Чым сучасная мова адрозніваецца ад той, што была ў слоўніку Скарыны

Старое слова Скарыны

Сёння Францыску Скарыне прыпісваюць шмат прафесій: маўляў, ён і прадпрымальнік, і медык, і батанік. Хутчэй за ўсё, так і было. Але ў гісторыю ён увайшоў як вынаходнік тэхналогій, якія дазволілі кнігу з раскошы і здабытку абраных асоб ператварыць у даступную рэч для народа, для ўсіх «людзей паспалітых». Аўтар друкаванага слова яшчэ і пісьменнік, і мовазнаўца, і стваральнік слоўнікаў, і чалавек, шматграннаму таленту якога мы абавязаны папаўненнем беларускага лексікона. Менавіта на гэтыя яго дасягненні і звернем сёння ўвагу.


Пра 20-томнае факсімільнае выданне Скарыны, якое сабралі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, зараз узгадваецца часта. Але хто-небудзь задаваўся пытаннем, на якой мове яно выдадзена? Усе тэксты першадрукара, яго прадмовы і пасляслоўі, усе літаратурныя першакрыніцы перакладзены на сучасныя мовы: беларускую, рускую і англійскую. Але тое «старое» слова Скарыны жыве і ў XXI стагоддзі. Яно актыўна выкарыстоўваецца не толькі ў прастамоўі, у гутарковай традыцыі, але паважанае літаратарамі і па-ранейшаму з'яўляецца прадметам вывучэння і арыенцірам для навукоўцаў. У чым жа сакрэт Скарыны-лінгвіста?

Якой была наша родная «матчына» мова ў часы Францыска Скарыны? Пытанне па сённяшні час супярэчлівае. Эпоха Вялікага Княства Літоўскага. Вядома ж, тагачасныя гаспадары нашых зямель гаварылі і пісалі на старабеларускай, альбо заходнерускай, мове. Яна тады — пэўны сінтэз царкоўнаславянскага, старажытнарускага і балцкага слова. Ім карысталіся дзяржаўныя асобы, і простыя «людзі паспалітыя», і сам Скарына. У прадмовах да ўласнай трактоўкі Бібліі першадрукар Францыск адзначаў: «Кнігу кніг» ён перакладаў па-руску. Але некаторыя сучасныя навукоўцы даследавалі: у перакладзе Старога Запавету першадрукар Францыск, акрамя старажытнарускай, карыстаўся крыніцай і на чэшскай мове.

Фота Артура ПРУПАСА

—Узорам для яго перакладу стала Біблія венецыянскага выдання 1506 года. Для Скарыны, які быў у Італіі, дакладней у Падуі, не было праблемай набыць такі выпуск. Чэшская і царкоўнаславянская традыцыя — так вызначылі знаўцы мову скарынаўскай Бібліі. У той Бібліі шмат як экзатычных для сённяшняга ўспрымання, так і папулярных слоў. Некалькі гадоў таму беларускі мовазнаўца Уладзімір Анічэнка стаў на чале аналітыкі скарынаўскага слова і з дапамогай каманды Нацыянальнай акадэміі навук стварыў слоўнік Францыска Скарыны. У зборніку — тры тысячы лексем, большасць з якіх маюць агульнаславянскія паходжанне і этымалогію, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Будзько.

Спадчына Скарыны сёння налічвае 520 асобнікаў, дзесяць з іх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

З тых скарынаўскіх слоў, якія перажылі стагоддзі і сёння вымаўляюцца намі: «каханне», «вяселле», «шлюб», «ласка» (у значэнні «міласць») і «стан» (у перакладзе на рускую мову «состояние») . Ёсць у лексіконе (і слоўніку) Скарыны і невыкарыстальныя сёння словы. «Лата» — доўгая палка, «хрысціна» — дубец, «крівда» — хлусня, «певніца» — музыка. Сам Скарына яшчэ ў той час (XV — XVI стагоддзі) разумеў, што не кожнае яго слова будзе зразумела чытачу. Асветнік тлумачыў значэнне сваіх лексем з дапамогай глосаў (паметак на палях). Зрэшты, менавіта Скарыну і лічаць складальнікам і аўтарам першых поўных слоўнікаў беларускай мовы. Так, Скарына не толькі філосаф і першадрукар, але і сістэматызатар роднай мовы. Адкрытыя ім тэхналогіі кнігадрукавання дапамаглі не проста зафіксаваць слоўны рад, яны вынайшлі пэўныя правілы, паводле якіх мы сталі запісваць і агучваць слова. Слова, даступнае для народа, кніга для кожнага з «людзей паспалітых» — заслуга Скарыны перад суайчыннікамі, якія з часоў свайго земляка-асветніка сталі атрымліваць сваю развітую, паўнацэнную і непаўторную мову. Зрэшты, Скарына не толькі ўніфікатар слова і вынаходнік у друкарстве. Ён адзін з першых беларускіх пісьменнікаў і ўжо дакладна першы беларускі паэт!

—Самы ранні твор беларускай паэзіі, напісаны складаным і характэрным для тых часоў сілабічным складам, — верш з Кнігі святога Іова, якая пабачыла свет роўна 500 гадоў таму. Радкі старажытныя, але звярніце ўвагу, яны лёгка ўспрымаюцца сучасным слухачом: «Богу в Троіце едіному ко чті і ко славе, Матері его Пречістыя Маріі к похвале, усім небесным сілам і Святым его к веселію, людям посполітым к доброму наученію». Паэзія ад 1517 года, — дзеліцца навуковец, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання многія выдавецтвы падрыхтавалі серыю публікацый, багата ілюстраваных зборнікаў, шмат публіцыстыкі і нарысаў, прысвечаных першадрукару. Усё гэта складваецца ў вялікую скарбонку прысвячэнняў Скарыне. Яна будзе яшчэ папаўняцца. Несумненна, гэты чалавек заслужыў да сябе такую ўвагу. Дзякуючы яму мы знаёмімся са словамі, якія былі пакладзены ў аснову сучаснай беларускай мовы.

Алеся УЛАДЗІМІРАВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter