Сёлета будзе сапраўды арыгінальная цырымонія адкрыцця свята. Яна пачнецца не ўдзень, як звычайна, а калі сонца стане ўжо заходзіць. Гэта будзе не традыцыйны канцэрт з наборам разнастайных нумароў, а мастацка-гістарычная дзея пад назвай «Беларускі шлях». Амаль паўтары гадзіны на сцэне будзе разварочвацца тэатралізаванае прадстаўленне, якое пакажа шлях станаўлення беларускай духоўнасці ад часоў Рагнеды і Рагвалода і да нашых дзён. Своеасаблівым сімвалам, які будзе праходзіць праз увесь спектакль, стане Крыж Еўфрасінні Полацкай. На працягу ўсёй дзеі будзе іграць Дзяржаўны сімфанічны аркестр. Скончыцца свята лазерным шоу.
Зазірніце на вуліцу Замкавую на ўрачыстае адкрыццё культурна-мастацкага праекта «Тры Сафіі: Сафія Кіеўская, Сафія Наўгародская, Сафія Полацкая», арганізаванага пры падтрымцы Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Маладыя мастакі на працягу некалькіх тыдняў удзельнічалі ў пленэрах каля трох знакавых сабораў. Цяпер свае творы яны гатовы паказаць усім.
Бронзавая ладдзя — сімвал беларускай дзяржаўнасці.
У суботу ля Сафійскага сабора будзе адкрыты памятны знак «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці». Адлітыя ў бронзе шчыты з партрэтамі вядомых гістарычных асоб, якія стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, як бы складаюць ладдзю. На адваротным яе боку — важныя гістарычныя даты і культурныя каштоўнасці, такія як Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, Крыж Еўфрасінні Полацкай і г.д. Аўтары праекта – скульптар Уладзімір Піпін і архітэктар Армэн Сардараў.
Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала праект «Захоўваючы кніжную спадчыну Беларусі». Там будзе прадстаўлена 30 найноўшых выданняў, прысвечаных асобе і справе Францыска Скарыны. Сярод іх – «Асветнік з Полацка» (сумесны праект выдавецтва «Беларусь» і Міністэрства культуры Беларусі), кніга «Вільня часоў Скарыны» (сумесны праект з Пасольствам Літвы ў Беларусі) і іншыя. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі зойме ўладальнік Гран-пры Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» – факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Дарэчы, у гэтыя ж дні адбудзецца і яго прэзентацыя.
Полацк — чарговы прыпынак праекта «Дарогамі Скарыны», які прэзентуе «Малую падарожную кніжку».
Будуць у Полацку і арыгіналы Францыска Скарыны. Свой нядаўні набытак – «Малую падарожную кніжку» — прэзентуе Белгазпрамбанк. Гэта збор царкоўных кніг невялікага фармату, прызначаны для падарожнікаў. Усяго пад адной вокладкай знаходзіцца 18 кніг. Яны ўпрыгожаны ўнікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі. Дзевяць кніг маюць пасляслоўе самога Скарыны. Гэту экспазіцыю дапоўніць дакументальны фільм Алега Лукашэвіча «Францыск Скарына. Чалавек свету». Вычарпальную інфармацыю пра жыццёвы шлях першадрукара можна будзе атрымаць і з дапамогай спецыяльна запраграмаванага інфакіёска. Асаблівае месца ў экспазіцыі зойме падарожжа ў друкарскай майстэрні Скарыны пры дапамозе шлема віртуальнай рэальнасці. Мадэллю для стварэння віртуальнай майстэрні паслужыла рэканструяваная друкарня XVII—XVIII стагоддзяў, якая знаходзіцца ў Музеі беларускага кнігадрукавання.
Мультымедыйны праект Нацыянальнага гістарычнага музея прывабіць сэнсарным экранам 60 дзюймаў. Спецыяльна да юбілею кнігадрукавання было распрацавана інтэрактыўнае праграмнае забеспячэнне, што дазваляе ў відовішчнай форме пазнаёміць карыстальнікаў з вандроўкамі Скарыны па Еўропе, дэталямі яго жыццёвага і творчага шляху, а таксама з надрукаванымі ім кнігамі.
Абноўлены Полацк чакае гасцей.
Фестываль кнігі і прэсы праводзіцца штогод. Але кожны раз ён не падобны на папярэдні. Тым больш сёлета. Шмат увагі будзе юбілярам. Адбудзецца прэзентацыя праекта «Янка Купала. 135», падчас якога пройдзе грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам». На выставе ж, прысвечанай 135-годдзю Якуба Коласа, адбудзецца прэзентацыя перакладу на рускую мову паэмы «Сымон-музыка». Яго аўтары – Ленінградскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Расіі. На свяце будуць ушанаваны Пімен Панчанка, Міхась Стральцоў і іншыя беларускія класікі. Вядома ж, на сустрэчу са сваімі прыхільнікамі спяшаюцца і сучасныя аўтары. На плошчы Скарыны ў гэтыя дні будзе працаваць і «Друкарскі двор XVI стагоддзя».
Упершыню на Дні беларускага пісьменства абдудзецца фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Удзельнічаць у ім выказалі жаданне больш за 13 тысяч школьнікаў. На працягу некалькіх месяцаў яны спаборнічалі ў чытанні твораў беларускіх класікаў. У Полацк прыедуць толькі лепшыя з лепшых. Дарэчы, па традыцыі ў пачатку верасня будуць названы і пераможцы Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Спяшайцеся на монаспектакль «Беларусь. Дыдактыка» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. У Мінску ён атрымаў вельмі высокую адзнаку. Чаму б і не! Аб сваім месцы ў свеце, аб адносінах з людзьмі, з рэчаіснасцю, роднай прыродай, сваім народам праз беларускі фальклор і ўрыўкі з беларускай класічнай літаратуры разважае народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, а дапамагае ёй у гэтым музыка Дзмітрый Лук’янчык. Жанр спектакля рэжысёр Аляксандр Марчанка вызначыў як «дарога да сябе».
У паркавай зоне Кургана Бессмяротнасці развернецца фестываль сярэдневяковай культуры «Рубон». Там вельмі насычаная праграма: выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі, тэатралізаваныя паказы рыцарскіх клубаў, канцэрт сярэдневяковай музыкі і майстар-класы па сярэдневяковых танцах. Будзе конкурсна-гульнявая праграма «Рыцарскія забавы».
Завершыць свята ў нядзелю канцэрт майстроў мастацтва «Залатая калекцыя беларускай песні». Сталічнае тэлебачанне з гэтым праектам ужо аб’ехала шмат розных куткоў краіны, але для Полацка была створана спецыяльная праграма, якая складаецца з песень, напісаных на словы класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова і іншых. У гэты дзень на сцэну выйдуць народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, Ірына Дарафеева, Надзея Мікуліч, Наталля Тамела, Вікторыя Алешка, Іскуі Абалян, Саша Нэма і іншыя.
stepuro@sb.by