Стоит ли тратить время и деньги на домашние заготовки?

Выгада ў слоіку

Ці варта марнаваць час і траціць грошы на хатнія нарыхтоўкі?
У гэтыя жнівеньскія дні кухні большасці гаспадынь нагадваюць кансервавыя заводы ў мініяцюры. Каб і зімой было чым парадаваць блізкіх, марынуюць агурочкі і памідоры, закручваюць кампоты, вараць духмянае варэнне, прастойваючы ля пліты не адну гадзіну. Калісьці такія старанні былі апраўданыя: у савецкія часы магазіны не адрозніваліся багатым асартыментам свежай і кансерваванай вітаміннай прадукцыі. Але ці варта сёння расходаваць сілы і сродкі, марнаваць час на прыгатаванне далікатэсаў hand made, калі такія прадукты можна набыць у бліжэйшым прадмагу?



Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, мы вырашылі прайсціся па сталічных рынках і магазінах і, падлічыўшы выдаткі на хатнія нарыхтоўкі, параўнаць іх з цэнамі на аналагічныя прадукты ад вытворцаў.

Самым хадавым таварам кулінарных аддзелаў супермаркетаў аказаліся маласольныя і салёныя агурочкі. Кошт іх вар’іруецца ў залежнасці ад памеру зялёненькіх.

У адным з супермаркетаў сеткі “Суседзі” маласольныя карнішоны прапануюць па 4 рублі 60 капеек, стандартныя асобнікі — у два разы танней. У сталічнай краме сеткі “Белмаркет” за такія просяць 2 рублі 34 капейкі. А цяпер прыкінем, у якую суму абыдзецца гэтая ўніверсальная закуска, калі прыгатаваць яе самому.

Адпраўляемся на сталічную “Камароўку”. За кілаграм свежых адборных агурочкаў выкладваю 1 рубель 50 капеек. На выхадзе з рынку не забываю прыкупіць у бабулек засолачны “букет” з лістоў хрэна, парэчкі, духмяных галінак кропу. Ён абышоўся ў 50 капеек. Атрымліваецца, што кілаграм хатніх маласольных агуркоў, прыгатаваны з “рыначнай” сыравіны, амаль дагнаў у кошце магазінны варыянт.

Вядома, шчаслівым уладальнікам шасці сотак, якія вырасцілі нядрэнны ўраджай гэтай гародніны, далікатэс абыдзецца бясплатна. Хоць гэта адносна. Калі ўлічыць кошт расады, насення, угнаенняў і плёнкі для цяпліцы, таксама набяжыць прыстойная сума.

Самыя выгадныя цэны на маласольныя агуркі аказаліся ў гандлёвых кропках спажыўкааператараў.

Да прыкладу, ва ўніверсаме “Замкавы” ад Лагойскай райспажыўкааперацыі кошт на іх складае ўсяго 88 капеек.

Загадчыца ўніверсама Святлана Свянціцкая тлумачыць, што соляць гэтыя агурочкі па фірменным рэцэпце ў цэху райспажываўскага гароднінасховішча. Паводле яе слоў, крыху пазней адсюль ва ўніверсам стануць паступаць кіслая капуста, салёныя грыбочкі, агуркі, таматы.

Цэны на пакупныя марынаваныя агуркі, памідоры і перцы ў магазінах, як аказалася, адрозніваюцца ў залежнасці ад памеру слоіка і краіны-вытворцы.

700-грамовая ёмістасць перцаў ад адной з гродзенскіх кансервавых фабрык каштуе 2 рублі 80 капеек, малдаўскае агурочна-таматавае асарці такой жа ёмістасці — 3 рублі, у столькі ж абыдзецца 300-грамовы слоік леча, а паўлітровы слоік малінавага канфіцюру — у 2 рублі 50 капеек. Самым дарагім аказаўся трох-літровік чырвоных таматаў. Пад ім значыцца 5 рублёў 60 капеек.

Каб самастойна прыгатаваць такія нарыхтоўкі, адпраўляюся на чарговы шопінг. У адным з супермаркетаў купляю тры кілаграмы падыходзячых таматаў па 1 рублі 30 капеек. Потым раскашэльваюся ў гаспадарчых таварах на дадатковыя “аксэсуары”: трохлітровы слоік абходзіцца ў 1 рубель 40 капеек, металічная накрыўка — 12 капеек. На ўсялякі выпадак бяру іх некалькі. Машынка для закруткі ў мяне ёсць, інакш прыйшлося б выкласці яшчэ дзясятку. У харчовай краме я выплаціла 3 рублі за спецыі, соль і воцат. Прыбаўляем да гэтых выдаткаў каштоўныя кілаваты, якія будуць затрачаны на варэнне расолу, стэрылізацыю слоікаў, а затым і іх змесціва.

Кансультант па рэсурса- і энергазберажэнні Антон Гаховіч падлічыў, што за гадзіну работы электрапліты набяжыць 3 кілаваты, што абыдзецца ў 30 капеек, за гадзіну работы духоўкі для стэрылізацыі слоікаў — 4 кілаваты, значыць, плюс яшчэ 40 капеек. Прыняўшы пад увагу маю калькуляцыю, ён прыйшоў да высновы, што на хатніх нарыхтоўках наўрад ці атрымаецца зэканоміць. Але тут жа прызнаўся, што, нягледзячы і на такія выдаткі, разам з жонкай заўсёды робіць закруткі на зіму.

— Мы не аматары кансерваванай ежы. Але некалькі слоічкаў таматаў чэры заўсёды запасаем. Хай атрымаецца і даражэй, чым магазінны варыянт, але лічу, што ўласнаручна прыгатаваныя саленні — эксклюзіў, які цяжка чым-небудзь замяніць, — сцвярджае Антон. — Такі пачастунак у зімовыя дні не толькі напамін пра лета, але і ўпрыгажэнне навагодняга і каляднага стала. Гатаванне нарыхтовак — свайго роду традыцыя, якая дасталася нам у спадчыну ад нашых мам і бабуль. Але і яны лічылі, што ў гэтым трэба ведаць меру.

Займаючыся нарыхтоўкай кансерваваных гародніны або садавіны дома, трэба браць на сябе немалую адказнасць. Бо вы маеце справу з сапраўдным тэхналагічным працэсам

КАМПЕТЭНТНА

Дзіяна Сафронава, намеснік начальніка аддзела тэхналогій кансервавання харчовых прадуктаў Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі:

— Калі кансерваваную прадукцыю вы купляеце ў магазіне, то за яе якасць можаце не баяцца. Пры яе вытворчасці выкананы правільная тэхналогія, неабходны рэжым стэрылізацыі. Раслінная сыравіна кантралюецца па паказчыках бяспекі, утрыманні таксічных рэчываў, нітратаў, пестыцыдаў.

Тым жа, хто толькі пачынае разбірацца ў тонкасцях сезонных нарыхтовак, я хачу нагадаць, што кожная гародніна і фрукт мае сваю тэхналогію прыгатавання. Смела гатуйце варэнне і канфіцюры, саліце капусту, грыбы, агуркі. Соль і цукар — выдатныя кансерванты. Пры падрыхтоўцы марынадаў з даданнем воцату і цытрынавай кіслаты, а таксама фруктовых кансерваў гарачага разліву строга выконвайце рэцэптуру. А вось гатаваць у хатніх умовах кансервы без воцату — з грыбоў, салодкай кукурузы, гарбуза, фасолі, зялёнага гарошку, морквы — не рэкамендуецца. Асаблівасць складу гэтых раслінных прадуктаў такая, што ім трэба пры стэрылізацыі забяспечыць тэмпературу

120 градусаў. Калі гэта не выканаць, то кансервы сапсуюцца, і вашы старанні будуць марнымі. Але значна горш, калі вы, прадэгуставаўшы зімой змесціва такога слоіка, атрымаеце атручванне ці батулізм.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter