Выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” цяпер ёсць у галоўных бібліятэках Рыма і Ватыкана

З кнігамі — у Рым

Выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” цяпер ёсць у галоўных бібліятэках Рыма і Ватыкана

Шматтомныя факсімільныя выданні “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” перададзены Нацыянальнай цэнтральнай бібліятэцы Рыма і Ватыканскай апостальскай бібліятэцы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Ва ўрачыстай цырымоніі перадачы выданняў паўдзельнічалі Амбасадар Беларусі ў Італіі Аляксандр Гур’янаў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. У дар Нацыянальнай цэнтральнай бібліятэцы Рыма таксама была перададзена калекцыя беларускіх кніг па міжнародным праекце “Беларусь сёння”. Сярод сотні лепшых айчынных выданняў — энцыклапедыі, даведнікі, выданні па мастацтве, мовазнаўстве, фотаальбомы. Усе кнігі распавядаюць пра гісторыю, традыцыі, культуру і прыроду краіны.

Дырэктар Ватыканскай апостальскай бібліятэкі перадаў у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі факсіміле ліста святога Пятра, убачыць які можна будзе на выставе “Францыск Скарына і яго эпоха” ў верасні 2017 года. Супрацоўнікаў Рымскай і Ватыканскай бібліятэк беларускія калегі запрасілі паўдзельнічаць і ў міжнародным кангрэсе “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”.

Як вядома, Італія — адна з краін, цесна звязаных з лёсам беларускага першадрукара. У 1512 годзе Францыск Скарына паспяхова здаў экзамены і абараніў ступень доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце. Дагэтуль “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” перадавалася ў бібліятэкі ЗША, Балгарыі, Сербіі, Венгрыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter