Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання “Р” намалявала незвычайны партрэт знакамітага асветніка

Як Скарына слова скарыў

6 жніўня 1517 года ў Празе выйшла ў свет Біблія на старажытнай беларускай мове — «Псалтыр», якую выдаў Францыск Скарына з Полацка. Здаецца, што гэты факт людзі павінны ведаць з нараджэння. Але сёння вакол гэтай падзеі, як і вакол асобы першадрукара, столькі адкрыццяў і згадак, нават цяжка разабрацца, што з гэтага праўда, а што выдумка. Карэспандэнты «Р» прайшлі шляхам Скарыны і паспрабавалі разабрацца ў гісторыі, якая бярэ пачатак пяць стагоддзяў таму.

У нашай краіне і за яе межамі ўжо не першы месяц святкуецца 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Але гэты самы «Псалтыр» з’явіўся на свет менавіта 6 жніўня. Таму сёння ў нас у гасцях спецыяльны госць. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша — навуковец малады, таму і падыход да асобы першадрукара ў яго нестандартны, ён глядзіць на яго вачыма нашага сучасніка.


Культурная рэвалюцыя

— Ці не здаецца вам, што святкаванне юбілею кнігадрукавання ўзняло хвалю чутак і здагадак пра персону Скарыны? На мой погляд, зараз сапраўды цяжка адрозніць, што было на самай справе, а што дадумалі нашы сучаснікі.

Алесь Суша.
— Баюся вас напалохаць, але гэта мне нават падабаецца. Думаю, тое, што мы сёння назіраем, — гэта пэўная рэвалюцыя грамадскай свядомасці стаўлення да асобы Скарыны. Ведаеце, на працягу ХХ стагоддзя ўвесь час назіралася ўзвышэнне і ўзвелiчэнне вобраза нашага першадрукара. Адбывалася гэта ў межах найперш савецкай школы па пэўных канонах: рэдактура, цэнзура і г.д. Не плявузгалі з кожнага боку абы-што, а пісаліся рэчы адэкватныя, узважаныя, прадуманыя. І гэта як бы пазбаўляла жыцця вобраз першадрукара. У выніку напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х, калі святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Скарыны, яму быў пастаўлены такі высокі «помнік», што да яго ўжо немагчыма было дацягнуцца. Ён быў уключаны ва ўсе падручнікі па гісторыі, па беларускай літаратуры, выдадзены энцыклапедыя і трохтомнае факсіміле. Яму прысвячалі мастацкія творы. І ў выніку ў 1990-я, калі адкрыліся шматлікія навуковыя тэмы для даследавання, усе кінуліся да іх, а Скарына перастаў быць цікавым. Бо каб знайсці хоць што-небудзь новае пра першадрукара, трэба не менш як паўжыцця на гэта пакласці. Таму што архівы ўжо збольшага праштудзіраваныя, манаграфіі напісаныя. Куды прасцей займацца новымі тэмамі — на гэтым дысертацыю абароніш і славу займееш. Са Скарынам шмат цяжэй.

Таму зараз была патрэбна сапраўдная культурная рэвалюцыя, і мы яе зрабілі. Што маю на ўвазе? Скарына набывае рысы жывога чалавека дзякуючы блогам і сацыяльным сеткам, шаржам і малюнкам, кнігам і тэатральным пастаноўкам. Словам, ён пачынае станавіцца не бронзавым класікам на высокім п’едэстале, а арыгінальным, прыцягальным чалавекам, адным з нас. Нізінныя моманты яго паўсядзённага жыцця ўсплываюць усё больш, і сталаму пакаленню даследчыкаў яны падаюцца напачатку трошкі дзіўнаватымі: як жа вы прыніжаеце такую асобу, насміхаецеся? Але ў далейшым людзі разумеюць, наколькі гэта добра. Брытанцы ўжо даўно жартуюць над Шэкспірам, палякі — над Капернікам. І дзякуючы гэтаму іх вобразы і жывуць у сённяшняй культуры. Тое ж зараз адбываецца і ў нас са Скарынам.

— Што дзіўнага пачулі ў апошні час?

— Я за дзень, бывае, столькі ўсяго дзіўнага пра яго пачую… І сапраўды, міфаў зараз нараджаецца шмат, некаторыя з іх можна нават патлумачыць. Не хачу пакрыўдзіць сваіх калег, таму самым нечаканым міфам назаву той, што я сам прыдумаў. Не так даўно зразумеў, што наш першадрукар быў шпіёнам на службе біскупа Яна ці нават вялікага князя Жыгімонта. Можна нават сказаць, ён здзяйсняў дзяржаўныя дыверсіі супраць іншых краін, у прыватнасці Прусіі. Я маю некаторыя гістарычныя абгрунтаванні такога погляду, але пакуль гэта не больш чым эпатажная версія, як і амаль уся біяграфія Скарыны.

Справа ў тым, што мы маем мінімальны набор фактаў, якія рэальна сведчаць пра яго жыццё і дзейнасць. На аснове гэтых фактаў і існуюць пэўныя інтэрпрэтацыі. У перыяд Савецкага Саюза яны, так бы мовіць, былі класіцыстычныя, такія правільныя. Там такі станоўчы герой, на якога сапраўды хочацца маліцца. А калі хочацца маліцца, то, значыць, ён не жывы. Мне падаецца, што ён заслугоўвае і іншых інтэрпрэтацый, і хай яны будуць  нечаканымі.

— А вам не здаецца, што, такім шляхам, да 600-годдзя беларускага кнігадрукавання гэта будзе зусім іншы Скарына?

— Дакладна, ён і будзе іншым. Сто год таму пра Скарыну фактычна не ведаў ніхто. У Беларусі гэта імя было забытае, малавядомае нават даследчыкам-гуманітарыям, і да яго толькі-толькі пачалі звяртацца. Гэты вобраз тады толькі пачынаў нараджацца, ён з часам мужнеў, сталеў. Цяпер ён, можа быць, дзяцінее, становіцца жывейшым, мае больш чалавечыя рысы. Не ведаю, якім ён будзе праз сто гадоў, але дакладна, што тады будуць памятаць яго справу, цаніць яго дасягненні. І думаю, што, нягледзячы на шматлікія даследаванні, якія чакаюць нас наперадзе, нашы нашчадкі не змогуць сказаць, якім жа Скарына быў на самай справе.

Наш Цукерберг

— Упэўнена, вы чыталі зборнік п’ес, які не так даўно быў выдадзены РТБД і вашай бібліятэкай. Там столькі інтэрпрэтацый жыцця першадрукара, што галава кругам ідзе.

— Сапраўды так. Але да п’есы і пастаноўкі ў тэатры адношуся станоўча. Я бачыў дзве супрацьлеглыя рэакцыі на гэты твор. Першая — з боку прадстаўнікоў старэйшага пакалення, разумнага і вопытнага, для іх гэта было цяжка прыняць: яны рэзка крытыкавалі, часам нават сыходзілі пасля першага акта. Моладзь, якая прыйшла не па запрашэннях, а па білетах, гэта значыць па ўласнай ініцыятыве, адрэагавала іначай. Я нячаста бачыў, каб у нашых тэатрах па некалькі дзясяткаў разоў выклікалі «на біс». А гэта быў якраз той выпадак. Я таксама адбіў свае далоні.

Потым у абмеркаваннях, у тым ліку і ў сацыяльных сетках, бачыў, як моладзь пераклала гэты вобраз на сябе і на сённяшні дзень. Яна прыраўнавала Скарыну да Цукерберга, які прыдумаў Фэйсбук, і іншых хлопцаў, якія выношваюць дзіўныя, прагрэсіўныя ідэі, абіваюць з імі розныя парогі. Для іх Скарына — сённяшні малады хлопец са стартапам. Тым больш што ў спектаклі сапраўды сучасныя рэаліі. Я гэта ўспрымаю як чарговую, магчыма, дзіўную інтэрпрэтацыю вобраза, якая дазваляе нам самім зрабіць выснову: Скарына такі ж, як я, — ён памыляўся, меў жонку і дзетак, яго любілі і ненавідзелі, ён губляў працу і шукаў новую — не быў усё жыццё на п’едэстале. Чалавек натхняецца: раз ён такі, як я, то і я магу быць такім, як ён. Атрымліваецца, што, нягледзячы на нейкія перашкоды і цяжкасці, я магу ісці далей, спрабаваць сябе ў новай сферы і зрабіць справу, дзеля якой я і пакліканы на гэты свет. Гэта самая важная выснова.

— Калі ўжо мы з вамі Францыска зрабілі нашым сучаснікам, можна нават сказаць, зоркай, чытачы не даруюць нам, калі мы не скажам пра яго прыватнае жыццё. Дарэчы, гавораць, што першадрукаром ён стаў не столькі сваім розумам, колькі дзякуючы бацькавым грошам і пратэкцыі.

— Увесь род Скарыны быў заможным. Бацька яго Лука быў купцом. У савецкі час было прынята паніжаць заможнасць знакамітасцей, каб яны не надта выдзяляліся з асяроддзя сялян і працаўнікоў. Але добра вядома, што сям’я здаўна падтрымлівала стасункі не толькі з іншымі гарадамі ВКЛ, але і з замежнымі землямі, у тым ліку з Масквой. Брат Францыска Іван гандляваў і з Рыгай, і з Гданьскам. Пляменнік Раман таксама меў свой бізнес на нямецка-польскім памежжы. Сапраўды, Скарына паходзіў з багатай сям’і, і гэта можа пра многае гаварыць. Але такі цікавы факт: у дакументах Падуанскага ўніверсітэта ён значыцца небагатым чалавекам, хаця адначасова і сакратаром караля Даніі. Дзіўнае спалучэнне. Хаця, магчыма, ён каму-небудзь даў хабар, каб яго бясплатна прынялі. Жартую, канешне, але хто яго ведае? У той час такое таксама было. Таму высновы тут можна рабіць розныя.

— Гавораць, і з жонкай Скарына сышоўся па разліку, каб мець магчымасць друкаваць свае кніжкі.

— Ёсць такое меркаванне. Пра Маргарыту вядома няшмат. Яна была ўдавой багатага віленскага месціча Юрыя Адверніка, які засядаў у радзе — гарадскім савеце, фактычна быў адным з кіраўнікоў горада. Вядома, што Маргарыта валодала маёмасцю на рыначнай плошчы і на нямецкай вуліцы. У любым выпадку, Скарына ажаніўся з нябеднай жанчынай. Ёсць меркаванне, што яшчэ пры жыцці свайго мужа Юрыя яна падтрымлівала выдавецкую дзейнасць Скарыны. Сувязі паміж Адвернікамі і сям’ёй Скарыны відавочныя. А ці па разліку, ці гэта было вялікае каханне, сказаць складана. Тым больш што і Скарына быў нябедным. У яго была вялікая падтрымка з боку ўплывовых асоб. Да таго ж я не ўпэўнены, што Скарына прагарэў з выданнем кніг. Тады навошта яму было працягваць выдавецкую справу? Мне падаецца, што яго ініцыятыва была паспяховай і мела падтрымку як ва ўладных структурах, так і ў грамадстве. Я схіляюся да версіі, што ён ажаніўся не дзеля карысці, а там якраз былі сапраўдныя пачуцці. Дзеткі, а іх было не менш як двое, народжаныя за кароткі перыяд пасля заключэння шлюбу, з’яўляюцца пацвярджэннем гэтай думкі.

Сёння ў мастацкіх творах Скарына паўстае ў розных вобразах, але сапраўдная яго выява ёсць толькі на адной прыжыццёвай гравюры.

Першаадкрывальнік

— Падсумоўваючы нашу размову, давайце вызначым, што кожны беларус, пачынаючы з дзяцінства, павінен ведаць пра Скарыну? Напрыклад, вашы дзеці ведаюць нашага першадрукара?

— Так, яны хоць яшчэ і дашкольнікі, пазнаюць яго на партрэтах і іншых выявах. Яны ўжо і размалёўвалі яго, і пазлы збіралі, і ў розныя гульні забаўляліся. Нават двухгадовая дачка ведае Скарыну — гэта, відаць, наступствы бацькавай справы.

Вельмі важна ўмець цікава паднесці нейкую інфармацыю дзецям, моладзі. Словы «павінен ведаць» у вашым пытанні не вельмі правільныя. Трэба, каб чалавек захацеў ведаць, што гэта за асоба, што добрага ён зрабіў. Магчыма, кагосьці зацікавіць, меў ён вусы ці не, а іншаму будуць даспадобы кнігі, якія ён выдаваў. У кожным узросце гэтыя інтарэсы розныя, таму ў Нацыянальнай бібліятэцы мы маем некалькі ініцыятыў, што называецца, на густ і ўзрост. Таму прыходзьце да нас, мы прапануем вам розныя варыянты знаёмства з нашым першадрукаром. Дарэчы, мая жонка так зацікавілася гэтай справай, што зрабіла нават скарынаўскі квест.

Але ў любым выпадку хацелася б, каб дзеці ведалі, што быў такі Скарына, наш суайчыннік, і ён зрабіў вялікую справу: стварыў новы свет для беларусаў і адкрыў усяму свету Беларусь праз друкаванае слова.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter