоны
Сёння кожны, хто мінае Бягомль у напрамку ад Мінска да Полацка ці Віцебска, абавязкова заўважыць на скрыжаванні дарог у пасёлку самалёт Іл-14. Гэта своеасаблівы помнік унікальнаму партызанскаму аэрадрому, што дзейнічаў на ўскрайку райцэнтра. Шунеўка — сястра Хатыні, партызанскі шпіталь, дзе 18 дзён трымаліся параненыя і медсёстры, замураваныя пад зямлёй, — усё гэта гісторыя мясцовасці. Як і населеныя пункты, дзе не здымалі чырвоныя сімвалы савецкай улады падчас вайны, працягвалі змагацца, араць і сеяць. 28 жніўня 2009 года гарадскі пасёлак Бягомль Докшыцкага раёна ўзнагароджаны вымпелам «За стойкасць і мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Калі ад перакрыжавання звярнуць на вуліцу Савецкую, першы помнік на шляху — сучасны «Я люблю Бегомль». А далей — згадкі пра славутае ваеннае мінулае краю. Помнік партызанскай славы нагадвае, як у снежні 1942-га партызаны разграмілі ў Бягомлі буйны варожы гарнізон і авалодалі пасёлкам, які стаў цэнтрам Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. Партызаны брыгады «Жалязняк» знішчылі гітлераўскія гарнізоны ў Докшыцах, Даўгінаве, на чыгуначных станцыях Параф'янава, Крулеўшчына, у вёсках Асавы, Будзілаўка, Юхнаўка. Яны разабралі і падарвалі больш за 5,5 тысячы чыгуначных рэек.
Помнік ахвярам фашызму адкрыты ў 1975 годзе на ўшанаванне памяці 697 мірных жыхароў Бягомля, якіх закатавалі ці расстралялі нямецка-фашысцкія акупанты. Супраціўленне народа тут было сапраўды агульнай справай. Так, па ўспамінах Героя Савецкага Саюза Сцяпана Манковіча, ужо ў 1941 годзе ў пяці валасных управах працавалі падпольшчыкі. Напрыклад, у Домжарыцкай воласці амаль увесь апарат складаўся з патрыётаў, ад якіх партызаны атрымлівалі дакладныя звесткі аб дзеяннях акупантаў. Бясстрашнай патрыёткай паказала сябе Вольга Стральчонак. Яна ўсталявала сувязь са службоўцамі пашпартнага стала ў Бягомлі, атрымлівала ад іх бланкі пашпартоў і пасведчанняў. Калі стварылі партызанскі атрад, Вольга дапамагла ўступіць у яго чырвонаармейцам, якія вырваліся з палону, прыносіла разведдадзеныя. У сакавіку 1942-га гітлераўцы высачылі яе і расстралялі.
У скверы каля Дома культуры знаходзіцца яшчэ адна брацкая магіла. Тут пахаваны больш за 70 воінаў і каля 200 партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Сярод іх — воіны 277-й стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту, якая вызваляла Бягомль. У 1961 годзе на магіле пастаўлены помнік — скульптура партызана ў жалобе, абапал яго дзве дошкі з імёнамі загінуўшых.
Дарэчы, аперацыя па вызваленні Бягомля партызанамі за два гады да «Баграціёна» доўжылася трое сутак. Кіраваў ёю камбрыг Ціткоў. Размешчаны там гарнізон немцаў — апошні апорны пункт акупантаў у раёне. У ім за ўмацаваннямі хавалася каля 200 варожых салдат і афіцэраў. Гарнізон, нібы павук, чапляўся за перакрыжаванне дарогі на Плешчаніцы, Барысаў, Лепель, Докшыцы і вельмі моцна перашкаджаў партызанам. Вораг часта рабіў налёты на бліжэйшыя вёскі, браў у палон жыхароў і зноў хаваўся пад абарону высокіх бруствераў акопаў і траншэй.
Атрады размясціліся вакол райцэнтра і блакіравалі яго. Але выбіць ворага адразу не ўдалося. На трэцюю ноч у варожы гарнізон прарвалася падмацаванне. Тады да Бягомля высунулася аб'яднаная група партызан з брыгад «Жалязняк» і «Дубава». Гітлераўцы на гэты раз у бой не ўступілі. Пасля высветлілася, што падмацаванне да ворага прыбыло не для ўтрымання гарнізона, а для таго, каб яго эвакуіраваць. Праціўнік паспешна пакінуў райцэнтр і пайшоў у Плешчаніцы. Вызваліўшы Бягомль 20 снежня 1942 года, брыгада «Жалязняк» затым стварыла падпольны райкам КП(б)Б.
Знакі мінулай вайны мы ўбачылі і на будынку Бягомльскага музея народной славы: адна сцяна моцна сапсавалася ад снарадаў, яе пакінулі ў такім выглядзе для навучання нашчадкам. У дырэктара музея Вольгі Таляронак пытаюся, пра яшчэ адзін помнік — стэлу ў гонар партызанскага аэрадрома: ці правільна мы зразумелі, што на гэтым месцы і знаходзілася пляцоўка, куды прызямляліся нават двухматорныя самалёты ЛІ-2? Не раз чула, што менавіта з гэтага аэрадрома Алену Мазанік, непасрэдную выканаўцу знішчэння генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ, вывезлі на «вялікую зямлю».
Вольга Таляронак.
— Не, сам аэрадром размяшчаўся на поўдзень ад стэлы, у гэтым раёне зараз пабудавалі жылыя дамы, — паясняе Вольга Таляронак. — Узлётна-пасадачную паласу ўзвялі яшчэ перад вайной.
Ініцыятыва прымаць у райцэнтры самалёты сыходзіла ад кіраўніцтва легендарнай брыгады «Жалязняк». У свой час аэрадром прызначаўся для цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў, таму зроблены надзейна. Але ж да Мінска і Барысава ад Бягомля недалёка. Якім чынам зберагчы яго ад налётаў варожай авіяцыі? Партызаны разгарнулі вакол аэрадрома сетку несапраўдных пасадачных пляцовак, імітацыю вогнішчаў і макеты зенітак. Вельмі трывожным было чаканне першага самалёта. Але ў хуткім часе праз яго партызанам сталі перапраўляць шмат зброі, узрыўчатку, боепрыпасы, медыкаменты і пошту.— Амаль штоноч на аэрадроме прызямлялася па сем-дзесяць планёраў і два-тры самалёты, — апавядае Вольга Таляронак. — Ён абслугоўваў партызанскія брыгады і атрады Мінскай, Вілейскай і Віцебскай абласцей. З красавіка 1943 года амаль кожную ноч двухматорныя самалёты ЛІ-2 101-га авіяпалка далёкага дзеяння дастаўлялі ўсё неабходнае для партызан Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны і суседніх раёнаў, Літвы. У Маскву адвозілі раненых, хворых, дзяцей, жанчын і старых. Таксама прылятаў вядомы лётчык-выпрабавальнік Сяргей Анохін, які потым рыхтаваў касманаўтаў да палётаў.
Пазней, калі вакол партызанскай зоны фашысты пачалі сціскаць кола блакады, лётчыкі пакінулі аэрадром.
Вольга Таляронак паведаміла пра яшчэ адзін цікавы факт, на які раней мала звярталі ўвагу. Шырока вядома гісторыя падземнага шпіталю на Домжарыцкіх балотах у Саўскім бары. Улетку 1944-га немцы праводзілі карную аперацыю «Кармаран» з мэтай поўнага знішчэння партызан — палонных не бралі. У час блакады параненыя і хворыя адыходзілі са сваімі атрадамі, але 30 чалавек былі бездапаможныя (без рук і ног, у беспрытомнасці, найчасцей з-за тыфу) і рухацца не маглі. Іх і вырашылі схаваць у падземным шпіталі. Справа ў тым, што падчас адной з аперацый да гэтага, фашысты, якія знайшлі партызанскі шпіталь, закалолі ўсіх параненых і здзекаваліся з медсясцёр. Так, у партызан з'явілася ідэя, што трэба абавязкова схаваць тых, каго не змогуць эвакуіраваць, і падрыхтаваць схроны. Таму мужнасць жанчын, якія ведалі пра гэта і ўсё ж не кінулі байцоў, выключная.
Сёння на месцы былога партызанскага аэрадрома — жылы раён и школа
— Загадзя былі выкапаны зямлянкі десяць метраў у даўжыню, два метры ў шырыню і метр у вышыню, дзе можна было рухацца толькі на каленях, — прыводзіць дэталі субяседніца. — Замаскіравалі так, што можна прайсці і не заўважыць. Разам з параненымі засталіся фельчар Ефрасіння Грыбаедава з пяцігадовай дачкой, медсёстры Ядзвіга Саковіч, Наталля Кульба, Лідзія Радзівон і Надзея Церах, санітаркі Лідзія Балбукова, Лукер'я Перадня і яе пляменніца, 15-гадовая Антаніна. Амаль без ежы і вады, ва ўмовах, калі без кіслароду гаслі свечкі, яны пратрымаліся 18 сутак!
Я звязалася з Таццянай Грыбаедавай, жыхаркай Гродна, яе прадзед Мікалай быў родным братам Ефрасінні Грыбаедавай.
— Сям'я была вялікая, зараз яе нашчадкі таксама жывуць на Віцебшчыне, — расказала яна. — Але ўнукі і праўнукі добра ведаюць пра ўчынак Ефрасінні Іванаўны, мой сын Вадзім нават пісаў навуковую работу пра яе. Мы вельмі ганарымся!
І жанчыны, і дзеці, і, вядома ж, мужчыны ўнеслі свой уклад у агульную перамогу. Падчас вызвалення Беларусі партызаны Бягомльскага краю падрыхтавалі плацдарм для далейшага наступлення савецкіх войск — аперацыі «Баграціён». Бягомль вызвалілі 2 ліпеня 1944 года, а брыгада «Жалязняк» атрымала задачу лавіць гітлераўцаў, якія групкамі па лясах прабіваліся на захад.
Ганарацца ў Докшыцкім раёне Героямі Савецкага Саюза Іванам Цітковым, Сцяпанам Манковічам, Францам Перхаровічам, Уладзімірам Стрэльчанка, Аляксандрам Чарнышом і Арсенціем Юхнаўцом.