Як крытыкi i гледачы прынялi новы беларускi фільм «Сляды на вадзе»

Таямнічы Фрэйшуц — хто ён

Каля мінскага кінатэатра «Масква» спыняліся цікаўныя прахожыя. Увагу прыцягвалі знакаміты аўтамабіль — палутарка, супрацьтанкавая гармата-саракапятка, міліцыянеры ў форме першых пасляваенных гадоў.

У аснову сюжэта карціны лёг раман прафесара, доктара гістарычных навук палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая ІЛЬІНСКАГА
«У надзвычай най сітуацыі — знішчыць».

На ўваходзе гледачоў сустракалі салдаты роты ганаровай варты. У фае іграў ваенны аркестр, а побач жадаючыя маглі патрымаць у руках аўтамат ППШ, вінтоўку Мосіна, разгледзець пісталеты і рэвальверы, пабываць у імправізаваным кабінеце супрацоўніка крымінальнага вышуку канца 1940-х.

Увесь антураж — з рэквізіту «Беларусьфільма». У пракат выйшаў створаны на кінастудыі гісторыка-прыгодніцкі дэтэктыў «Сляды на вадзе», прысвечаны 100-годдзю ўтварэння беларускай міліцыі.

Перад прэм’ерай у фае цесна-вата. Каля ўвахода ў залу сустракаю Арцёма Курэня. Акцёр прызнаецца: трохі нервуецца. Вядома, падзея хвалюючая. У новай карціне ў яго адна з цэнтральных роляў, яна ж — першая галоўная ў яго фільмаграфіі. Кажа, цікава было працаваць, але і без тэхнічна складаных момантаў не абышлося. Вучыцца на кані скакаць і на матацыкле ездзіць давялося лiтаральна перад кадрам. Справа ў тым, што захапляльную гісторыю рэжысёр карціны Аляксандр Анісімаў зняў у рэкордна кароткія тэрміны — за чатыры з паловай месяцы. Непасрэдна здымачны перыяд — усяго 26 дзён. Некалі было доўга рэпецiраваць. А ў цэлым малады акцёр задаволены. Расказвае, што яму заўсёды падабаліся гістарычныя фільмы, нават дзіцячая мара была — зняцца ў ваенным кіно. Спраўдзілася, выходзіць.

Дарэчы, у «Слядах на вадзе» заняты толькі беларускія акцёры, няма, як гэта бывала раней, запрошаных маскоўскіх зорак. У галоўных ролях разам з Арцёмам Курэнем — Пётр Юрчанкоў, Вераніка Пляшкевіч, Таццяна Чардынцава, Сяргей Юрэвіч.

У кіназале аншлаг. Першых гледачоў віталі міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч і першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Кінапраект ажыццёўлены дзякуючы супрацоўніцтву гэтых двух ведамстваў.

Ігар Шуневіч прызнаўся, што карціну ўжо бачыў:

— Перакананы, у фільма доўгі лёс, ён стане любімым для многіх гледачоў. Гэта — вялікі падарунак для ўсіх дзеючых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, ветэранаў ведамства і ўсіх беларусаў, якія любяць сваю краіну і сваю гісторыю.

Кадр з фільма «Сляды на вадзе».

На сцэне — уся здымачная група. Словы падзякі за сумесную працу, кветкі. І вось святло гасне. Уся ўвага — на экран.

...1946 год. Франтавік-разведчык старшы лейтэнант Смоліч прыбывае ў гарадок Парэчча на ўзмацненне мясцовай міліцыі ў складаны час: у заходняй частцы Беларусі банды тэрарызуюць насельніцтва. Асабліва лютуюць бандыты таямнічага Фрэйшуца, былога памагатага фашыстаў.

Смоліч і начальнік крымінальнага вышуку Крыкуноў павінны абясшкодзіць няўлоўнага ворага. Аднак план міліцэйскай аперацыі раптам аказваецца пад пагрозай з-за ўцечкі інфармацыі. Высвятляецца, што ў аддзяленні міліцыі ёсць здраднік. Хто ён?..

У аснове сюжэта — раман палкоўніка міліцыі ў адстаўцы доктара гістарычных навук Мікалая Ільінскага. «Сляды на вадзе» — гэта рэальная гісторыя пра падзеі ў заходніх раёнах Беларусі ў першыя пасляваенныя гады.

— Героі рамана, як і фільма, — гэта канкрэтныя работнікі міліцыі, толькі са змененымі імёнамі, — кажа Мікалай Ільінскі. — Напрыклад, пад імем начальніка Парэцкага райаддзела міліцыі Сяргея Аксяновіча, яго іграе Ігар Дзянісаў, выведзены Міхаіл Мікалаевіч Фядотаў — сапраўдны начальнік Навагрудскага райаддзела ўнутраных спраў.

Выканаўцы галоўных роляў Пётр ЮРЧАНКОЎ і Арцём КУРЭНЬ з гендырэктарам «Беларусьфільма» Ігарам ПОРШНЕВЫМ перад прэм'ерай.

У фільме можна ўбачыць і завадатара адной з банд, якая дзейнічала пасля вайны на захадзе Беларусі, — Рыся. Гэтую ролю ярка выканаў акцёр Сяргей Юрэвіч.

З сённяшняга дня прэм’ерны фільм «Сляды на вадзе» — на экранах кінатэатраў краіны.

Вачыма крытыка


Антаніна Карпілава, кінакрытык, загадчыца аддзела экранных мастацтваў філіяла «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН:


— Атрымаўся даволі моцны міліцэйскі баявік, звернуты да падзей складанага пасляваеннага часу. У ім ёсць алюзія, адгалоскі такіх вядомых фільмаў, як «Месца сустрэчы змяніць нельга» і «Ліквідацыя».

У цэнтры — сутыкненне або ўзаемаадносіны двух чалавек з двума характарамі: маладога старшага лейтэнанта Смоліча і больш вопытнага капітана міліцыі Крыкунова. На гэтым трымаецца ўсё дзеянне фільма. Ёсць пэўны антураж, чатыры батальныя сцэны, знятыя з-за сціплага бюджэту ў адпаведным ключы.

Галоўная інтрыга заключаецца ў пошуку схаванага ворага — «пацука» ў райаддзеле міліцыі. На жаль, гэтая таямніца становіцца разгаданай ужо ў першай палове фільма. Відавочна, аўтарам можна было даўжэй вытрымаць таямнічую інтрыгу і атмасферу трылера падкрэсліць больш яскрава. 

Але, тым не менш, вылучаюцца акцёрскія работы Пятра Юрчанкова, Арцёма Курэня. Гэтак жа адзначыла б гукавую партытуру фільма — работу гукарэжысёра Уладзіміра Сухадолава — і музычную драматургію, створаную кампазітарам Віктарам Капыцько.

У карціне адчуваецца прафесіяналізм і валоданне рамяством аўтарамі — рэжысёрам Аляксандрам Анісімавым, аператарам Дзмітрыем Рудзем, касцюмеры нядрэнна папрацавалі над стварэннем рэквізіту, антуражу той эпохі.

Думкі  ўслых


Аляксандр Анісімаў, рэжысёр-пастаноўшчык:


— Цудоўная група працавала над карцінай. Калі б не яна, не зняў бы адназначна так хутка, не справіўся б. Сапраўдныя прафесіяналы.

Выдатныя акцёры. Усе да аднаго — нашы, ніводнага маскоўскага. Уражанні самыя лепшыя, светлыя ад працы з імі. Актрыса сусветнага ўзроўню Вераніка Пляшкевіч! Су-свет-на-га, разумееце? Абаяльная, разумная, тонкая, таленавітая — усё пры ёй. Калі давядзецца яшчэ калі-небудзь здымаць, працаваць з Веранікай буду абавязкова.

Пятра Юрчанкова з пэўнай бояззю, з адчуваннем другаснасці браў на ролю. Але ён так паставіўся да працы: магутна ўзяўся за матэрыял, глыбока пачаў капаць. І мне здаецца, роля ўдалася. Велізарным адкрыццём стаў Арцём Курэнь. Настолькі дакладна трапіў у вобраз. Малады артыст, без вялікага вопыту ў кіно. Рос літаральна на вачах усёй групы. Я спачатку думаў яго пераагучваць, танкаваты голас. І раптам на агучванні Арцём забасіў, як сапраўдны мужык.

Ведаеце, на любой карціне бываюць сур’ёзныя адкрыцці. Але так, як у гэты раз, — проста за сэрца бярэ.

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter