Ад Іосіфа Гашкевіча — да Тацумі Масака

Беларуска-японскія кантакты распачаліся каля ста пяцідзесяці гадоў таму дзякуючы нашаму знакамітаму суайчынніку-дыпламату. Цяпер жа на карысць абодвух народаў працуе і Інфармацыйны цэнтр японскай культуры, створаны ў Мінску.Для пачатку — трохі пра Іосіфа Гашкевіча, які тройчы можа быць названы першым. Ён першы консул Расійскай імперыі ў Японіі ў 1858—1865 гадах. Першы чужаземец, якому імператар “краіны Узыходзячага сонца” дазволіў выехаць за межы Токіа і пасяліцца са сваёй місіяй далёка ад сталіцы — у гора-дзе Хакадатэ на востраве Хакайда. І ці не самае галоўнае: Гашкевіч сёння з’яўляецца самым першым дыпламатам, якога ўжо без двукосся, без нацяжак мы можам называць беларускім.
У Інфармацыйнага цэнтра японскай культуры ўжо шмат сяброўБеларуска-японскія кантакты распачаліся каля ста пяцідзесяці гадоў таму дзякуючы нашаму знакамітаму суайчынніку-дыпламату. Цяпер жа на карысць абодвух народаў працуе і Інфармацыйны цэнтр японскай культуры, створаны ў Мінску.
Для пачатку — трохі пра Іосіфа Гашкевіча, які тройчы можа быць названы першым. Ён першы консул Расійскай імперыі ў Японіі ў 1858—1865 гадах. Першы чужаземец, якому імператар “краіны Узыходзячага сонца” дазволіў выехаць за межы Токіа і пасяліцца са сваёй місіяй далёка ад сталіцы — у гора-дзе Хакадатэ на востраве Хакайда. І ці не самае галоўнае: Гашкевіч сёння з’яўляецца самым першым дыпламатам, якога ўжо без двукосся, без нацяжак мы можам называць беларускім. Дарэчы, менавіта такім яго збіраюцца прадставіць і ў музеі Міністэрства замежных спраў Беларусі. Бо нарадзіўся ён на Гомельшчыне ў 1815 годзе, рос у вёсцы Якімава Слабада Рэчыцкага павета Мінскай губерні ў сям’і святара. Як нядаўна ўстаноўлена, з роду Гашкевічаў паходзіць і нядаўна кананізаваны праваслаўны святы, відаць, дзядзька Іосіфа, Іаан Кармянскі. І будучы дыпламат рыхтаваў сябе да духоўнага сану: закончыў Мінскую семінарыю і Пецярбургскую акадэмію, а потым, у 1839—1849 гадах, працаваў у рускай духоўнай місіі ў Пекіне.
Аднак славутым Гашкевіча зрабіў не Кітай, а Японія. Упершыню ён трапіў туды на борце апісанага Іванам Ганчаровым фрэгата “Палада”, каб як перакладчык, што ведае добры дзясятак моў, удзельнічаць у заключэнні першага руска-японскага дагавора (1852—1855). Праз тры гады вярнуўся ў Японію ўжо паўнамоцным консулам, наладзіў кантакты паміж краінамі. Склаў — яму дапамагаў у тым Тацібана-на Каасай — першы “Японска-рускі слоўнік”, праславіў сябе як сапраўдны гуманіст. Слоўнік пабачыў свет у 1857 годзе ў Санкт-Пецярбургу, прычым за гэтую працу Гашкевіч быў уганараваны Дзямідаўскай прэміяй і залатым медалём.
Але чаму я, чалавек увогуле далёкі ад усходазнаўства, зацікавіўся Гашкевічам, а заадно і Японіяй? Пішучы сваю кнігу “Астравеччына, край дарагі…”, нечакана выявіў: вярнуўшыся на радзіму, апошнія гады жыцця гэты вядомы дыпламат правёў у
маёнтку Малі ў чатырох кіламетрах ад Астраў-ца, быў у Астраўцы пахаваны каля сённяшняга касцёла, замененага тады на царкву. Меў я дачыненне і да таго, што ў 1994 годзе ў цэнтры пасёлка ўстаноўлены бюст Гашкевіча аўтарства Валерыяна Янушкевіча. Потым не без майго ўдзелу ў Мінску і Астраўцы прайшлі Першыя і Другія Гашкевічаўскія чытанні. За ўсё гэта ў 2001 годзе Міністэрства замежных спраў Японіі запрасіла мяне на тыдзень у госці...
І вось неяк газета “Вечерний Минск” змясціла інфармацыю пра японскі культурны асяродак, створаны ў сталіцы. Я знайшоў яго адрас, і ўрэшце, калі ў будынку Дзіцячай бібліятэкі
№5, што па вуліцы Русіянава, дзе ён размяшчаецца, закончыўся рамонт, загадчыца асяродка Тацумі Масака (“Масака-сан”) запрасіла мяне на сустрэчу. Па дарозе ва Уручча згадваў звесткі з маёй падручнай “базы дадзеных”. Першы раз у Беларусь Масака-сан трапіла як турыстка. Выпадкова пазнаёмілася з мясцовым спартсменам-украінцам. Да іх прыйшло каханне, урэшце яны пабраліся шлюбам, абзавяліся дзіцём. А калі жанчына засумавала без работы, пайшла ў бібліятэку, прапанавала весці для дзяцей курсы японскай мовы.
— Праз мае рукі прайшло ўжо каля трохсот вучняў, — сціпла канстатуе Масака-сан. — Не ўсе, вядома, авалодалі мовай. Для гэтага мала зацікаўленасці, патрэбна настойлівасць. Але маляваць іерогліфы, крышку разбірацца ў іх падвучыліся, да невядомай культуры далучыліся.
— А гэта таксама ваша вучаніца? — кіўнуў я ў бок дзяўчынкі, што гартала непадалёку кнігу.
— Мая дачушка, Юйэ. Японскую мову ведае дасканала і беларускую ў школе вучыць.
—У адным з інтэрв’ю вы прызналіся, што таксама вучыцеся гаварыць па-беларуску…
— Мне мова даецца цяжэй, чым ёй. Я, дарэчы, закончыла ўніверсітэт і курсы рускай мовы ў БДУ. Спрабавала перакладаць на японскую вершы Леаніда Дранько-Майсюка, іншых паэтаў. Можа, калі надрукую… А, дарэчы, як вы спраўляліся з японскай мовай у час свайго падарожжа? Мусіць, перакладчыца была?
—Так, выпускніца Маскоўс-кага ўніверсітэта. А ў нечаканых сітуацыях карыстаўся Беларуска-японскім і японска-беларускім слоўнікам, выдадзеным у Токіа беларусістам Рыуносуке Курода. Тыцкаў пальцам у патрэбнае беларускае слова, змешчанае насупраць японскага іерогліфа, — і ўзаемаразуменне наступала.
—Не ведала, што ў Японіі ёсць беларусісты…
—Нямнога, чалавек з пяць, але ёсць. Іх кіраўнік, прафесар Такійскага ўніверсітэта Джун ічы-Сата двойчы прылятаў у Мінск на Гашкевічаўскія чытанні.
—Адзін з гашкевічаўскіх зборнікаў і ў нашай бібліятэцы ёсць. А другога, з выявай бюста, няма.
— Можам прыслаць у электронным выглядзе, папоўніць вашы зборы. Яны ў вас вялікія?
— Больш за 1300 пазіцый. Апрача таго, ёсць сотні аўдыё- і відэакасет. Усё гэта можна на тэрмін да дзесяці дзён пазычыць дамоў. У нас яшчэ пастаянна дзейнічае выстава японскага народнага побыту. Праводзяцца вечарыны, прысвечаныя японскай літаратуры, музыцы і кіно. Ёсць сайт, на якім размешчаны рознай складанасці ўрокі японскай мовы, парады, як паехаць у Японію, каб вучыцца і… ажаніцца.
— І на чые ж грошы гэта робіцца? Напэўна, ваша пасольства дапамагае?
— Ні іены! Я атрымоўваю беларускую зарплату бібліятэкара і адпрацоўваю яе. Калі хто і дапамагае, то гэта грамадскі фонд “Чыро”, ён спецыялізуецца на дапамозе ахвярам Чарнобыля.
А што, падумалася, калі б павучальны вопыт японскага цэнтра ў Мінску распаўсюдзіць на такі ж беларускі культурны асяродак, напрыклад, у Хакадатэ, які памятае беларуса Гашкевіча! Пра тое паразважаем у наступны раз.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter